Выбрать главу

— Не сляпі вочы. У гэтым начніку трэба памяняць лямпачку. Эканоміць не будзем, — яна гэта часта паўтарала, аднак сама эканоміла — на сабе, на харчы i на адзенні, што было предметам ix любоўнай спрэчкі.

Нядоўга мыла рукі; звычайна даўжэй, як перад аперацыяй, з мылам i шчоткай; Аксён жартаваў з гэтай яе павышанай прагі да чысціні. Села з другога боку стала, хоць рэдка так садзілася, калі ён працаваў: старалася нічым — ні словам, ні рухам — не перашкодзіць яму.

Аксён глянуў на яе i па бляску вачэй, па ўзбуджанасці зразумеў, што ёй не церпіцца нешта расказаць.

— Хочаш, я здзіўлю цябе?

— Толькі не вельмі. Каб не пашкодзіла працы. Я пішу праграму для ВНУ.

Ірына нервова засмяялася:

— Дык слухай жа... Мой ажаніўся з тваёй...

— Цябе гэта здзівіла? Мяне — не. Як казала мая маці: два чобаты — пара. Здзівіла іншае: «мой», «твая»... Іра! Мая былая, твой былы. I Бог з імі. А цяпер ты мая...

— А ты мой. Не, мяне не здзівіла. Пацешыла. Камедыя! Памяняліся жонкамі. Ці, наадварот, мы памяняліся мужамі. Такога Мальер i Чэхаў не прыдумалі. Аднак чаго ў жыцці не бывае. Будуць яны верныя адзін аднаму, як думаеш? Няма з маіх калег нікога блізкага хоць да аднаго з ix...

— Цябе цікавіць, як яны будуць жыць?

— Цікавіць? Не, не цікавіць. Я знаю... Сумленне ў ix... у яго i ў яе...

— Кожны атрымаў, што заслужыў. Я — скарб, якога, можа, i не заслужыў...

— Што ты, Сеня! Ды i што я... прызнаю, што я скарб? Не лічы мяне скарбам!

— Лічу...

— Ты ўпарты.

— Я ўпарты толькі ў працы i ў каханні да цябе.

— Ты прымушаеш мяне чырванець.

— Давай забудзем ix.

— Давай, я забыла, я даўно забыла, — горача запэўніла Ірына. — Мне смешна стала. А смешнае заўсёды цікавае.

— Што ж, я таксама пасмяюся.

Больш яны не вярталіся да гэтай навіны ні ў той вечар, ні ў наступныя дні.

Надыходзіў Новы год. Але надвор'е было зусім не снежаньскае: у шыбы вокнаў барабаніў дождж.

Аксён Пракопавіч сядзеў у «зале» за прасторным сталом — не тое, што кухонны, — i пісаў, абклаўшыся кнігамі, часопісамі, рукапісамі, падручнік па вышэйшай матэматыцы. Праца захапляла, бо занатоўваў усе навейшыя адкрыцці ў гэтай галіне — вучоных свету i свае ўласныя.

Ірына сядзела ў мяккім крэсле i вязала. Яна любіла вязаць, нейкі час рабіла гэта на кухні ці ў спальні. Але прафесар адкрыў новую «формулу»: яму лепш думаецца, калі жонка побач. Яна ніводным словам не перапыняла яго думак, але ён чуў, як яна, зусім па-дзіцячаму, ціха сапіць сваім курносым носікам. У вогуле ёй хацелася, каб ён спыніў працу: занадта ўжо зацята сядзіць, стамляецца.

Ён ведаў, што яна чакае, калі ж нарэшце ён адарвецца ад сваіх формул. Дарэчы, яна цікавілася напісаным i шмат у чым разбіралася — на ўзроўні студэнтаў другога курса, i ён ахвотна тлумачыў ёй вялікія мудрасці сваёй навукі.

Ірына ніколі не дазволіла сабе ўключыць тэлевізар, нават калі муж чытаў газету. Але ён штодня абмяркоўваў з ёю праграму перадач, i яны разам выбіралі фільм ці канцэрт, які будуць глядзець. У ix аднолькавыя густы: любілі канцэрты, музыку i не любілі баевікі, хоць мусілі ix глядзець, бо яны часта ішлі па ўсіх праграмах. Што робяць бацькі, у якіх дзеці ва ўзросце, калі ўсё гэта захапляе? Ірына перажывала:

— Няўжо i там, дома, глядзяць гэта?

— Ты думаеш, для вёскі асобая праграма?

— Загубіць нас цывілізацыя.

— Разумныя людзі знойдуць сродкі абароны ад такой, з дазволу сказаць, цывілізацыі.

— Ты аптыміст. А я...

— Не скажы, што ты песімістка. Не дазволю!

— Новы муж — грозны муж.

Не цытавала Пушкіна дакладна, каб не ўспамінаць старога мужа; пасля таго як прынесла навіну, ні разу не ўспамінала, жыццё з ім — што дурны сон.

Аксён глянуў на гадзіннік.

— Прабач, Ірыначка, помню, што пачаўся канцэрт. Але хвіліначку. Я запішу некалькі думак, а то за ноч магу забыць.

— Пра што ты кажаш! Канцэрт можна глядзець i з сярэдзіны. Ды хіба ix мала яшчэ будзе, канцэртаў! Усе не пераслухаеш...

— Я зараз, я зараз...

Настойліва зазванілі ў дзверы. Ірына ажно ўздрыгнула.

— Хто гэта ў такі час?

Аксён хутка пайшоў да дзвярэй, паглядзеў у вочка. Убачыў выцягнуты твар аднаго чалавека. Не пазнаў — хто. Але аднаго не баяўся — адчыніў. I тут жа з трэскам зачыніў, не баючыся стукнуць дзвярамі па лысіне няпрошанага госця, які нахрапам лез у кватэру.

— Хто там? — гукнула Ірына.

У Аксёна перасохла ў горле i моцна загрукала сэрца.

— Памыліўся...

Але яна не чула ніякага дыялога паміж гаспадаром i тым, хто памыліўся кватэрамі, i выйшла ў прыхожую, уключыла святло. Глядзела на мужа з насцярогай i бадай са страхам. Здагадвалася. Позіркам спытала: «Ён?»