Выбрать главу

Аксён крутнуў галавой:

— Не.

«Не казаць ёй? Можа, няпрошаны госць зразумеў, што яго не пусцяць, i пойдзе...»

He, зноў доўгі званок i грукат кулаком у дзверы.

— Адчыні!

Аксён, моцна ўстрывожаны, глянуў на жонку. Яна стаяла, прытуліўшыся да касяка, i твар яе змярцвеў. Куды падзелася смуглявасць! Пасінелыя вусны прашапталі:

— Божа мойЁ

Аксён злосна крыкнуў:

— Што табе трэба?

— Аддай маю жонку, гад! Зладзюга! Ты ўкраў маю жонку!

— Ты памыліўся адрасам, Камяк! Няма тут тваёй жонкі! Твая жонка на Купалы. Дарэмна ты так далёка ехаў.

— То не мая жонка. То твая. Аддай маю!

Аксён крыкнуў са злосцю — такой, якую бадай ніколі не праяўляў за ўсё жыццё.

— Пайшоў прэч! А то спушчу цябе з лесвіцы! Стукнулі дзверы суседняй кватэры. Жанчына нешта сказала — не разабраць. Камяк мацюкнуў яе. Тады яна сказала выразна:

— П'яная свіння! — i ляпнула дзвярыма.

— Чуў, Камяк, як прыстойныя людзі цябе называюць? Пасаромейся! У міністры лезеш. Вучоны юрыст!

— Аддай, гад, маю жонку! А то я разнясу твае дзверы!

— Яшчэ раз грукнеш — я выклічу міліцыю. I ты вылеціш са свайго міністэрства без парашута!

— Дзе Ірка? Пакажы мне Ірку! Няхай яна скажа!.. На каго яна прамяняла мяне?.. Мяне! Ды ты знаеш, хто я?

— П'яны дурань.

— За абразу я на цябе падам у суд.

— Давай, давай. Найцікавейшы працэс будзе. Хвіліну «госць» перад дзвярыма бубніў нешта неразборлівае, потым сказаў плаксівым голасам:

— Ах, вы так? Дык я лягу перад вашымі дзвярамі i... памру. Памру! Няхай людзі скажуць...

Што скажуць людзі, Аксён Пракопавіч не пачуў, бо Ірына ўчапілася ў яго рукаў, адвяла ад дзвярэй, горача зашаптала:

— Сеня, ён сапраўды можа легчы, п'яны ён, што вар'ят... дурны. Калі ён ішоў ад тралейбуснага прыпынку, то прамок. A ў нас у пад'ездзе скразняк. A ў яго мінулай зімой было запаленне.

— Добрая душа. Дык, можа, адчыніць яму? I падставіць яму морду? Няхай б'е. Некалі хацеў пабіць яго... I ад гэтага п'янага жадання атрымаў шчасце — цябе.

— А што рабіць? Што?

Камяк змоўк, але гукі за дзвярамі засведчылі, што ён сапраўды лажыцца.

Тэлефонны апарат стаяў у прыхожай на палічцы. Аксён Пракопавіч набраў нумар i гучна крыкнуў:

— Міліцыя!

Ірына павісла на яго руце.

— Не трэба, Сеня, не трэба!

Ён прашаптаў:

— Не перашкаджай. Я набраў нумар сваёй кафедры.

У яе здзіўлена расшырыліся вочы. А ён зноў гукнуў:

— Міліцыя! Да нас у дзверы ломіцца п'яны хуліган. Пагражае. Хто гаворыць? Прафесар Крапіўка. Наш адрас... Выязджаеце? Прашу хутчэй! Я бяссільны даць яму адпор. I суседзі баяцца.

Ірына прытулілася да яго.

— Які ты вынаходлівы.

— Цішэй. Чуеш?

За дзвярыма пачулася крахценне, лаянка, а потым, сціхаючы, злыя крокі на лесвіцы — Камяк уцякаў.

— Нахабнік i трус!

Ірына нервова засмяялася.

— Перашкодзіў дапісаць старонку. Ну, ды Бог з ёю. Будзем слухаць музыку. Яна супакойвае. Пра яго забудзем.

Нейкі час глядзелі i слухалі канцэрт моўчкі.

Але Ірына не стрымалася, уздыхнула.

— Баязлівец i ... п'яны дурань. Але мне шкада яго. Несалодка, відаць, з Ядвігай...

— Выкінь з галавы, Іра! — бадай сурова загадаў Аксён.

Яна сцялася, захуталася ў пуховую хустку.

— Я даўно забылася. Даўно. I каб ён не з'явіўся...

— Не верадзі душу. Ты ж добра знаеш фантазію п'яных.

— Яго фантазіі я знаю. Перад суседзямі няёмка.

— Растлумачым. Няхай пасмяюцца. З нас смяяцца не будуць. Бачаць, як мы жывём.

— Дзякуй табе, Сеня.

— Табе дзякуй, Іра, — павярнуў галаву i пацалаваў яе шчаку, да якой вярнулася заўсёдная смуглявасць. Яна ўзяла яго руку i пацалавала, чым збянтэжыла яго, хоць цалавалі яны рукі адно аднаму сотні разоў. I столькі ж прызнаваліся ў каханні — як юныя. I на гэты раз Ірына не ўстрымалася:

— Я люблю цябе, Сеня.

— А я дзякую Богу, што ён падарыў мне тваё каханне.

7...

Аксён Пракопавіч выйшаў з двара бальніцы i ўбачыў сваю былую жонку. Ядвіга спускалася з ганку прыёмнага пакоя з пакетам у руцэ.

У яго не было ніякага жадання сустракацца з ёй, але сутыкнуліся тварам у твар — не схаваешся.

— А, Аксён! — бадай радасна выгукнула жанчына. — Здароў, прафесар!

— А-а, ты, — ён як бы здзівіўся. — Наведвала кагось?

— Не. Сама выпісалася.

— Хварэла? Што з табой?

— Ты не ведаеш, з чым ляжаць у гэтай бальніцы? Калі была з табой, я двойчы аказвалася тут — у «камандзіроўках». Ад цябе тайна. Ты — карась-ідэаліст, не зразумеў бы. А ты чаго аціраешся каля бабскай бальніцы?