Выбрать главу

Маша пісала радзей, i я пакутаваў ад прыступаў дурной рэўнасці, ажно пакуль яна не напісала, што ў нас будзе дзіця. Вельмі ўзрадавала гэта мяне i неяк душэўна заспакоіла.

Пра пачатак вайны я, бадай, поўна i аўтабіяграфічна напісаў у аповесці «Агонь i снег», якую крытыкі прызналі лепшай у пенталогіі. I ўжо ў старасці дапоўніў паказ свайго ўдзелу ў абароне Мурманска ў рамане «Зеніт». Пра воінаў-дзяўчат хацелася напісаць даўно, але, прызнаюся шчыра, баяўся Машынай... не тое што рэўнасці, пэўнага незадавальнення, а ёй жа перадрукоўваць вялікі раман. Баяўся дарэмна: «Зеніт» яна ацаніла гэтак жа высока, як i «Сэрца на далоні», «Атланты...», «Гандлярку...». А жонка мая была самым аўтарытэтным крытыкам i ніколі не памылялася: што хваліла яна — хвалілі ўсе, калегі i чытачы, што прымала з маўклівым скепсісам — тое i ў чытачоў не выклікала захаплення.

Месяцы праз два пасля пачатку цайны я атрымаў Машын ліст, што ў нас 10 ліпеня нарадзілася дачка; пісала яна яшчэ з бальніцы ў Холмечы, немцы былі пад Смаленскам, а на палескім напрамку не ўзялі яшчэ Гомель. Навошта ім было лезці ў балоты? Варожая авіяцыя няспынна (палярны ж дзень!) бамбіла порт, станцыю, горад. Батарэя, дзе я ўжо камандаваў разлікам, выпускала сотні снарадаў за суткі. Не веру тым, хто сцвярджае, што краіна не рыхтавалася да вайны. Адкуль на далёкай поўначы было столькі снарадаў? I пазней, калі фіны перарэзалі Кіраўскую дарогу, мы ніводнай гадзіны не заставаліся без боепрыпасаў.

У такой напружанай абстаноўцы, пад бомбамі, я пісаў Машы пра сваю радасць ад нараджэння дачкі. Я верыў у жыццё! Я верыў, што яна эвакуіруецца, не задумваючыся, як гэта зрабіць з грудным дзіцем. Думаю, што лісты тыя ў Беларусь палявая пошта ўжо не адсылала.

Пачаліся пошукі блізкіх па радыё — штодзень перадавалі пасланні франтавікоў i тых, хто паспеў выехаць у глыбокі тыл. Гэта былі кранальныя пісьмы, асабліва калі людзі знаходзілі адзін аднаго: «Дарагі Ваня! Мы пачулі тваё пісьмо. Я з дзецьмі знаходжуся ў Куйбышаўскай вобласці, мой адрас...».

Я напісаў некалькі лістоў на радыё, шукаючы Машу. I нейкая «жартаўніца» адказала на мой палявы адрас. Вельмі ўсхвалявала мяне гэтае пісьмо. Почырк не Машын. Але подпіс «Твая Маша» i паведамленне, што з Гомеля мы выбраліся шчасліва, што Леначка здаровенькая. Што гэта было? Недзе ваяваў яшчэ адзін Іван Шамякін? Але чаму жанчына не дала свой адрас? Жарт? Для такога часу вельмі жорсткі. З пошукамі блізкіх так не жартавалі. Прысылалі пісьмы ў адказ на радыёпошук, але сур'ёзныя, шчырыя. Адзін такі ліст — Жэні Бугровай, якая выехала ca Смаленска ў Свярдлоўск, стаў пачаткам нашай доўгай перапіскі. Колькі пісем я напісаў ёй ужо з Гомеля, тайна ад Машы. Тая мне «да запатрабавання» на Гомельскі паштамт адказала хіба аднойчы, бо ў канцы вайны была прызвана ў армію i там выйшла замуж. Але я ўдзячны ёй за... «літаратурную практыку». Яна была адукаваная дзяўчына, начытаная, пісала цікава, з развагамі на шмат старонак. Зразумела, што я стараўся, як кажуць, «не ўдарыць тварам у гразь». Яна мне пра раман Дастаеўскага, якога я да вайны не чытаў, я ёй — пра баявыя подзвігі, рэальныя i сачыненыя. Чамусьці я ёй сачыняў з лёгкай душой, лічачы гэта не маной, а творчасцю; гэта развівала маю фантазію. Я набіваў руку «як сачыніцель». Пісьмы былі доўгія; пасля перадыслакацыі ў Петразаводск i далей — у Польшчу i Германію — турбот з паперай не было. З нашых лістоў можна было сачыніць «раман у пісьмах». Але яе пісьмы Маша спаліла — не паверыла, што мы не бачылі адзін аднаго.

У «Начных зарніцах» пачатак біяграфічны з выдумкай эпізоду з нямецкімі дыверсантамі. I сям'я Траянавых — сям'я Кротавых: той жа бацька, зварот сясцёр, сына ў родную хату, што прымусіла мачыху пакінуць яе. «Баявыя эпізоды» — мастацкі вымысел. Не было ў Церусе маладзёжнага падполля. Але людзі ваявалі, у прыватнасці бацька — Філат Азаравіч Кротаў. Нейкі час ён рабіў пісарам пры старасце. Прыйшлі нашы — Філата «замялі»: служыў немцам. Аплакалі дочкі бацьку. I плакалі, i лаялі: прасілі ж не ісці на службу. Але праз ты дзень ці два Філат Азаравіч вярнуўся. I тады толькі расказаў дочкам усю праўду. Былы партызанскі камандзір, які заняў у Гомелі высокі пост, пацвердзіў яго паказанні органам: не сам ён пайшоў лічыць пастаўкі акупантам — па заданні партызан, доўга з'яўляўся ix сувязным. Але даведак стары ні ў кога не ўзяў i праз некалькі гадоў райком партыі адмовіў у прыёме ў рады КПСС яго сыну Мікалаю, інваліду вайны, загадчыку фермы, з-за таго, што бацька, па чутках, запэцкаў сябе ў акупацыю. Доўга разбіраліся.

«Пошукі сустрэчы» — суцэльны вымысел. Акрамя аднаго эпізоду: пахода Сашы-Машы за Дняпро, да сваёй былой гаспадыні Ані. Маша расказала: сасніла сон, што я там. У вайну верылі снам, варажбе. Не магла не пайсці. Можна ўявіць сілу яе пачуцця, прагу ўбачыць мужа, калі ўлетку 1942 года ў час разгулу i сапраўдных партызан, i бандыцкіх атрадаў (былі такія, я апісаў правакацыйны «партызанскі» атрад яшчэ ў «Глыбокай плыні») пайшла па дзікіх балотных, лясных мясцінах міжрэчча, праз паліцэйскія гарнізоны ў Дзятлавічах, Холмечы, Рудні. Акрамя злых людзей, у вайну i ваўкоў развялося незлічона.