Акрамя гэтага паходу, Маша рызыкавала неаднойчы i разоў колькі была на краі гібелі. Ішла ў Навабеліцу (20 кіламетраў), каб выменяць нейкія два дзесяткі яек на соль; соль была галоўным дэфіцытам. Апраналіся для такіх паходаў маладыя пад старых бабуль — у лахмоцце, нават валасы пасыпалі попелам i пэцкалі твар. Абагнаў грузавік з нямецкімі салдатамі. Магчыма, па абрысе вузялка ўбачылі фрыцы, што нясе бабуля. Адзін «знаўца» мовы закрычаў:
— Матка! Яйкі дай, дай-дай — i ту-ту марш на Хомель, — падвязём, маўляў.
Маладая гарэзлівасць часам i ў незвычайных абставінах штурхае на неабдуманыя ўчынкі. Маша паказала аматару яек фігу. Абураны фашыст ускінуў аўтамат. Шчасце — сусед яго (былі i сярод немцаў людзі) ударыў па аўтамаце, i чарга высекла іскры на шашы. Смерць, гвалт падсцерагалі на кожным кроку. Але трэба было жыць! Філат Азаравіч i Мікалай, выдатныя бандары, рабілі бочкі. Але як прадаць ix? Зімой Вольга i Маша запрагаліся ў санкі-самацяжкі, грузілі на ix бочкі адна ў адну i везлі ў Навабеліцу (у Гомель праз мост цераз Сож з такім грузам не пускалі) ці часцей (лепшы «бізнес»!) — на Украіну, у Рэпкі — за трыццаць вёрст. Туды i назад — 60! Унучкі нашы не верылі, калі бабулі расказвалі ім пра такія паходы. Мне сорамна за ўнучак, якім ад Ждановіч да дачы (тры кіламетры) прайсці клопат. Гераіняй жонка мая i яе старэйшая сястра Вольга, святая праведніца, сябе ніколі не выдавалі. Але помнячы дурныя лыжныя паходы ў Запаляр'і (да вайны) на 20-30 кіламетраў, я з вялікай натугай мог уявіць, як дзве згаладалыя жанчыны цягнулі санкі з бочкамі. Выйгрышны эпізод для аповесці, але я не выкарыстаў яго, гераічныя сцэны падпольнай дзейнасці здаваліся больш натуральнымі, чым суровае жыццё.
Прывезлі за бочкі нейкі пуд ячменю, панесла Маша на млын, засыпала, i ў гэты момант верхні жорнавы камень раскалоўся, цяжкія кавалкі праляцелі міма жанчыны з двух бакоў. Збялелы млынар кінуўся да яе:
— Цэлая? Ну, дачка, доўга жыць будзеш.
На жаль, нядоўга. 77, здаецца мне, так мала! У такім узросце Талстой запісваў: «В старости отмирают способности, внешние чувства, которыми общаешься с миром: зрение, слух, вкус, но зато нарождаются новые не внешние, а внутренние чувства для общения с духовным миром, — и вознаграждение с огромным излишком. Я испытываю это. И радуюсь, благодарю и радуюсь».
У Машы гэтае пачуццё общения з духоўным светам нарадзілася пасля смерці Сашы, i гэта зрабіла яе яшчэ больш добрай да ўсіх блізкіх, да ўсіх людзей. Чаго яна страшэнна баялася — што пасля нашай смерці дзеці будуць судзіцца за маёмасць, нажытую бацькавай працай. Шмат разоў прасіла напісаць завяшчанне. Пісаў разы тры, у дзённіку пісаў, але да натарыяльнага афармлення не давёў — з-за інерцыі ці з пачуцця няёмкасці перад людзьмі. Можа, спадзяваўся на дзяцей. I, відаць, дарэмна. Маша мела больш жыццёвай практычнасці.
Дывізіён стаяў у Кандалакшы, калі пачалося ўвосень 194З года вызваленне таго кутка Гомельшчыны, дзе жылі мае бацькі, дзе была Церуха; я не сумняваўся, што калі яна не паспела эвакуіравацца (з грудным дзіцем!), то, безумоўна, перажыве навалу толькі ў бацькоўскай хаце. З хваляваннем i страхам прыліпаў я да рэпрадуктара, шчасце мае было ў тым, што пасада камсорга дывізіёна не толькі дазваляла мне слухаць у штабе радыё, але i абавязвала: першы прапагандыст, я павінен быў несці навіны афіцэрам i салдатам.
Ура! Вызвалена Злынка! Значыць, i Камень — мае бацькі. Тут жа пішу ліст, не адзін, пасылаю запар штукі тры. Во я, ваш сын, жывы-здаровы! Ці былі весткі ад Машы, да вайны яна пісала ім, пра што паведаміла мне. Ці ёсць вестка ад Паўла, брата майго?
Вызвалілі Церахоўку. Але райцэнтр за 40 кіламетраў. Нарэшце блізка — Дабранку. I толькі дні праз тры ў зводцы Саўінфармбюро назвалі родную майму сэрцу Церуху. Пісьмы былі ўжо напісаны, i я адсылаў ix ледзьве не штодня, пакуль не атрымаў адказ. Маша, родная, любая мая, i маленькая Ліначка! Я жывы! Я жывы. Як вы? Як вы? Гэта былі не безгалосыя словы. Гэта быў крык i радасці, i страху: a калі прыйдзе трагічны адказ? Толькі франтавікі з раёнаў, якія былі пад акупацыяй, могуць зразумець мае пачуцці — незвычайнае чаканне невядомасці: радасці ці цяжкога гора. Між іншым, раней, чым ад бацькоў, я атрымаў вестку ад Машы. Ад радасці я заплакаў. Парторг Канстанцін Калбека (я хораша апісаў яго ў «Зеніце»), з якім я жыў у адной зямлянцы, чалавек іранічны i скупы на выяўленне пачуццяў, таксама расчуліўся да слёз. Я прачытаў яму ліст ад Машы, пра якую да таго расказваў неаднойчы, i ён, бацька траіх дзяцей, якія жылі ў Маскве, іранічна хмыкаў на маё захапленне: