— Мала яна табе піша.
Ударыў што абухом. Сапраўды, чаму так мала, так скупа? Пасля больш чым двух гадоў болю, трывогі, страху! Перад вайной, калі яна хадзіла ў Артуках цяжарная, яе пісьмы ўсе больш набліжаліся да маіх па сваей рамантычнай узнёсласці, радасці, смутку i болі, што так доўга яшчэ чакаць канца маёй службы. Я суцяшаў абяцаннем, што, калі міне год, абавязкова прыеду на пабыўку. А тут — як ваеннае данясенне: дзякуй Богу, перажылі i ў яе сям'і ўсе жывыя. Нават нейкая дзіўная рэўнасць з'явілася: выходзіць, не сербанулі гора, ЯК многія іншыя?
Паток маіх пісем як бы разварушыў Машу, яна душой адчула, як я прагну падрабязнасцей, i пачала пісаць даўжэй, расказваць пра жыццё ў акупацыі. Між іншым, i пра тое, што пасля таго, як сасніла мяне, пайшла ў Артукі. «Куды толькі ні хадзіла — не баялася, а тут баялася, калі ішла праз балота, усіх: людзей, ваўкоў i дзікіх сабак». : > gft
Кранула моцна такая даверлівасць: аднаўляліся тыя адносіны, якія мы выказвалі адзін аднаму ў даваеннай перапісцы. r И
Прыйшло нярадаснае пісьмо ад бацькоў: «А Павел не піша. Ці жывы ён? Можа, ты напісаў бы высокаму начальству». ^U'j*
Наіўныя мае бацькі! Пасля вайны я разы чатыры пісаў у Падольскі архіў. Кожны раз называлі розныя франты i розныя часці, дзе служыў Шамякін Павел Пятровіч. Я выступіў у «Известиях» з прэтэнзіямі да архіву. Напісалі некалькі франтавікоў, з імі служыў Павел. Але зноў-такі розныя франты, розныя адрасы i даты гібелі.
I ўсё роўна адчуваю віну перад памяццю брата: не давёў пошукі да канца, залішне паглыбіўся ў сваю літаратурную працу, а можа, нейкі час i купаўся ў праменнях славы. Ганьба мне! Цяпер ніякія выданні, ніякія прэміі мяне не цешаць, хіба трохі радуюць, што даюць нейкі лішні мільён (жах! усе паняцці пераблыталіся, свет перавярнуўся дагары нагамі).
Бязлітасны быў да сябе Талстой i запісваў у дзённік: «Удивительное дело: я знаю про себя, как я плох и глуп, а между тем меня считают гениальным человеком. Каковы же остальные люди?»
А ён любіў гэтых людзей. I я люблю. Веру, што такіх, як Маша, як Вольга, нямала.
Цяпер аплёўваюць савецкі час. A між тым у хвалёных дэмакратаў нічога не расце, a ўсё рушыцца. А як хутка аднаўлялі жыццё саветы нават у ваенны час.
Адразу ж пасля вызвалення работнікі толькі што адноўленага райвыканкама, у большасці інваліды, хадзілі, ездзілі па вёсках, бралі на ўлік настаўнікаў, медыкаў, аграномаў. Асабліва дэфіцыт быў урачоў, фельчараў, бо ix прызвалі ў армію яшчэ ў пачатку, усіх — мужчын i жанчын. Машы прапанавалі месца ў Маркавіцкай бальніцы, гэта кіламетраў за дваццаць ад Церухі, праз лес, які я ў маленстве вытаптваў, пасучы каровы, збіраючы грыбы, ягады, носячы паперкі: пошта з лясніцтва ішла эстафетай — ад лесніка да лесніка.
Акрамя фельчарскіх абавязкаў — інваліды на перавязкі ішлі толькі да яе, яна загадвала аптэкай. Простая праца? Не, не простая. У яе абавязкі ўваходзіла ездзіць па лекі, нешта выдзялялі i цывільнаму насельніцтву. Нельга было інвалідаў пакінуць без ёду i бінтоў! A ездзіць трэба было ў Гомель у аптэкаўпраўленне — за сорак кіламетраў. Ездзілі на бальнічным кані. Спачатку з конюхам-інвалідам, але здароўе не заўсёды дазваляла яму, таму нярэдка ездзіла сама. Начавала там жа, у аптэчнай канторы, бо меўся закрыты двор — паставіць каня. Украсці каня ў Гомелі маглі як піць даць. На мяса. Вайна зрабіла ўсіх татарамі, нават мая маці пачала есці каніну. Але ў Гомелі ўжо быў парадак.
— A дарогі ты не баялася? Праз такі лес? Да чорта ж дэзерціраў было, паліцэйскія былыя хаваліся.
— Былі. Аднойчы ў бальніцу заглянулі ўначы па перавязачны матэрыял. Але ты знаеш, я ix чамусьці не баялася. Я не думала пра ix. Адзіны клопат: як там Лiначка адна? Ці накормяць яе гаспадары?
У Гомель яна ездзіла, у Церуху амаль кожную нядзелю хадзіла, каб у добрых цётак сваіх сабраць які дзесятак яек для малой.
У 1944 годзе эпідэмія сыпняку. У бальніцы, разлічанай на дваццаць ложкаў, ляжала на падлозе да сотні чалавек. Паміралі. Дзяўчына, з якой я канчаў тэхнікум, Насця (не магу ўспомніць прозвішча) памерла. Натуральна, што ў такіх умовах Маша не магла не заразіцца тыфам i дачку заразіла. Хварэлі вельмі цяжка, з высокай тэмпературай, з трызненнем, непрытомнасцю. Кватаравалі ў набожных старых. Але «святыя» гэтыя не ўступілі фельчарыцы чыстую палавіну хаты, тулілася з дзіцем у трохсценку, за шырмай каля печы. «Адна выгода, што зімой цёпла было». Калі захварэлі Маша, Ліна, дачка набожнай пары, праведнікі гэтыя, баючыся заразіцца, ні разу не наблізіліся да хворых, не падалі вады. Вельмі гэта пасля абурала Машу: калі расказвала, яе ажно ліхаманіла. Андрэй Макаёнак колькі разоў спыняў яе: М I