Выбрать главу

— Не трэба, Маша! Не трэба ніякіх успамінаў! Бог ім суддзя.

— Не хачу ім боскай кары, але забыцца не магу. Такой неміласэрнасці нідзе не бачыла.

Ратавалі ix, хворых, тыя ж інваліды: прыносілі прадукты, хто што меў, гаіла ix чалавечая дабрыня, побач з душэўнай жорсткасцю гаспадароў яна, дабрыня ix, была асабліва дарагой.

— А тыя двое «святых» i пасля таго, як я i Ліна ачунялі, не саромеліся прасіць у мяне рыбін тлушч, на якім смажылі бульбу.

(Больш за ўсё мяне здзіўляў гэты тлушч: калі ішла такая вайна, сельскай бальніцы адпускалі па бутлі рыбінага тлушчу. Загадка! Як для мяне з'яўляецца загадкай, што ў 1941-1942 гадах у Мурманску ў зенітчыкаў не было гадзіны, каб не хапала снарадаў. Аднак я паўтараюся.)

Кротавы ўсе былі спагадныя: з Церахоўкі хадзіла старэйшая сястра Вольга, якую ж адразу пасля вызвалення заклікалі на пошту, з другога боку, з Церухі, за такія ж 20 кіламетраў хадзіла пятнаццацігадовая Клава, несла перадачы ад цётак, цётка Вася Ермакова, суседка Маня Кротава i ў акупацыю самі недаядалі, а неслі яйка, крыначку малака, лустачку сала Ліне. Вялікая сіла — чалавечая дабрыня! Адкрыўся фельчарска-акушэрскі пункт у суседняй Пракопаўцы, i Маша папрасілася ў загадчыцы аддзела аховы здароўя туды. Прычына была дзіўная: ёй пачаў аддаваць знакі мужчынскай увагі галоўурач Лебедзь. Маша спалохалася: што пра яе можа падумаць жонка ўрача, таксама ўрачыха, ды i іншыя людзі? Не дай Бог, нядобра. Сумленне, жаночы гонар, вернасць мужу для яе былі вышэй за ўсё. Такой яна заставалася ўсё жыццё!

Пераехала яна ў Пракопаўку — тую, праз якую я хадзіў з Воленкі ў сёмы клас. Пракопаўка толькі часткова гарэла. У парку захаваліся некаторыя будынкі — былы панскі дом, двухпавярховы дом для абслугі, даваенны драўляны дом канторы саўгаса, у якім размясціліся сельсавет, медпункт, пошта. Машу з дзіцем падсялілі ў пакойчык цаглянага дома да сям'і пагарэльцаў — сям'і франтавіка, будучага старшыні калгаса Панаса Баранава, з якім я пасля сябраваў не адзін дзесятак гадоў.

Жонка Панаса Глаша, маці яго, дзеці Ніна i Грыша былі людзьмі высокай сялянскай маралі. Яны не прыкідваліся дабрадзеямі, як тыя маркаўскія, але выяўлялі сапраўды хрысціянскую евангельскую дабрачыннасць.

Маша пасля расказвала:

— Жыццё шасці чалавек у маленькім пакойчыку (я пасля жыў у гэтым пакойчыку тры гады i напісаў там «Глыбокую плынь») была пасля Маркавіч раем...

— Добры рай!

— Не жартуй. Ты не ўяўляеш, як гэта грэе, калі чужыя людзі як свае. Я бегала цэлы дзень па вёсках (сем вёсак!) i была спакойная, бо ведала, што дзіця будзе дагледжана, накормлена. Мы жылі адной сям'ёй. Усё ў адзін кацёл: ix малако, гародніна, мой паёк... I праца задавальняла — самастойнасць. Інваліды i тут мяне любілі. I жанчыны, удовы.

Маша скупа пісала пра свае пачуцці, ды i пра жыццё сваё, не так, як я, сачыніцель: мае пасланні — раздзелы будучых раманаў, аповесцяў. Але вусна Маша расказвала цікава, жывапісна i пра падзеі, i пра людзей, i гэта давала багацейшы матэрыял для напісання тых твораў, падзеі якіх я сам не перажыў, як у «Глыбокай плыні». Вясковыя падзеі жыцця Маеўскіх (прататыпаў Кротавых) расказала Маша, партызанскія — чалавек, які жыў за сцяной, з якім я працаваў разам, — старшыня сельсавета Іван Сяргеевіч Бібікаў, былы партызанскі камандзір, які перажыў жудасную трагедыю: немцы i паліцаі расстралялі ўсю яго сям'ю — маці, жонку, траіх дзяцей. Выпіўшы, Бібікаў кожны раз плакаў. Яго гора рвала маё сэрца. Думаю, такая блізкасць прататыпаў герояў абумовіла поспех першага майго рамана; зачытвалі яго да дзірак, так пасля чыталася хіба «Сэрца на далоні». Праўда, варта зрабіць папраўку на час: пасляваеннае бяскніжжа i адсутнасць такой «заразы», як тэлебачанне, ды i радыё ў тыя гады, i кіно на сяле былі рэдкай раскошай.

Даволі гісторыі стварэння «Глыбокай плыні», каб паказаць, якім незаменным памочнікам была жонка ў працы маладога пісьменніка, філалагічна слаба адукаванага. Але ніжэй я прывяду i іншыя прыклады. Вобраз Машы быу бы няпоўны без гэтай яе дапамогі мне, непрыкметнай, незаўважнай, арганічнай, як само жыццё — наша шчаслівае жыццё.

Я парушыў паслядоўнасць апісання, праца над раманам больш арганічна ўпісалася б у наша пракопаўскае жыццё. Але як напісалася — так напісалася, гэта не раман, каб вывяраць кампазіцыю i ўсе іншыя дэталі яго. Гэта плынь успамінаў. А яна зусім не роўная, не спакойная — яна бурная, i розныя перыяды па-рознаму ўспамінаюцца. I ў розны час. Часцей за ўсё ў бяссонніцу. Прайшло два месяцы, як не стала яе, маёй Машы, а боль не сціхае. Бывае, што ўспаміны плывуць спакойна, а бывае, што хочацца выць, як раненаму зверу. Жывуць на дачы Ліна, Таня, унук, унучкі, Вольга Філатаўна, а мяне гняце адзінота. Учора пасля пасяджэння рады СП Рая Баравікова i Валянціна Коўтун пачалі выказваць спачуванні, i я заплакаў; жанчыны ажно збянтэжыліся: такі стары дзед плача! Што ж, стары — тое ж дзіця, але дзіця разумнае. Талстой запісваў у дзённіку: «Чем старше я становлюсь, тем воспоминания мои становятся живее. И удивительно, вспоминаю только радостное, доброе и наслаждаюсь воспоминанием не меньше, иногда больше, чем наслаждался действительностью».