I другі выпадак, які яшчэ больш спалохаў мяне, бо здарыўся ўжо пасля вайны ў Ландсбергу, былым нямецкім горадзе, які перайшоў Польшчы. Быў спякотны чэрвеньскі ці ліпеньскі дзень. I мы, расслабленыя мірам, дэмабілізаваўшы палову асабовага складу — дзяўчат, не маючы баяздольнасці, загаралі ў прамым i переносным сэнсе. Перабраліся на другі бераг імкліваплыннай Варты, на абсталяваны немцамі пляж (вайскоўцаў пускалі па адноўленым яшчэ ў вайну чыгуначным мосце), мы адпачывалі, як курортнікі, — купаліся i загаралі. I раптам крык на рацэ. Тоне дзяўчына. Мяне скаланула: a калі наша, ca шпіталя ці з часці? Загінуць пасля вайны! Плавец я быў не высокай вывучкі, Сож каля Гомеля ні разу не адважыўся пераплыць. А тут апантана кінуўся ратаваць. A ўмення ж ніякага. Дзяўчына схапіла маю руку i так сціснула, што паралізавала, сінякі засталіся. Мы ныралі, сёрбалі ваду. Нас несла на ўзарваны мост. Ударыліся б аб вострыя жалезныя пруты — i амба! Ды раптам адкуль ні вазьміся ваенны кацер. Маракі падляцелі, двое кінуліся ў раку i ўмела ўзвалаклі нас на кацер. Дзяўчына аказалася полькай — з тых, што першымі асвойвалі новыя землі. Маракі ведал! яе.
Эпізод гэты я апісаў у «Мосце», рэтраспектыўна, — як Пятроў успамін. Пра яго напісаў Машы, яўна пахваліўшыся: во які я герой! Пра Коўду не пісаў, каб не спалохаць: i паездкі мае небяспечныя.
Сталы ўжо, я ледзьве «не аддаў канцы» ад цяжкіх аперацый. Але жыву. Жыву. А Машы няма. Я пісаў, як у вайну смерць пралятала над ёй. Але... лес? Выходзіць, не можа ён, лес, увесь час быць шчаслівым. Траціць сваю станоўчую энергію?
I зноў жа Талстой; разгарнуў учора том i прачытаў: «...всё-таки основа и разума и всей духовной жизни есть способность воспоминания».
Нельга не пагадзіцца. Але памяць нярэдка падводзіць. Думаю пра Машу, пішу, а не ўспомніў, што сёння роўна два месяцы, як яе не стала, Вольга напомніла, i мне зрабілася нядобра. Вінюся, Маша. Няхай нішто не патрывожыць тваю душу.
Мы недакладна ведал i дзень яе нараджэння. Паўстагоддзя адзначалі 17 сакавіка. A ў мінулым годзе выпад кова выявілі, што ў пашпарце запісана 7 сакавіка. Хто памыліўся: сама Маша ці пашпартыст? Вольга кажа, што бацька ix, Філат, называў апошнюю дату. Але бацька пры ўсёй сваёй начытанасці ніколі не віншаваў дачок, бо наўрад ці помніў даты нараджэння ўсіх шасцярых дзяцей. Але затое Маша помніла дні нараджэння не толькі сваіх дзяцей, унукаў, але пляменніц, пляменнікаў, ix дзяцей — яе дваюрадных унукаў. Кожнаму са сваіх рабілі свята, мне — цэлы юбілей. Свае імяніны любіла, але без чужых гасцей, акрамя хіба Андрэя Макаёнка. Ён не забываў павіншаваць, i гэта яе кранала, хоць знакі павышанай увагі да асобы сваёй не любіла. Клопат пра іншых быў сэнсам яе жыцця. Калі Андрэй, развёўшыся з Ленай, адзін жыў на дачы i не з'явіўся на мой дзень нараджэння — 30 студзеня, Маша ўстрывожылася:
—Захварэў.
— Можа, забыўся?
— Не мог ён забыцца!
I на другі дзень я паехаў да яго, даехаў на машыне да «Беларусі», а там два кіламетры таптаў сцежку ў снезе, які валіў усю ноч. Андрэй з высокай тэмпературай ляжаў у непрапаленай дачы.
Аднак залішне пакручастая сцежка маіх успамінаў. З такімі адхіленнямі не выберашся з ix за многія месяцы. A колькі мне Бог адвёў жыцця? Нехта з французаў, здаецца, сказаў: «Трэба мець час, каб напісаць коратка». Я ніколі не ўмеў пісаць коратка, як Янка Брыль. Я меў мала часу? Можа, i мала. Але мне зайздросцілі, што я напісаў шмат. Цяпер не зайздросцяць, бо няма перавыданняў, i творчасць наша ў мінулым; рушылася дзяржава — рушыліся таленты, час параўнаў усіх нас, працавітых i гультаяватых, таленавітых i не вельмі. Літаратура — дама капрызная i здрадлівая. Мне плакаць хочацца за лёс драматурги Макаёнка, прозы Мележа, паэзіі Панчанкі. Тыя, хто нібыта ваюе за нацыянальнае адраджэнне, калі ўгледзецца, спіхваюць з п'едэстала нават Купалу i Коласа, каб заняць ix месцы. Божа, наколькі вышэй была мая Маша. Яна ні на хвіліну не займала чужога месца, толькі сваё, адведзенае ёй Богам i жыццём!
5...
Лета 1944. Пачалося вялікае наступление амаль усіх франтоў. Карэльскі рушыў на дзень ці два раней Беларускіх — глабальнай аперацыі «Багратыён». У канцы чэрвеня вызвалілі Петразаводск. I літаральна на другі дзень 33-ці асобны зенітна-артылерыйскі чырвонасцяжны дывізіён быў зняты з пазіцый у Кандалакшы, Афрыкандзе, Коўдзе i пагружаны ў саставы. Не рабілі тайны, куды перакідваюць.