Я выказваў сваё здзіўленне наяўнасцю снарадаў у Мурманску — ні гадзіны без снарадаўі Я гэтак жа здзіўляюся дагэтуль: адкуль браліся вагоны? Два дні — i два саставы!
Гэтую i ўсе наступныя перадыслакацыі — ад Петразаводска да Ландсберга на Варце — я падрабязна напісаў у рамане «Зеніт». Хіба магу адзначыць наша спакойнае, бадай мірнае (Фінляндыя выйшла з вайны) жыццё ў сталіцы Карэла-Фінскай рэспублікі. Кармілі па тылавой норме. Але для мяне была радасць: мора выдатнай паперы; у Кандалакшы апавяданне «У снежнай пустыні» я напісаў на руска-фінскім слоўніку; паперу на лісты (а дзяўчаты любілі пісаць) выдавалі з большай ашчаднасцю, чым сто грамаў франтавых, якія старшыны палавінілі: выгадвалі сабе i начальству.
Я «купаўся» ў паперы. Але не помню, каб напісаў штось вартае ўвагі, як «У снежнай пустыні». Я пісаў лісты Машы. Я закідваў яе пісьмамі з доўгімі развагамі аб нашым каханні, аб нашай будучыні — пасля вайны. Шкадую, што тое не захавалася, яно было б цікавым дакументам часу.
Маша адказвала не так часта i коратка. Без любоўных излияний — не любіла сантыментаў. Да таго ж у яе не было часу. Тут формула працавала сваім прамым сэнсам: якраз адсутнасць часу вымушала пісаць лаканічна, без тых адступленняў, разваг, вадзяністай філасофіі, якія дазваляў сабе я, камсамольскі прапагандыст, * пачынаючы пісьменнік. Але не толькі гэтымі якасцямі было абумоўлена маё частае пісанне. Я жыў каханнем да жонкі, любоўю да дачкі. Я лічыў сябе шчаслівым чалавекам — яны ёсць у мяне. Бадай, ніхто з маіх равеснікаў, прызыўнікоў апошняга мірнага года i ваеных гадоў, не меў такога шчасця. Акрамя ўсяго, я адчуваў віну перад Машай i як бацька замальваў яе (але пра гэта пасля). Праз год яна скажа мне: «Я па пісьмах тваіх здагадвалася, што небязгрэшны».
Не трэба залішне многа прызнанняў! Ba ўсім павінна быць разумная мера, у каханні таксама — ці, можа, нават — тым больш у каханні.
У «Зеніце» герой — я — сустрэў перамогу ў шпіталі. У сапраўднасці ў шпіталь я не трапіў, хоць быў аглушаны на Одэры, куды паехаў з пражэктарысткамі. Але помню, што пасля радаснага салюта на світанку, першым мірным, я апынууся ў абгароджаным нямецкім гародзе, дзе яшчэ нічога не пасеялі, але вырасла трава, i паводзіў сябе ў адзіноце, як дзіця: куляўся, качаўся, смяяўся, плакаў.
Ніхто з маіх калег, якія прайшлі фронт, не напісаў гэтага адчування ў тую пераможную ноч. Не, здаецца, ёсць у Юрыя Бондарава. Праслязіўся нават Калбека, саркастычны парторг, які высміхоўваў маю сентыментальнасць. Плакалі дзяўчаты — тыя, у каго загінулі бацькі, браты, жаніхі.
З усходам сонца я сеў пісаць Машы: новы дзень, новая эпоха, новае жыццё — новыя думкі. Зноў шкадую, што тое не захавалася. Цікава, якія яны былі, думкі, развагі першага мірнага дня? Залішне ўзнёслыя? Наіўныя? Хапала ў ix усяго. Але аднавіць такое пісьмо немагчыма. Аднавіць радасць таго дня. Шмат пасля было ў жыцці радасці, але ніводная не набліжалася да тае адзінай, калі з'явілася перакананне, што ты прайшоў страшэнную бязлітасную вайну i застаўся жывы, не скалечаны. Помню адно, што напісаў ці, можа, i не напісаў, але што гучэла ў кожным радку: «Я вярнуся да цябе, Маша! Я вярнуся!» Пяць гадоў назад я сказаў гэтыя словы на рэчыцкай дарозе. Пісаў ix у пісьмах даваенных, у пісьмах пасля вызвалення. Але ці так яны гучалі, як у дзень Перамогі?!
Праз месяц-паўтара зволілі дзяўчат. Не прыгарнуўся я ні да адной з ix, але развітваўся з імі з глыбокім смуткам. Акрамя таго, што большасць з ix былі выдатнымі салдаткамі, яны сагравалі мужчынскую палавіну, няхай некаторыя i грахоўна, але, як казалі тады, «вайна ўсё спіша».
Іранічны Калбека не без смутку сказаў каля вагонаў, з якіх дзяўчаты выглядалі, як злоўленыя птушкі:
— Мне шкада ix.
I мне было шкада ix. Чаму? Не разумею. Цяпер гляджу на бабуль — былых франтавічак, партызанак i кажу ім, у размовах, у кнігах: «Вы шчаслівыя людзі».
Маша лічылася ўдзельніцай вайны — рабіла ў тыле. Па яе прафесіі не ў тыле яна працавала — на перадавой: памагала раненым. Помню, як у Пракопаўцы інваліды, абураныя, на ix думку, несправядлівай дзяльбой юнраўскіх анучак (а было нямала сапраўды анучак — стар'ё слалі амерыканцы), сказалі мне, сакратару партарганізацыі:
— Каб ты, Пятровіч, не быў Марусіным мужам, мы табе намялі б бакі. Скажы дзякуй жонцы сваёй, яна асцерагае цябе.
Яна асцерагала мяне больш за паўстагоддзя! Ад злых людзей, ад хвароб, ад літаратурнай багемы, ад захаплення славай i ад рознага глупства.