Там, у Германіі, я ўпершыню сур'ёзна заняўся творчасцю, пісаў не ў «мёртвую гадзіну» пасля абеду — у «мёртвы сезон» («мёртвы» ў сэнсеібаявой i палітычнай падрыхтоўкі; вайна скончылася, f яна ўсяму навучыла — i страляць, i жыць!). Сядзеў у прасторным пакоі нямецкага дома перад стосам выдатнай паперы, перад масіўным чарнільным прыборам, які я не паляніўся прыцягнуць дадому (адзіная каштоўная рэч, якой калегі пісьменнікі зайздросцілі).
Парторг Калбека, застаючы мяне за сачыненнем, скептычна хмыкаў:
— Сядзіш, шчалкапёр?
— Сяджу.
— Сядзі, сядзі. Работа любіць дурняў.
Цьмяна прыгадваю, як узнікла задума сюжэта «Пометы». Ці не ад таго, як мы з тым жа Калбекам не здолелі забраць у нямецкім доме скуру на падошву? Я напісаў гэты эпізод у «Зеніце». Дробязь перарасла ў высокую гуманную ідэю: не помсціць мы прыйшлі на ix зямлю, у савецкага афіцэра (у маёра Раманенкі — героя «Пометы») зусім іншая мараль, чым у фашыста, які расстраляў у Беларусі маёраву сям'ю.
Можа, тады, над першай сваёй аповесцю, зразумеў, за якую цяжкую працу бяруся — не цэглу фармаваць!
За пяць гадоў я адарваўся ад беларускай моўнай стыхіі, добра яшчэ, што ўсе гады меў у ранцы беларускую кнігу — зборнік вершаў Паўлюка Труса, які захапіў, калі ішоў у армію. Вывучыў вершы на памяць. Нават чытаў ix дзяўчатам — архангельскім, комі, i — дзіўна! — яны слухалі.
Рукапіс адаслаў Машы. Не помню, па маім жаданні ці сама яна адаслала яго ў часопіс «Беларусь». Галоўнаму рэдактару Іллі Гурскаму аповесць падабалася, але аб'ём для тонкага часопіса велікаваты, i ён перадаў яе ў
«Полымя» Пятрусю Броўку. У апошнім нумары 1945 года адбыўся мой дэбют.
У жніўні я выпрасіў у камандзіра дывізіёна два тыдні адпускных. Рваўся сустрэцца з жонкай, дачкой. Дарога была пакутлівая: з Брэста ледзьве выехаў.
Прыехаў у Церахоўку i, выскачыўшы з вагона, пабег да Пракопаўкі, чамадан быў лёгкі, нічога ў Германіі не набыў, не як некаторыя, што везлі па паўвагона.
Уразіла Воленка: уся высечана — i стары лес, i малады сасняк. Але хата лесніка, у якой я жыў, ацалела.
Знаёмы парк, парадзелы, праўда. Знаёмы дом. Па Машыных апісаннях знайшоў пакой, у якім жыла жонка i дачка. Машы не было. Малая Ліна расплакалася, калі я ўзяў яе на рукі. Што паду мала чатырохгадовае дзіця? Ведала ж, што ў яе ёсць тата.
Сустрэча з Машай адбывалася без сантыментаў, без слёз i ласкавых слоў, бо прысутнічалі маці i дачка Баранавы. Маша азірала мяне неяк здзіўлена i насцярожана. Можа, таму, што я добра адкарміўся на нямецкіх харчах, а яна — скура ды косці. Насцярожанасць устрывожыла. Але выгляд яе не расчараваў, яна па-ранейшаму была любая, жаданая, пяцігадовая разлука, палярныя вятры не астудзілі пачуцці.
Упэўнены, што шчырасць — ніякіх тайн! — нас зблізіць, я ўначы прызнаўся ў адзіным сваім граху. Меў сувязь ca сваёй падначаленай, калі яшчэ быў камандзірам гарматы, кароткую — некалькі дзён; камандзір батарэі, які сам адкрыта жыў з дзяўчынай, прысякаў амаралку — разлучыў нават сур'ёзна закаханых: «выменьваў» яго ці яе на такога ж грэшнага з іншай батарэі ці службы пры штабе.
(Між іншым, гэтая мая звышсумленнасць падводзіла мяне i пазней, не ў сямейным плане — у службовым, літаратурным.)
У цемры я не мог бачыць выраз твару яе, словамі яна ніякіх эмоцый не выказала, але паўтору блізкасці не дазволіла: перабралася з вузкага ложка на голую ляжанку. Эмоцыі яна выявіла дні праз тры, калі мы пехатою ішлі да маіх бацькоў — у Добрушскае лясніцтва.
Сустрэлі чараду кароў, якіх гналі з Германіі змораныя доўгай дарогай бранскія жанчыны. Я пачаў па-салдацку гулліва размаўляць з імі. Адна мацюкнула мяне:
— Знайшоў дзеўку, дык вядзі куды вядзеш, бугай адкормлены.
Адышлі — i Маша страшэнна абурылася. Не мацюжніцай. Мною. Маёй развязнасцю. I выдала мне так, як пасля не выдавала ні разу ў прыступах рэўнасці.
— Цынік ты! Распуснік! A такія пісьмы пісаў... Брахун!
Ад блізкасці, пакуль гасцілі ў бацькоў, спачатку ў маіх, пасля ў Церусе, яна не ўхілялася, але рабіла гэта як бы пад прымусам, папрасіла мяне асцерагацца, каб ёй не зацяжарыць.
Бацька мой ca сваёй сялянскай непасрэднасцю пакрыўдзіў яе. Пры сустрэчы агледзеў нас i бухнуў:
— Сын наш вон які спраўны, а ты якая...
Маша крыўды не выдала, адказала жартам:
— Сына немцы кормяць. А мяне... дзевяць кіло амерыканскай фасолі ў месяц.
Маці маёй Маша спадабалася, палюбіла яе. На сястру маю Галю мела крыўду, якую не забывала i пазней. Год назад Галя прыйшла ў Маркавічы, Маша сустрэла залоўку як родную, а тая выпытвала ў суседак, як нявестка паводзіць сябе тут: ці не гуляе? Гэта Машу абразіла, абразу гэтую доўга не магла дараваць.