У паходах i пераездах праляцела паўмесяца. У канцы майго водпуску быў апублікаваны ўказ аб дэмабілізацыі з арміі радавых, сержантаў старэйшых узростаў i спецыялістаў народнай гаспадаркі — інжынераў, тэхнікаў, настаўнікаў, медыкаў. У ваенкамаце, дзе трэба было адзначыцца па прыездзе i ад'ездзе, мне сказалі, што я маю права звольніцца тут, дома. Але мяне пацягнула ў дывізіён, у якім праслужыў пяць гадоў, да баявых сяброў — развітацца з імі.
Пасля шкадаваў, што паехаў, бо нейкія два месяцы цягнуліся даўжэй за пяцігодку — так рваўся дадому, да Машы. Каханне мае за дні сустрэчы ніколькі не аслабела, нягледзячы на яе абурэнне i цяпер зразумелую мне адчужанасць. Моцна трывожыла, што ад жонкі ні слыху ні дыху. Апраўданне давалі нараканні на палявую пошту: у мірны час яна пачала працаваць горш, чым у ваенны.
Нарэшце звальненне. У канцы кастрычніка. Дзе я пісаў пра доўгую, у шэсць сутак, дарогу дадому — у мірнае жыццё? У «Мосце», безумоўна, пра перыпетыі з вагонамі, з маімі кнігамі. Я вёз мяшок кніг. Во мае трафеі! У нейкім маёнтку мы выявілі рускія кнігі са штампам Смаленскай бібліятэкі. Я перавозіў ix, аформіў у дывізіённую бібліятэку і... адабраў для сябе — для вучобы. З паведамленнем з «Полымя» аб прыняцці «Пометы» я цвёрда вырашыў: іду ў школу ў той вёсцы, дзе Маша, i тут жа паступаю на завочнае аддзяленне педінстытута. Што i зрабіў, калі вярнуўся.
Як дабрацца з Церухоўкі да Пракопаўкі з мяшком кніг? Пазваніў са станцыі Вользе, яна рабіла ў райцэнтры на пошце.
— Я пазваню ў сельсавет. Маша папросіць у калгасе каня.
Чакаў гадзіны тры з нецярпеннем. Вечарэла. I я ўскінуў мяшок на плячо, чамадан у руку — і.дай Бог ногі i сілу ў нагах. Але груз не па сіле. Каб не голыя кусты, схаваў бы кнігі ў гушчары. Але як схаваеш увосень! Шкада было: дождж можа памачыць, найдаражэйшы ж скарб — кнігі. Калі ўжо бадай знямогся, пашанцавала: дагнаў дзядзька на падводзе i пад вёз франтавіка.
Машы дома не было. Малая пазнала бацьку, ахвотна пайшла на рукі, i гэта было вышэйшай узнагародай за праліты пот. ч .
— А Маруся пайшла цябе сустракаць, — паведаміла старая Баранава.
— Без каня?
— Дзе ты возьмеш таго каня! Колькі ix у калгасе? Пяць ці сем.
Маша вярнулася параўнаўча хутка, здзівілася:
— Як жа гэта мы размінуліся?
Але я зразумеў, што бачыла яна мяне. Але чаму не сустрэла? Таму што я быў на возе? Пасаромелася фурмана? Яе пацыент, інвалід.
На другі вечар наладзіла вечарыну з нагоды зварота мужа, усе бацькі, жонкі адзначалі гэтую, можа, самую радасную ў жыцці падзею: вярнуўся жывы! На закусь нават сала было. Дзе ўзяла? Пазычыла? Захавала для такой нагоды з таго, што ёй зрэдку прыносілі ў знак удзячнасці за лячэнне? У застоллі сядзела вясковая ўлада: старшыня сельсавета, старшыня калгаса — партызан i франтавік, абодва інваліды.
Жанчыны пілі самагонку за шчасце Марусі. Хіба ж не шчасце — муж вярнуўся? Сама гаспадыня асаблівай радасці не выяўляла. На гэта звярнулі ўвагу. I Маша як стрэсла з сябе скруху — павесялела.
Не ў тую ноч — пазней, прыжыўшыся, я з папрокам спытаў яе:
— Ты ніводнага пісьма не напісала?
— Я пісала.
— Не атрымаў...
— Я напісала тры, — i характэрна пазмрачнела, пачуцці вельмі выразна адбіваліся на яе твары. — Але не адаслала. Я пісала, каб ты не вяртаўся да нас.
— Чаму? — ашаломлена спытаў я.
— Ты не знаеш чаму? Я так верыла табе! Так верыла. Мае расчараванне расло...
Гарачая хваля ўдарыла ў патыліцу: з-за сваёй мужчынскай нявытрыманасці я мог страціць сваё шчасце!
— А пасля паду мал а: а дзе я знайду другога такога дурня? Колькі вас засталося, жаніхоў нашых! Ды якая я нявеста — з дзіцем. Зраблю Ліначку сіратой пры жывым бацьку...
— Разумніца ты мая...
— Не падлізвайся.
Шчасце вярнулася — i я супакоіўся. Хутка зразумеў, што Маша кахае мяне па-ранейшаму, толькі выяўляе гэта інакш, чым да вайны. На ласкавыя словы яна заўсёды была скупая, але каханне сваё, у сталыя гады — любоў, умела выказаць нейкай асаблівай увагай, надзвычайным клопатам — як да мяне, так i да дзяцей. А тады, у першыя месяцы нашага сумеснага бед нага i ўсё роўна шчаслівага жыцця, яна найлепш выразна выяўляла свае глыбокія чыстыя пачуцці прыступамі... рэўнасці. Магла спіхнуць мяне з нашага вузкага жалезнага ложка. Магла шыбнуць у мяне што-небудзь, але заўсёды мяккае, быццам i злосць, i гульня. У прыступе такой рэўнасці спаліла пісьмы Жэні Бугровай, маёй завочнай карэспандэнткі, не верыла, што так хораша, ласкава можна пісаць чалавеку, якога ніколі не бачыў у вочы, а начытаная рамантычка, па сутнасці, паміж радкамі прызнавалася мне ў каханні. A неўзабаве, калі я пачаў рабіць у школе, Машына рэўнасць з умоўнай, да далёкіх невядомых зенітчыц i Бугровай, стала больш прадметнай — да настаўніц. Працавала выкладчыцай беларускай мовы мая аднакласніца Маруся Антоненка, у якую я ў сёмым класе быў закаханы, пісаў запісачкі, назначаў спатканні, на якое замест Марусі на мост з'явіліся хлопцы i зрабілі цёмную мне.