Выбрать главу

Аб гэтай даўняй дзіцячай прыгодзе я расказаў з іроніяйі са смехам, але Машы здалося, што старое можа ўваскрэснуць.

Неапраўданая рэўнасць часам абурала, але i радавала: раўнуе — значыць кахае. А яе каханне — самае дарагое, што я меў, яно давала энергію для творчасці, для працы ў школе, для партыйнай дзейнасці, даволі няпростай для таго часу. Мяне па падказцы райкама выбралі сакратаром сельсавецкай партарганізацыі. На той час — шэсць калгасаў без тэхнікі, у лепшым калгасе «Воля» — семнаццаць коней. Зімой трэба было падняць людзей — зноў тых жа дзяўчат — на лесанарыхтоўку; заданні былі жорсткія, шахты чакалі стойку, чыгунка — шпалы. Вясной — сяўба. Разбіся, а пасей! За зрыў пасяўной цягнулі на бюро райкама старшыню калгаса, старшыню сельсавета i сакратара партарганізацыі. Але больш цяжкім, чым лес i сяўба, была нарыхтоўка малака i мяса. Жывёлы няма, a ўсё роўна здай назначаныя 46 кілаграмаў мяса, колькі малака — дык i не помню ўжо. За правал нарыхтовак маглі не толькі выключыць з партыі, чым паламаць біяграфію, але i на прымусовы лесапавал адаслаць.

Але — дзіўна! — я нічога не баяўся, працаваў весела, з аганьком, у райкаме мяне цанілі. Калі я пачаў друкаваць апавяданні ў «Гомельскай праўдзе», сакратар Пятро Гарцуеў на пленуме хваліў мяне.

Цяпер здзіўляюся: адкуль браў час, імпэт, сілу волі? Удзень — школа, ўвечары — сход, партвучоба. Позна ўначы — за пісьмовы стол. (Які пісьмовы? Стол быў адзін — калека на трох ножках, дзве табурэткі — i гэта ўся мэбля).

З такой жа самааддачай працавала i Маша. Я яшчэ спаў, а яна ўжо прымала ў амбулаторыі хворых. А пасля бегла да тых, каго трэба наведаць дома. Hi адзін хворы не заставаўся без увагі. I ўсё пехатой. А участак — дзевяць вёсак. Не спынялі яе ні дождж, ні снег. А яка я была апратка! Які абутак! Успамінаю — плакаць хочацца.

Жылі мы вельмі бедна. У аповесці «Мост» я апісаў гэтую беднасць, калі герой — я — знясілены, не мог данесці паўтара пуды бульбы, насыпаныя лесніком напавер: атрымаеш палучку — аддасі. Настаўнікам — 600 рублей, калі пуд бульбы каштаваў дзвесце (зарплату выдавалі параўнаўча акуратна, медыкам сельскім па паўгода не плацілі, як i ў наш «шчаслівы» час вяртання ў капіталістычны «рай»).

Вясной 1946 года, калі ў Малдавіі, на Украіне мерлі людзі, мы таксама, можна лічыць, галадалі. Па бульбіне-дзве нам з Машай, кубачак малака з той жа бульбінай малой — гэта было ўжо шчасце, калі ўдавалася раздабыць такі «багаты» рацыён. А фасолевы суп, забелены малаком, здаваўся царскай ядой.

Можа, гэта прагучыць парадаксальна, але я ўпэўнены, што нястачы, беднасць i бескарысная адданая праца дзеля людзей умацоўвалі, цэментавалі нашу любоў, так я называю тое, што паступова ўсталёўвалася паміж намі. Менавіта — любоў, яднанне дзвюх душ. Каханне — гэта агонь, які запаліста ўспыхвае, але лёгка можа i патухнуць. Гэта — песня, якая дае асалоду, але можа хутка i скончыцца. A калі з'яўляецца любоў, то яна звязвае навечна. Яна — не мёд, яна — жытнёвы хлеб, у якім маеш патрэбу штодня, i яна, любоў, як хлеб арганізму, дае жыццёвую сілу пачуццю. Не думаю, што я тады разумеў гэтак жа. Але тое, што Маша забывала на мой грэх, a калі i ўспамінала, то з нязлой ужо іроніяй, i нягледзячы на прыступы рэўнасці да Антоненкі ці яшчэ да кагось з рэальных жанчын, я адчуваў да яе ўсё большую i большую замілаванасць, пяшчоту i, можа, самае галоўнае, удзячнасць, што яна не кінула мяне, не выставіла за дзверы, як ката, што нашкодзіў. Я не ўяўляў жыцця без яе. Куды б я пайшоў? На цагельны завод? Там, пэўна, не галадаў бы. Але што мне дала б тая праца? Яна не дала б магчымасці тварыць, вучыцца. А так мяне пасярод навучальнага года залічылі на завочнае аддзяленне педінстытута. I я пісаў. У сорак шостым я замахнуўся на вялікую працу — на раман. Адкуль такая смеласць? Сюжэт першай часткі дала Маша. Натуральна, што яна стала прататыпам Таццяны Маеўскай. Я не люблю чытаць напісанае нават самым блізкім чытачам, хоць рукапіс пасля даю ахвотна: чытайце на здароўе. А тут неяк угледзеў, што раніцай (была вясна, світае рана) Маша з вельмі сур'ёзным тварам чытае, што я напісаў за ноч, a пісаў я па некалькі старонак нямецкага гросбуха (прывёз у запас i паперу). Не пужануў яе, хоць усхваляваўся: як ацэніць? За снеданнем спытаў: