Выбрать главу

Пішу пра Церуху так шмат, бо ўвесь час адчуваў, як Маша была прывязана да сваёй «малой радзімы». Ды i я жыў не Кармой, якую па сутнасці не ведаў, нават сваякоў не ўсіх ведаў, а Церухай, дзе ўпершыню падлеткам сустрэў Машу — сваё шчасце ажно на 58 гадоў жыцця.

У гэты «церухоўскі перыяд», як я называю, наша каханне як бы гартавалася, я ехаў на тыдзень-два ў Мінск, вяртаўся — i мы сустракаліся як маладажоны, перажывалі мядовыя дні, смешна хаваючыся ад дзяцей.

Я назваў украінцаў, якія наведалі Церуху. Не ўсіх. Сяброў там было больш. У гэтыя гады ўсталяваліся мае добрыя сувязі з Кіевам. Выйшаў раман «Глыбокая плынь» у перакладзе Васіля Казачэнкі, рыхтавалася выданне «Крыніц». Кіеў я наведаў упершыню ў 1954 г. на 300-годдзе ўз'яднання Украіны з Расіяй. У 1955 г. набраўся смеласці на «Победе» з дзецьмі паехаць у Дом творчасці ў Адэсу. Па дарогах таго часу гэта сапраўды быў подзвіг — ды i які вадзіцель з мяне! Год назад атрымаў правы, амаль не здаючы экзаменаў. Аднак паездка ўмацавала мае сяброўскія адносіны з украінцамі. Сям'і маёй гаспадары аказвалі асаблівую ўвагу, як гасцям. Пры паездцы назад нас узяў «на буксір» Сцяпан Алейнік, ён ездзіў з прафесійным шафёрам, да Кіева па самых дрэнных дарогах я ехаў без трывогі i страху. Аднак i дагэтуль здзіўляюся сваёй рызыкоўнай смеласці. А пазней было так. У Гомелі з прадуктамі была не лепшая сітуацыя. А жыць у Мінску прывыклі багата; дзецям Маша ні ў чым не адмаўляла. I мы садзіліся з Машай у машыну, без дзяцей, безумоўна, i ехалі ў Кіеў — за 240 кіламетраў.

Заязджалі ў двор пісьменніцкага дома па вуліцы Чырвонаармейскай, ад дома гэтага пачынаўся Крашчацік. Тут жа рынак. Усе цэнтральныя магазіны. Усе выгоды. Рабілі рэйды i загружалі машыну. Але ні разу не ўдалося выехаць дадому ў той жа дзень, нягледзячы на самыя строгія папярэджанні Машы. Чалавек яна была надзвычай інтэлігентны, цнатлівы, больш за ўсё баялася замінаць людзям, хоць сама прымала мноства гасцей, аддаючы ім свой ложак, лепшыя пасцелі.

Усю дарогу цвярдзіла:

— Ваня! Дамаўляемся: не начуем.

— Не начуем! — шчыра згаджаўся я.

Але як вырвацца ад такіх гаспадароў, як украінскія пісьменнікі?

— Івану Пятровічу, пакрыўдзіце, — казалі Васіль Казачэнка i яго жонка, наша зямлячка Ірына Сяргееўна, да ix далучаліся Збанацкія, Алейнікі.

I вяртаўся я на другі дзень з цяжкай галавой.

Пра жыццё ў Церусе я мог бы напісаць нямала, бо гэта незабыўныя дні i месяцы. Хораша было Машы, дзецям. Хораша пісалася мне, нягледзячы на цеснату; між іншым, дзеці ніколі не перашкаджалі мне працаваць. I, можа, самае галоўнае: я жыў у гушчы народнага жыцця. Сяляне з павагай адносіліся да вядомага пісьменніка. Мясцовае начальства лічыла за гонар падтрымліваць сяброўскія адносіны. Вось яны перашкаджалі, бо часта арганізоўвалі рыбалкі на Сожы i... «проста п'янства без прычыны». Асабліва прыязныя адносіны ў мяне, сына лесніка, усталяваліся з ляснічым Мікалаем Палявіковым i дырэктарам саўгаса Міхалам Мураўкам.

Машы хацелася даць «ответный прием», але абеды такія ці вячэры канчаліся тым, што ў доме з'яўлялася рыба, мяса, грыбы, памідоры, гуркі. Не было патрэбы ехаць у Кіеў.

У 1959 годзе ў нас з'явілася дача пад Мінскам. Гарсавет, запаўняючы «Мінскае мора», пабудаваў дачны пасёлак i прадаў дачы вучоным, пісьменнікам, ветэранам вайны; дарэчы, ніводнага партыйнага ці савецкага работніка ў ліку пакупнікоў не было, ім проста не прадалі б. Але ўсё роўна ў Церуху мы прадаўжалі ездзіць, праўда, не на ўсё лета — тыдні на два-тры. Дзеці вымушалі. Машу цягнула. Ды i мяне. Здаралася, што я ехаў адзін — папрацаваць у цішыні. Але адзінота не спрыяла прадукцыйнасці. Без Машы i дзяцей мне не вельмі каб пісалася. Мяне натхняла жончына блізкасць. Не жартую. Але гэта так. Сцёртае слова — натхняла. Але Маша сапраўды такі натхняла на творчасць. Ад яе як бы сыходзілі нейкія асаблівыя флюіды натхнення, працавітасці. Hi разу ў жыцці яна не спытала, як некаторыя жонкі маіх калег:

— Чаму ты не пішаш? Садзіся за стол! Вунь Шамякін колькі напісаў.

Але ніколі не ўзнікла плётка, што я пішу пад прымусам жонкі. Самыя языкатыя бабы ні ў чым не асудзілі Марыю Філатаўну. Жонка Івана Навуменкі Ядвіга Паўлаўна, наадварот, асуджала мяне, што я закабаліў жонку, дзяцей напладзіў, да кухні прывязаў, за машынку пасадзіў.