Выбрать главу

— Можа, гэта i праўда. Але я не магу без яе. I без Алёшы. У ix — мае жыццё. Зразумей.

Калі канфлікт даходзіў да белага калення, Маша, як правіла, адступала першая, ішла па сваіх справах, каб даць мне астыць. Астываў я хутка, а яна, пэўна, хутчэй. Не помню выпадку, каб мы дзьмуліся адно на аднаго больш гадзіны-дзвюх. Hi я, ні Маша не маглі зразумець тых мужа i жонку, якія, пасварыўшыся, не размаўлялі па два тыдні. Так было ў Андрэя з Аленай; Андрэй расказваў, i Маша, бадай, з матчыным болем перажывала за яго.

— Як жа можна так жыць, Андрэй?! Каб я з Іванам, знаходзячыся ў адной кватэры, не перагаварыла дзень, то не знаю, што са мной было б. Я самлела б. Мне здалося б, што рушыцца мае жыццё.

Так, яна жыла з цвёрдай упэўненасцю ў трываласці нашага кахання, нашага жыцця. I я таксама, i гэта напаўняла нашыя ўзаемаадносіны асаблівай, самай высокай радасцю. А што гэта такое: жыць у штодзённай радасці? Няшчасны той чалавек, які не адчуў гэтага хоць бы ў кароткі перыяд свайго жыцця. А ёсць жа татя людзі. Мне шкада ix. Няхай чытач уявіць, як гэта цудоўна, якім поўным з'яўляецца жыццё, калі ёсць радасці — ад блізкасці фізічнай i душэўнай, ад дзяцей, ад сумеснай творчай працы, ад славы i даброт, якія прыносіла наша праца.

Але няхай чытач не падумае, што мы ўвесь час жылі ў ідыліі. Не, жыццё суровае. З самых частых бед — хваробы дзяцей. А яны хварэлі многа — Ліна, Саша... Колькі Маша пацягалася па бальніцах з Сашам! У Маскву вазілі, у Кіеў. Перарос, дзякуй Богу. Але ў сталым узросце нажыў іншую хваробу, ад якой маці пакутавала яшчэ мацней, чым пры дзіцячых хваробах. Не зладзілася жыццё з Анатолем Рагаўцовым у Ліны. Развяліся. Божа, баюся ўспамінаць, колькі перажыла ў гэты час Маша. Узлавалася на мяне, калі я сказаў, што не бачу нічога страшнага ў разводзе, мільёны разводзяцца. Для яе развод — трагедыя. Даказвала, што сям'я — святое i непарушнае.

— Не сучасныя ў цябе погляды.

Злавала:

— Пайшоў ты са сваёй сучаснасцю! Не ўздумай легка разводзіць сваіх герояў.

Прыйшлося — у «Атлантах i карыятыдах» сітуацыя была спісана з жыцця: з Андрэя Макаёнка, яго ўзаемаадносін з Аленай.

Нельга не адзначыць яшчэ адной істотнай рысы маёй жонкі: яе прастаты, дэмакратычнасці; для яе ўсе людзі былі роўныя — ці міністр (a ў гасцях у нас былі i міністры), ці просты рабочы. Яна жыла ў пісьменніцкім асяроддзі, яе там паважалі, любілі, але ў яе нямала было блізкіх работніц, сялянак, з якімі яна шчыра сябравала. У першую чаргу церухскія жанчыны, сваячкі, блізкія i далёкія, суседкі. Прыязджалі мы туды — i збіраўся цэлы сход, часцей каля бацькоўскай хаты, радзей каля нашай, бо сялянкі (больш далікатных людзей я не сустракаў) саромеліся мяне, лічылі, што прыходам сваім перашкодзяць пісьменніку, не разумеючы, што расказы ix, заўсёды вобразныя, дасціпныя, — мой хлеб, яны давалі не толькі характары, але i сюжэты, як напрыклад, для апавядання «Матчыны рукі», самага кароткага i самага кранальнага; усе акцёры-чытальнікі ўключалі яго ў свой рэпертуар.

Побач з дачным пасёлкам у Ждановічах у часе будаўніцтва дач i гадоў колькі пасля стаяў барак, у якім жылі рабочыя, не помню, якой арганізацыі. Жыла там бяздзетная сям'я, ён — забулдыга i выпівака, яна, Марыя Карась, — паляшучка, шчырая працаўніца. Звалі яе гэтак жа — Машай. «Маша з барака» — так яе ведалі ўсе дачнікі. Працуючы дзесьці ў горадзе прыбіральшчыцай, Карась падзарабляла ў дачнікаў. А ўмела яна ўсё: памыць, пабяліць, пафарбаваць, краны адрамантаваць...

Дзве Машы — роднасць характараў! — палюбілі адна адну, як сёстры. Карась захаплялася Шамякінай:

— Марыя Філатаўна! Якая ж вы! Другой такой ні тут, у пасёлку, ні ў горадзе я не знаю. Такія толькі ў нас у Тураве ёсць.

Пасля барак знеслі i Карасям далі кватэру ў Гарадзішчы.

Маша Карась ездзіла да нас i на дачу, i на гарадскую кватэру. У яе быў найлепшы ў ваколіцы гарод, вазіла нам гародніну. A дзесьці ў канцы 70-х яна цяжка захварэла — рак. I тады да яе пачала ездзіць Марыя Філатаўна — i ў бальніцу, i ў Гарадзішча. Грэшны, я нават нейкі час пярэчыў, бо прыязджала жонка ад ракавай хворай вельмі ўсхваляваная, плакала. Хворая, з тэмпературай, ірвалася на пахаванне, але тут я ўжо праявіў волю, якая ў мяне зусім не моцная. Маша пасля крыўдзілася, што я не даў машыну, каб з'ездзіць развітацца з Марыяй Карась.

У бальніцах яна наведвала ўсіх, хто быў блізкі да нашай сям'і. Пра сваякоў я ўжо i не кажу. Для пляменніц яна была найдаражэйшай цёткай. Для Наташы Святагор — маці. Яны гарнуліся да яе, асабліва тая ж Наташа, Тамара Курганская i яе дзеці, якія робяць i жывуць у Нясвіжы, Маша Іванова-Кротава з Гомеля, дваюрадная сястра — яшчэ адна Маша — Рабцава. З любоўю i ўдзячнасцю я занатоўваю ix імёны ў свой расказ пра жонку маю. Але асаблівая ўдзячнасць мая сястры Машынай — Вользе Філатаўне. Яна вырасціла яе, вывучыла. Яна ўжо без малога трыццаць гадоў жыве з Лінай, памагае ёй, хворай, i гэтым аблягчала празмерную фізічную i маральную нагрузку Машы. За сваё доўгае жыццё я не сустракаў другой такой працаўніцы, як Вольга Філатаўна. Вось i зараз пасля смерці Машы яна, толькі яна трымае мяне на дачы, без яе я тут не здолеў бы жыць. А ёй — 84 гады. А яна паднімаецца ў шэсць. Прапаліць лазню, каб мне, панку, была гарачая вада, згатуе снеданне, пасля абед, вячэру. Яе скручанымі артрытам рукамі пасаджаны i дагледжаны гарод, i мы ямо салату, цыбулю, гуркі, часнок (памідоры ў гэтым годзе не паспелі); жахлівае лета — даждлівае, халоднае.