Ён забраў нас з Машай да Гомеля. А каля абкама, хоць была ўжо ноч, стаяў газік, які завёз нас у Дубецкае, так называўся пасёлак каля ваеннай базы, дзе працавала сястра мая Галя, муж яе Аляксей Мальцаў; маці жыла ў ix.
Сынклеція Сцяпанаўна (дзявочае — Калініна) пражыла 73 гады. Усяго. Большую частку жыцця бацькі жылі ў лесе, i так мала Бог адвёў ім жыцця. Маці вельмі цяжка працавала, нават арала, хіба што не касіла, але зграбала пакосы. Гаспадарка ў лесніка немалая: каровы, свінні, куры, гектар зямлі давалі. I ўсё гэта было на плячах i руках маленькай худзенькай жанчыны. Маці, бадай, да смерці верыла, што Павел жывы. Неаднойчы казала:
— Іван, ён можа, у палоне дзе?
— Ды ўжо вярнуліся палонныя ўсе.
— А можа, жонка такая, што не дае напісаць?
Што было адказаць на гэта? Няхай верыць!
Смерць маці моцна ўразіла мяне. Раптам адчуў сябе старым, хоць мне не было i пяцідзесяці.
Гэтак жа цяжка перажывала i Маша.
У чэрвені 1975 года на Украіне праходзілі дні беларускай літаратуры i мастацтва.
Фэст грандыёзны. Цяпер скептычна хмыкаюць наконт гэтых сустрэч міжнацыянальнага мастацтва. А дарэмна. Пэўны элемент пампезнасці існаваў. Але якая была карысць! Новыя пераклады, пастаноўкі п'ес брацкіх аўтараў. Паказ сваіх дасягненняў іншаму народу. Хіба «Славянскі базар» i многія іншыя фестывалі роўныя тым? Тут больш паказухі!
Вярталіся радасныя, вясёлыя, добра «запраўленыя» гаспадарамі на развітанне. У Мінскім аэрапорце нас сустракалі. Мяне — Таццяна, Навуменку — жонка Ядвіга Паўлаўна. Таня была незвычайная, адвяла Андрэя Макаёнка, нешта сказала яму. Ён пазмрачнеў. A Ядвіга Паўлаўна, пэўна здзіўленая, што я такі вясёлы, сказала:
— Гэта трэба — такая бяда!
— Якая?
— Смерць сястры Марыі Філатаўны. Хіба вам не паведамілі?
— Якой сястры?
— Клавы.
— Клава памерла? — я не вытрымаў i заплакаў.
Я любіў Клаву: разумная, дасціпная жанчына, выдатны ўрач. Але пакутавала ад бранхіяльнай астмы. Я дагэтуль адчуваю сваю віну, што не памог ёй з лячэннем; казалі, што памагалі саляныя шахты ў Закарпацці.
У той трагічны вечар яна рыхтавала дачку сваю Наташу да выпускнога вечара, памагла ёй памыць галаву, надыхалася парамі шампуню... Пачаўся прыступ. Яна ўдыхнула астмапен і... імгненная смерць: параліч дыхальнага цэнтра.
Немагчыма расказачь, якая гэта была трагедыя для Вольгі i Машы. Першыя гады пасля смерці сястры яны амаль кожную нядзелю ездзілі на яе магілу, кветкі там не высыхалі.
30 студзеня 1981 года я адзначаў сваё 60-годдзе. Мне прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Найвышэйшая ацэнка творчасці маёй. Напярэдадні I. Я. Палякоў уручыў мне зорку. Правялі добры вечар у тэатры Янкі Купалы. У дзень нараджэння (дзень быў выхадны) я даваў прыём у кафэ Дома літаратараў. Там былі накладкі, зайздроснікі хоць дробную брыдоту ды стараліся зрабіць (напрыклад: госці збіраліся, а стол быў ненакрыты). Я ж ужо не кіраваў у Саюзе пісьменнікаў, за паўгода да гэтага перайшоў у «Энцыклапедыю» галоўным рэдактарам. Накладкі гэтыя расхвалявалі i мяне, i Машу. Ды i абед быў не надта вясёлы, некаторыя «сябры» мае як бы забывалі на юбіляра — іезуіцкая форма ігнаравання: не ты Герой — мы героі.
Па заканчэнні абеду там жа ў Доме літаратара ў гардэробе я зачапіўся за парожак, упаў i зламаў руку. Як тут не паверыць у народныя прыкметы: быць бядзе, калі на цябе глядзяць зайздросна, незычліва, а можа, нават з пажаданнем няшчасця. I — здарылася бяда. Не адна. Праз дзесяць дзён, 9 лютага, загінула мая сястра Галя. Ехала на веласіпедзе на працу ў ваенгарадок (дарогі тае адзін кіламетр), быў ветраны дзень, i каля самай прахадной, дзе з-за гульні ў сакрэтнасць лес не чысцілі, не высякалі, са старой сасны адламаўся сухі сук, упаў з вялікай вышыні на галаву чалавеку. Такая недарэчная, проста дзікая смерць.
Сам паранены, я выў ад гора. Рука баліць, у гіпсе — як ехаць? Рваўся — Маша не пусціла. Паехалі на пахаванне яна i сын наш Саша. А я застаўся плакаць. Ляжаў, сядзеў, хадзіў у глыбокай роспачы i роздуме. Лічыў сябе атэістам, але звяртаўся да Бога: за што караеш, міласэрны? Няўжо ёсць закон, па якім лес кідае на шалі няшчасці, каб ураўнаважыць даброты i радасці?
А праз дзесяць дзён з рукой — гіпсавай «лялькай» я мусіў ехаць на XXVI з'езд КПСС, дэлегатам якога быў выбраны. Спрабаваў адмовіцца — прыслалі хірурга на дом, які даў патрэбнае заключэнне. Безумоўна, паехаў з Машай, аднаму штаны зашпіліць няма як.
З гасцініцы «Масква» ў Крэмль вазілі на аўтобусе, здаралася, што нас ехала толькі трое: Герой Савецкага Саюза з пабітымі нагамі i маладая калгасніца, якой, пэўна, імпанавала, што яе возяць. Цяжка было сядзець з хворай рукой, слухаць чатырохгадзінны даклад Брэжнева, які ледзь не самлеў на трыбуне — тройчы прасіў перапынак, i перапынкі цягнуліся хвілін па 40. Аднак нікому малодшаму не ўступіў дачытаць сотняй людзей сачынены даклад. Мне шкада было старога чалавека. Прага ўлады вымушае ісці i не на такія пакуты.