Мы з Машай былі на дачы, калі нам пазваніла Таццяна. Усю праўду не сказала: няшчасце з Сашам. Маша яшчэ спадзявалася, што ён жывы, у бальніцы. Прыехалі, калі санітары выносілі на коўдры бездыханнее цела самага дарагога чалавека, нашага адзінага сына, якога мы любілі, можа, глыбей за іншых дзяцей. Але любоўю сваёй, напэўна, i шкодзілі яму: легка верылі яго мане, што нешта зламалася ў машыне, нешта трэба купіць з адзення, з абутку, i давалі грошы. Калі грошай многа — не на дабро гэта.
Глыбіню нашага гора цяжка перадаць. Маці была ў шокавым стане: не помніла, як хавалі, дзе могілкі, дзе магіла. Пакутны боль гэты за сына яна насіла ў сэрцы сваім амаль сем год, да апошняга дыхання. Цяжка хворая, яна перш-наперш пыталася, ці наведаў хто з нас магілу Сашы. Яна наведвала амаль кожную нядзелю ўлетку, пэўна ж, кожную, толькі зімой, у мароз, у непагадзь я амаль жа са скандалам не пускаў яе на могілкі. Ездзіла аўтобусам, з перасадкамі. У пачатку 90-х гадоў я яшчэ вадзіў машыну i вазіў яе, але толькі ўлетку, на зіму ставіў машыну на прыкол. Пасля смерці сына спыніліся нашы паездкі ў санаторыі: Маша катэгарычна адмаўлялася куды-небудзь ехаць ці ісці ў тэатр, у госці; лічыла, што гэта будзе абразай памяці Сашы. А без яе i я не мог паехаць — баяўся адзіноцтва, паехаць i тварыць — які адпачынак!
Мы так зрадніліся, што нам было цяжка пражыць адно без аднаго дзень-два. Калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР з 1980-га па 1989-ты, я нават на сесіі прасіў яе паехаць са мной. Без яе не ведаў, куды дзець час вячэрні, пасля пасяджэнняў. У гасцініцы «Масква» адчуваў сябе што ў пустыні (не ў лесе — у лесе, сын лесніка, я ніколі не перажываў адзіноцтва). Напрошвацца ў госці да кагосьці з калег не дазваляла сумленне, ведаючы, што масквічы не любяць гасцей. Нязменна наведваў свайго франтавога сябра i земляка Віктара Вольскага, дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі, эрудыта, выдатнага расказчыка, гумарыста. Але нават да такога блізкага чалавека кожны вечар хадзіць не будзеш. I я прасіў Машу паехаць са мной, яна ахвотна згаджалася. Я думаў, каб добра было мне. Эгаіст! I мала думаў, а як жа ёй было сядзець цэлы дзень у нумары адной, чакаючы мяне з пасяджэнняў? Хадзіла па гарадскіх магазінах. Але гэтага занятку яна не любіла нават у Мінску, модніцай ніколі не была, тым больш у шэсцьдзесят гадоў. Дзеля дзяцей, унукаў магла стаяць у чэргах гадзінамі. I дзеля мяне ахвяравала любым сваім камфортам, фізічным i духоўным. Лягчэй мне з ёй выконваць свае дэпутацкія абавязкі — гатова была ехаць хоць на край свету. У Маскве, праўда, у Машы была адна пацеха — пагаварыць пры сустрэчы i па тэлефоне з жонкай Вольскага Уладзіславай. Такой роднасці душ чужых людзей я мала сустракаў. Да добрых людзей Маша моцна прывязвалася. Горка плакала, калі Віктар паведаміў, што памерла Улада; яе, дыябетычку, загубіла ранение нагі, яна не дала ампутаваць нагу.
Пасля смерці Улады я не мог не бачыць, як цяжка Машы ехаць у Маскву. Але дзеля мяне яна ехала. I мне хораша было з ёй, адчуваючы душэўную цеплыню i клопат.
Хтосьці тады, пэўна, зайздросціў нам: ездзяць у класным вагоне ў Маскву, жывуць у люксе лепшай гасцініцы. А на самай справе ўсё разам — творчасць, дэпутацкія абавязкі i для абоіх нас сям'я — было нялёгкай нагрузкай. Але да смерці сына — прыемнай. Пасля свет страціў усе фарбы, акрамя чорнай. У такім змрочным свеце дарагая мая жонка, маці нашых дзяцей, бабуля ўнукаў, пражыла без малога сем гадоў. Пакутнае жыццё!
8...
За тыдзень да таго, як быў пастаўлены страшны дыягназ — лейкоз, Маша перажыла апошнюю ў сваім жыцці радасць.
Я вярнуўся з прагулкі па лесе, i яна сустрэла радасным паведамленнем: