Выбрать главу

Сустракаў яе на вуліцы, адзначаў: прыгожая ўрачыха. Але не больш таго. Гулякам, бабнікам не быў, ад пасяганняў на яго жанчын на застоллях ухіляўся, захоўваў вернасць Марыне. У райцэнтры не хадзіў на танцы — каб не дайшло да Марыны. Яна нярэдка прыязджала i па справе ў банк, i да яго; з жанчынамі фінаддзела, з банкаўскімі вяла знаёмства, падарункі прывозіла — вішні, яблыкі, мядок.

Ды i яго становішча служачага райвыканкама не дазваляла хадзіць на маладзёжныя гулянкі. Салідны чалавек, паважны, жанаты, з выгляду сталы мужчына. Але хто над людзьмі жартуе — Бог ці сатана? Хто зводзіць пары? Як узнікае ўзаемнае прыцягненне, якое называецца каханнем? Загадка прыроды. I ніхто не разгадаў, як загараецца гэты агонь. Ён дае радасць людзям, але нярэдка прыносіць бяду. Ды, пэўна, большая бяда ў тым, што нямала шлюбаў заключаецца без душэўнага агню, a толькі ад кароткага фізічнага прыцягнення.

Ангеліна, якая лячыла зуб, зрабіла балюча. Але, нягледзячы на боль, нейкі дзіўны, нязведаны за трыццаць гадоў ток працяў яго сэрца. Боль — другарадны, фізічны — урачыха хутка пагасіла. Але што не забылася — гэта дотык яе мяккіх рук, што пахлі лекамі, блізкае чыстае дыханне, блакітныя вочы, русыя валасы, што выбіваліся з-пад шапачкі, i ўвесь яе, здавалася, незямны воблік. Засталося гэта i тады, калі ён, развітаўшыся, выйшаў на вуліцу, i стаяла ўваччу ўвесь вечар, не давала заснуць. Заплюшчыць вочы, думае пра справы, пра Марыну, пра Томку, але ўсё i ўсіх засланяюць вочы i рукі Ангеліны.

Яна прызначыла яму з'явіцца праз два дні. Ён не вытрываў: пайшоў раніцою наступнага дня.

Дантыстка здзівілася:

— Баліць?

— Не, не баліць. Але гляньце, як там пломба. Мне здаецца, яна выпала.

Ангеліна раптам пачырванела i ад таго стала яшчэ больш прывабная, жаданая.

З душэўным трапятаннем сеў ён у крэсла. Ведаў, што часовая пломба на месцы. Але яна вычысціла цэмент, паклала новыя лекі.

Твар у твар, вочы ў вочы... Са шчок Ангеліны не сыходзіла чырвань. I мужчына адчуў яе ток, ён перадаваўся праз яе рукі, пальцы. Гэта нараджала неспазнанае пачуццё.

Зноў прыйсці праз два дні. Але зноў ён прыйшоў наступнай раніцою. I Ангеліна не здзівілася, толькі яшчэ больш запунсавелі яе шчокі.

Вылечыла зуб.

Ігнат спалохаўся, што знікла прычына наведвацца ў гэты кабінет. Што ж рабіць? Дзе сустрэцца? Прызначыць спатканне ўсё яшчэ не адважваўся: канешне ж, Ангеліна ведае, што ён жанаты. Адважыўся пацалаваць ёй руку — нібыта на развітанне. Яна спалохалася:

— Ой, што вы, Ігнат Андрэевіч!

Пажартаваў:

— Вазьміце мяне сваім асістэнтам. Сястры ў вас няма.

— А як жа ваша кукуруза? — ведала, што ён апякуе вопытны ўчастак кукурузы ў недалёкім саўгасе.

— Кукуруза вырасце.

— Пакажыце мне яе.

Ён задыхнуўся ад шчасця.

— Увечары. Я вазьму ў загадчыка «газік», i мы паедзем. Згодны?

— Толькі я выйду ў поле. Па пасёлку ехаць не будзем. А то ваша Марына мне косы павыдзірае.

Там, на кукурузным полі, яны ўпершыню пацалаваліся. Праўда, Ангеліна не адразу дазволіла. Спытала:

— А як жа Марына?

Ігнат цяжка ўздыхнуў:

— Не знаю. Не знаю, што робіцца са мной, як пакінуць Марыну... Не, з Марынай як-небудзь разбяруся. Томка! Але знаю адно: без цябе, мой анёл, жыць не магу. Словы са старога рамана. Але гэта праўда, Ліна. Гэта праўда. Памажы мне рашыць гэтую задачу.

— Як жа я магу памагчы? Рашай сам.

Не адразу Ігнат адважыўся сказаць Марыне, цягнуў: а можа, неяк само сабой наладзіцца, можа, астынуць яго пачуцці да Ангеліны, бывае ж так. Не, не астывалі — разгараліся. Сапраўды, дня пражыць не мог, каб не пабачыць сваю каханую. Ангеліна не падганяла яго, не патрабавала разрыву з Марынай. Аднак рабілася самотная, не цалавала прагна, як у пачатку сустрэч, потым цэлы месяц не прыходзіла на спатканні. Ix высачылі, па райцэнтры паляцела чутка, што аграном круціць раман з зубніхай. Дайшло да Марыны. I ў наступны прыезд яго ў сяло Марына сустрэла мужа, як кажуць, у штыкі:

— Ты што гэта вытвараеш там, мой родненькі? Каму ты зубы лечыш? Жонкі з цябе мала?

Адступаць не было куды. З маленства ён вызначаўся шчырасцю, хлусню лічыў найбольшай чалавечай заганай. Таму сказаў адкрыта, пры цешчы:

— Не гарачыся, Марына. Я пакахаў гэтую дзяўчыну. Не магу без яе жыць. I я прашу ў цябе развод. Томцы буду памагаць...

О, як яна ўзвіхрылася! Адразу выліла на яго цэбар лаянкі:

— Кабель! Будзь ты пракляты! Я пракляну цябе! Не будзе табе шчасця! A зубнісе тваёй зубы павыбіваю! — i сыпала, ліла самыя брудныя словы, не саромеючыся маці.

Крычала ў калысцы Томка.