Выбрать главу

Ігнат Андрэевіч сцяўся, бы чакаючы ўдару. Рэктар зрабіў злую праверку — як следчы на вочнай стаўцы спытаў у Тамары:

— Ведаеце вы гэтага чалавека?

Тамара, зразумеўшы, чаго яе паклікалі, пасміхнулася бадай гарэзліва.

— Як жа не ведаць, Павел Іванавіч! Гэта мой бацька. Праўда, гадоў пяць я не бачыла яго. Чаму, думаю, ён вам расказаў.

— Ну, я на паўгадзінкі адлучуся, а вы пагутарце тут як дачка з бацькам. Калі пяць гадоў не бачыліся...

Размова не атрымалася. Калі рэктар выйшаў i яны засталіся сам-насам, Тамара сцялася, ды i ён, бацька, не ведаў, пра што гаварыць.

— Ну як, Тома, ты тут?

— Добра.

— Магла б у час экзаменаў заехаць да нас.

— Магла б. Але няпрошаны госць...

— Хіба ты госць? Ты член сям'i.

Яна здзівілася:

— Вашай?

— Прыходзь. Пазнаёмішся з братам i сястрой. Андрэй усяго на два гады маладзейшы за цябе, у дзевяты перайшоў. А Зося ў чацвёртым. Яны добрыя...

— Як бацька.

Ён сцяўся ад гэтага вызначэння якасцей яго i дзяцей: шчыра яна сказала ці з іроніяй? Калі пабрала ўсё ад сваёй вострай на язык маці, то сказала яна гэта яўна з сарказмам... I пакрыўдзіцца нельга: людзі, што валодаюць гумарам, іроніяй — разумныя людзі.

Сама Тамара да ix не з'явілася. Ігнат Андрэевіч, зноў жа па патрабаванні Ангеліны, пайшоў у інтэрнат i прывёў яе на свой дзень нараджэння: сорак пяць стукнула, i ён быў выбраны акадэмікам. Віншуючы, Тамара ўпершыню пацалавала бацьку ў шчаку. Але пасля не з'яўлялася да пачатку новага навучальнага года: з летніх канікулаў прывезла Мятніцкім яблыкаў са свайго саду, з таго, які садзіў яшчэ малады аграном.

Тамара позна выйшла замуж, прарабіўшы гадоў пяць эканамістам на заводзе.

На вяселле запрасіць не прыйшла — прыслала паштоўку са зваротам: «Паважаныя Ангеліна Сяргееўна, Ігнат Андрэевіч...» Ангеліна тут жа пачала разважаць, які купіць падарунак.

— Ты пойдзеш?

— А як жа інакш!

Ігната расчуліла жончына салідарнасць. Але ён нагадаў:

— Там можа быць Марына.

— Абавязкова будзе. I што? У нас дзеці выраслі.

Спрачаліся, які купіць падарунак. Ігнат хацеў дарагую вазу. Ангеліна высмеяла інтэлігенцкую завядзёнку. Халадзільнік ці пральную машыну.

— A калі яны ёсць у жаніха? Слесар — ён багацей за дырэктара інстытута.

— Тады швейную машыну. Тамара яшчэ ў школе, ты казаў, шыла. Калі кінула, няхай успомніць. Вельмі патрэбнае ўменне для будучай маці.

Безумоўна, Марына была на вяселлі, але не госцяй — гаспадыняй. Кіравала кухняй, хоць вяселле было ў сталоўцы, сачыла за парадкам на сталах.

Ігнату хацелася пагутарыць з ёй. Але дзе яны маглі застацца сам-насам? Павіталіся на хаду.

— Як жывеш, таварыш акадэмік?

— Жыву.

— А гаворыш без радасць Цяжка быць акадэмікам? А я шкадую, што не стала акадэміхай. Так хацелася! Як ведала, што ты высока ўзляціш.

Засмяялася весела, гарэзліва, як дзяўчына. Ангеліна стаяла блізка i на смех яе навастрыла вушы. Ангеліна раўнівая. Ігнат баяўся гэтай дзіўнай рэўнасці: ніколі не выказвала яе словамі, ніколі не сварылася, ніводнага слова папроку, але магла па колькі дзён не размаўляць, два-тры словы за сталом — i ўвесь кантакт! Спаць клалася асобна, у агульным пакоі на канапе. Маўклівасць яе выбівала са звыклага рытму i — бачыў ён — не лепшым чынам уплывала на Зосю i Андрэя; рэдкая з'ява: можа, па гэтай прычыне дзеці больш гарнуліся да бацькі, можа, таму, што маці была залішне правільная. Ужо стаўшы студэнтам, Андрэй сказаў аднойчы:

— Ты, мама, кніжная.

Ангеліна пакрыўдзілася. Ігнат даў сыну пстрычку, хоць згадзіўся з ім: трапнае выказванне; ён, муж, за многа гадоў не знайшоў такога эпітэта, простага i ёмкага. А чаму яна такая? Зрабілася «акадэміхай»? Пра гэта ён падумаў на вяселлі, i жаданне пагаварыць з Марынай узмацнілася. Але пра што гаварыць? У Марыны яўна няма такога жадання, інакш знайшла б тэму не для падпольнай гаворкі — агульнай размовы, у вясельнай бяседзе.

Ігнат з сумным гумарам падумаў, што Марына з рэўнасці не маўчала б, а «пакрыла б» благавернага гарачай сялянскай лексікай, нягледзячы на яго званні i рэгаліі.