Выбрать главу

Вось яны, адзнакі «новага парадку», «свабоднага жыцця». Такія сцэны, нават у кнігах, у кіно заўсёды псавалі яму настрой, нагняталі страх за дзяцей, за будучыню чалавецтва. Пры самых высокіх тэхналогіях чалавецтва спаўзае ў першабытнасць, траціць заваёвы высокай маралі. Не ўсё было добра раней, але ж з такой брыдотай, пачварнасцю, брудам сутыкаліся меней.

4...

Ігнат Андрэевіч сказаў сыну i нявестцы, што хоча наведаць брата. Брат яго Ціхан жыў у Гомелі.

— Чалавеку за восемдзесят пераваліла...

— Але ён яшчэ дзябёлы дзядок, — сказала Паліна.

— Дзябёлы, бо ўсё жыццё сталярыў, смалою набрыняў. I цяпер табурэткі робіць, i ix бяруць. Падатковая інспекцыя аштрафавала. Большага глупства не прыдумаеш: пенсіянер, ветэран робіць у тыдзень адну табурэтку, выносіць на кірмаш — плаці падатак, ты ўжо бізнесмен. Гэта вы такія законы складаеце, юрысты?

Андрэй засмяяўся:

— Ты яўна антызаконнік, бацька. A быў жа законнікам.

— Быў, калі парадак быў.

— Гэта так. Кожны закон павінен грунтавацца на чалавечай маралі. Фірма мэблі — гэта адно. Адзінокі пенсіянер, які робіць тры табурэткі за месяц, — зусім іншае. Да ўсяго патрэбны індывідуальны падыход. Падатковых інспектараў безліч, а праверыць, што за станKi стаяць у Ціхана Мятніцкага, нікому ў галаву не прыходзіць. Напэўна, рубанак, разец, малаток... Бачыў яго фірму. Усё на кухні. Магутны чалавек дзядзька Ціхан.

Ігнату спадабалася, што сын такой думкі пра дзядзьку, i ён нагадаў, што Ціхан яшчэ i «Спіноза», мудрэц i жыцця люб.

— Я не такі.

— Не трэба стагнаць, бацька, — сказала Паліна.

— Я не стагну. Чула ты ад мяне? Можаш назваць старым занудам?

— Не, не чула. Але ў тым i бяда, што вы стогнеце не перад намі. Перад сабой.

— Як ты магла пачуць мой стогн перад самім сабой? Гэта — штось з падсвядомасці.

— А яна — шаманка, у яе маці чарадзейка.

— Ну, ты выдумаеш! Мая маці праваслаўная, ніводнага богаслужэння не прапускае.

Успамін пра старога сталяра даў тэму на ўсю вячэру — пра філасофію жыцця. Нават Светка выказвала свае дзіцячыя фантазіі, i часта зусім не прымітыўныя.

«Вось так бы кожны вечар. А то сядзім, як сычы», — падумаў Ігнат. A ўначы прыйшла нядобрая думка: «Гэта яны таму такія ўзбуджаныя i вясёлыя, што я ад'язджаю, без мяне ім лепш».

Адганяў яе, думку гэтую, але яна назойліва вярталася i вяла за сабой тыя, якія прыходзілі ўжо не аднойчы — пра свой фінал. Не, не смерць страшыла i наганяла жалобу да слёз. Самае цяжкае было ўсведамляць, што нехта з блізкіх сапраўды думае, што без яго ім жылося б... не шчаслівей, не, на гэта наўрад хто спадзяецца ў такім... даруй мне, Госпадзі... у такім бардаку. Але, можа, спакайней, без клопатаў, без гарчычнікаў i клізмаў.

Здзівіўся: позна заснуў — рана прачнуўся. Як тольKi Паліна першы раз бразнула на кухні каструляй.

Поезд адыходзіў у дзевяць раніцы.

У купэ ўвайшоў сусед, адзін, перад самым адыходам поезда. Не павітаўся. Ігнат Андрэевіч павітаўся першы. Пасажыр прыветліва адказаў.

Сеў, падняў каўнер плашча, хоць ў вагоне было даволі цёпла, i літаральна праз пяць хвілін, як састаў крануўся, смачна захроп.

Ігнат пазайздросціў яму i загадаў сабе ўзяць з суседа прыклад.

Прываліўся ў куток каля дзвярэй, павесіўшы на кручок партфель, у якім былі разцы для Ціхана i канадскае насенне гародніны; няхай брат пасее — у каго лепш вырасце.

Прачнуўся ад галасоў у тамбуры. Поезд стаяў.

Сусед глядзеў на яго вясёлымі вачыма.

— Аднак моцныя вы на сон. Я з паўгадзіны пакімарыў, а вы ад Асіповіч да Жлобіна.

— Хіба ўжо Жлобін?

— Не чуеце гармідар на пероне? Плюшавыя лялькі прадаюць.

У купэ ўвайшла пажылая жанчына з вялікім мяккім клункам. Хораша ўсміхнулася. Усмешка гэтая чымсьці нагадала Ігнату ўсмешку Марыны, яго першай жонкі. Тую, даўнюю, на Тамарыным вяселлі. Але калі тое было? Павел у арміі адслужыў. Ці жывая яна, яго першае каханне? Жывая. Пра смерць Тамара ці дзеці яе паведамілі б. Якая ж яна цяпер? Бяззубая бабуля? I дзіўна — у яго моцна забілася сэрца. Быццам ён ехаў на сустрэчу з чалавекам, якога не бачыў чвэрць стагоддзя. Ды не, не з ёй. I не з «вясельнай» маці. А з той Марынай, якую кахаў, якая была яго жонкай паўстагоддзя назад, вясёлай, шумнай.

Заплюшчыў вочы, але прывід Марыны не адступаў. I не адзін. Ён бачыў тры Марыны: маладую даярку ў белым халаце, сівую заклапочаную гаспадыню на вяселлі дачкі. I — як у тумане — сённяшнюю, без выразнага аблічча. Адна старэчая постаць.