«А чаму б мне не наведаць яе? — з'явілася нечаканая думка. — Не чужыя ж. Дачка ў нас. Міма ж буду праязджаць».
Чым больш думаў пра Марыну, тым больш мацавалася жаданне сысці на знаёмай станцыі.
Але было i сумненне. Ці трэба гэта? I страх: як прыме Марына? Ад яе i ад старой можна ўсяго чакаць.
«Ды не, не пагоніць мяне. На Тамарыным вяселлі была ціхая, уважлівая i відно было: радавалася, што побач з дачкой у царкве i ў загсе — яны, бацька i маці.
Хвілін дзесяць сядзеў моўчкі, заглыблены ў свае думкі, у сваю таемную варажбу: выйсці, не выйсці? Гаварлівая новая пасажырка раздражняла. Украінка. Купіла плюш.
— Я ж дабрэнна ўмею шыты. Такі мой бізнес.
А станцыя — тая, на якой ён выходзіў з цягніка i садзіўся ў яго сотні разоў, — няўмольна набліжалася. Спалохаўся: не праехаць бы. Падхапіўся, апрануў пінжачок.
— Вы куды? — спытаў мінскі сусед. — Да Гомеля яшчэ далека.
— Мне не да Гомеля. У Гомель пазней. Мне тут трэба наведаць аднаго чалавека.
Узяў партфель, развітаўся з пасажырамі. Спытаў у правадніка: спыняецца на станцыі?.. Спыняецца.
Усё такое ж, як было i паўстагоддзя назад. Счарнелы элеватар, накрыты новым шыферам. Платформа, здаецца, тая, драўляная, выбітая ботамі, на якую сотні разоў ступалі яго ногі... маладыя ногі. I ліпы, здаецца, тыя ж. Ці такія ж выраслі новыя? За паўсотні гадоў усё магло вырасці. Аднак будынак станцыі той жа, адбудаваны пасля вайны, дзіўна, па тым жа дарэвалюцыйным праекце — з чырвонай цэглы.
Ступіў на дошкі платформы, яны знаёма зарыпелі. Цеплавоз натужна засіпеў, i над элеватарам узляцела чарада вераб'ёў, як i тады, калі гудзелі паравозы.
Так, усё знаёмае. I ў той жа час незнаёмае. Прыстанцыйная веска тая ж, толькі па вуліцы яе пракладзены асфальт. Прагрэс! «Чарнобыльскі», — сумна пасміхнуўся Ігнат Андрэевіч. Нейкая доза нуклідаў асела i тут, праўда, не такая, каб адсяляць людзей. Наадварот, за сялом, пад ляском, вырас цэлы пасёлак. Цагляныя катэджы. Дачнікі? Ці чарнобыльцы? Дачнікі. У чарнобыльцаў дамы былі б аднолькавыя, а тут розныя, штук колькі — цэлыя палацы.
«Нямала багатых напладзілася», — падумаў Ігнат. Ён даўно асуджаў бяздумную будоўлю: у каго большы! Немцы такіх харомін не ўзводзяць. А нашы «з гразі лезуць у князі». Атрымалі свабоду! Усе накапленні — у цэглу, як у зямлю. I ў метал — у машыны замежныя. Мала хто думае пра будучыню дзяцей, дзяржавы. Авантурысты мінулага стагоддзя, капаючы золата ў Кландайку, будавалі за яго Амерыку — заводы, чыгункі, фермы. Што будуюць нашы авантурысты? Заробленае — у зямлю, украдзенае — у Швейцарыю.
Думкі такія мільганулі, як мімалётнае адлюстраванне доўгіх i цяжкіх начных роздумаў.
На пляцоўцы каля вакзала стаялі легкавушкі. Але, калі верыць ix вадзіцелям, ніводная не ішла ў Марыніну вёску. Яно i не дзіўна, няма скразной дарогі — Дняпро.
Пайшоў пехатой. З партфелем у левай руцэ, з кійком у правай. Кульгаў — балелі ногі.
Мінуў вёску. Прайшла адна машына, другая, трэцяя... Галасаваў. Hi адзін малады «новы» не паспачуваў старому чалавеку. Разам з расчараваннем у людзях (не было раней такога, каб калгасны шафёр ці ён, аграном, не падвёз старога падарожніка), разам са стомленасцю (двойчы садзіўся на ўзбочыне), з болем у нагах расло расчараванне сваім рашэннем: пабег юнак на спатканне! Стары дурань!
Ну вось яно i сяло, якое ён усе гады працы ў раёне, нават пасля разводу з Марынай, лічыў родным. Любіў яго ці не больш, чым сваю маленькую прыпяцкую вёсачку; пасля Чарнобыля там нікога не засталося, а куды адселены сваякі, не ведаў. Во, брат у Гомелі, сястра — у Оршы.
Не ведаў, якое было свята. Але як толькі ўступіў у вёску, адразу ўбачыў: дзень святочны. На прызбах, на лавачках пад клёнамі (у сяле было многа клёнаў) сядзелі бабулі ў святочных строях.
Ігнат Андрэевіч вітаўся з імі i ўвогуле з кожным сустрэчным, нават маладым. Яму ветліва адказвалі, але яўна не пазнавалі: здагадкі, якія чуў за сабою, былі неўпапад.
Вось i дом. Той, які будаваў, лічы, уласнымі рукаMi — рабіў з цеслярамі, з печнікамі. Ды i сам нямала чаго зрабіў: аканіцы з разнымі ліштвамі, «канёк» над весніцамі. Глядзі, не згніў. Не, абнаўлялі. Марына абнаўляла. Дом па-гаспадарску ашаляваны «вагонкай», якая пафарбавана ў зялёны колер. З клёнаў, якія ён садзіў, застаўся толькі адзін. Але які! Волат.
У яго цяні на лавачцы сядзелі тры старыя жанчыны. Ігнат пазнаў сярод ix Марыну. I вельмі ўзрадаваўся, што яна не змянілася, твар яшчэ не быў спаласаваны зморшчынамі. Чысты, дагледжаны твар старой жанчыны. Квяцістая чырвона-зялёная пасынка прыгожа аздабляла яго.
Наблізіўся, павітаўся. Бабулі адказалі хорам, як адказалі б кожнаму, хто першы даў ім «дзень добры».