Ён прыпыніўся, абапёршыся на кіёк.
— Сядай, добры чалавек, калі стаміўся.
А Марына раптам войкнула:
— Вой!
На яе азірнуліся.
— Дык гэта ж мой Ігнасік! Ці не ў Кіеў ты сабраўся Богу маліцца? — Марына не магла без жартаў. — Цяпер жа ўсе камуністы Богу моляцца.
А пасля ўжо сур'ёзна, як з блізкім, павіталася:
— Дык добры ж дзень, Ігнат Андрэевіч. Не чакала пабачыць.
Дзве бабулі падхапіліся з лаўкі. Адна строга наказала:
— Прынімай жа госця, Марына. Не помні зла. Жыві па-евангельску.
Бабулі адышлі.
Калі яны засталіся ўдваіх, Марына нібыта збянтэжылася, як некалі ў маладосці:
— Як жа гэта ты?
— Ды во ехаў... да брата... Не мог праехаць міма. Пацягнула. Пабачыць захацеў.
— Тамару бачыў?
— Заходзіў нядаўна. У карты пагулялі. Вясёлая сям'я.
— Тамары пашанцавала...
«Не як маці», — скончыў у думцы за былую жонку. Але не сказаў, толькі вінавата схіліў галаву.
— Хадзем жа ў хату. Госцем будзеш. Галодны?
— У поездзе не еў, хоць нявестка нешта паклала.
— Нявестка так не накорміць, — засмяялася Марына, i гэты незразумелы яе смех нядобра крануў: не хацелася, каб пра яго нявестку дрэнна падумалі.
Ён сеў на лавачку, на яе цёплае месца. А яна стаяла, адступіўшы на санцапёк. Глядзела сур'ёзна, сумна, спагадліва.
— Пастарэў ты, Ігнатка.
— А хто памаладзеў у мае гады?
— Жэняцца яшчэ некаторыя. Вунь у нас...
— Марына, не блазнуй. Жэняцца тыя, каму няма куды дзявацца, калі няма каму маннай кашы зварыць. A ў мяне свая кватэра, сын... Зося часам прыязджае. I Павел заходзіць, ён добры, а вось Насця ні разу не прыйшла.
— I ты лічыш яе нядобрай? Яна саромеецца. Дзіця. Хадзем у хату. А то вунь ужо збіраюцца паглядзець на свайго агранома. Нямнога тых засталося...
Ігнат цяжка падняўся — стрэльнула ў спіну ад нязвыклай стомы, даўно не рабіў такога шляху.
У «светлай» палове хаты стаяла прыемная прахалода. Пабагацела мэбля — не такая, як у майстра на ўсе рукі дзядзькі Атроха, які ў бедныя пасляваенныя гады мэбляваў, бадай, усё сяло. Цяпер усё фабрычнае: стол, ложак, крэсла, канапа. I тэлевізар не самай даўняй маркі. На сцяне, паміж вокнамі, фотакарткі ў «арцёмаўскіх» бярозавых рамках. Ігната кранула, што сярод ix знайшлося месца i яму, маладому, не аднаму: яны ўдваіх з Марынай сядзяць, схіліўшы, як галубкі, галовы адно да аднаго. Доўга разглядаў фота. Марына нячутна падышла ззаду, спытала:
— Бачыш, якія мы з табой былі?
— Ты — прыгажуня, а я — вахлак.
— Не кажы. Ты быў хлопец — хоць куды.
— Быў...
Марына засмяялася.
— А ты хацеў такім i застацца? Не бывае так. Усе старэем. У малпаў ператвараемся.
— Тваёй старасці не відно.
— Не відно! А бачыш, ніводнай карткі сённяшняй не павесіла. А думаеш, не здымалі? Адзін Павел тры дні шчоўкаў. Не люблю глядзець на сябе старую.
— А мяне ў часопісе памясцілі, i я ганарыўся.
— Цябе памясцілі як вучонага. А вучонасць... не старэе.
— Мудрая ты, Марына. Вучонасць не старэе. Вучоныя старэюць.
— Была б мудрая, калі б не была дурная. Такога мужа ўпусціла.
— Шкадуеш?
— A ўжо ж.
— Прабач. Віна мая. Ты кляла Ангеліну, а яна пра цябе дрэннага слова не сказала.
— Царства ёй нябеснае. Слоў я сказала многа, розных, але злосці не мела... На яе. На цябе мела. Але i табе пасля даравала. Я добрая.
— Я знаю, што ты добрая. I дзякуй табе за гэта. З верай у тваю дабрыню я i завітаў. Ведаў: не прагоніш.
— А куды мы можам гнаць цяпер адзін аднаго? У нас адзін дом — вечны. Але туды не будзем спяшацца.
— Аслаб я, Марына, за апошні год, пасля смерці... Ад станцыі ледзьве даклыпаў...
— Прагаласаваў бы...
— Галасаваў. Ніхто не ўзяў дзеда з кійком.
— Маладыя такія цяпер!.. Гады! Ну, ты адпачывай. А я абед згатую. На скорую руку. Блінчыкі не разлюбіў? I «сатану» спяку. На сале есці будзеш?
— Есці я ўсё ем, a сілы не маю. Толькі ж не на пяцьсем яек, як маладому паляводу. Два максімум. А сала... сала смажанае я даўно не каштаваў.
Марына засмяялася i па-маладому ўвішна пайшла на кухню.
Супакоены, задаволены, Ігнат сядзеў у куточку канапы перад акном, на якое падаў вячэрні цень клёна. Прыгадаў, што клён гэты садзіў ён сам, калі збудаваў хату. I ні разу не сядзеў пад ім. З-за аднаго гэтага варта было ісці ад станцыі. Няхай i баляць ногі.
«Паеўшы, каўтну індаметацын».
Набор лекаў вёз з сабой, уласна, у партфелі i былі толькі лекі, таму i пільнаваў сваё дабро, нават тут па прывычцы паставіў партфель ля канапы, каля сваіх ног, як бы спадзеючыся, што гэтак, блізкасцю сваёй, таблеткі будуць дапамагаць.