«Як сказаць Марыне, што я хачу на дзянёк-два затрымацца? Адпачыць. Ад каго? Ад Андрэя? Ад Паліны? Не. Ад горада. А больш правільна: пабываць у сваёй маладосці, удыхнуць паветра мінулага. Шкада, што няма яшчэ жніва, малацьбы. Якім салодкім быў водар спелай збажыны!»
Не стаў адкладваць высвятленне свайго становішча: паклікаў Марыну.
— Мар'яша! Дазволіш пабыць у цябе дзянёк-другі? Адпачыць ад... дарогі. Доўгай-доўгай дарогі.
— Ды ты што, Андрэевіч, жыві колькі хочаш. Лічы, што гэта твая хата. Сам бярвенні вазіў, абпілаваўшы на лесапілцы, i цеслярам памагаў. Людзі памагалі табе. Помніш суботнік? Ой, не адрывай ад пліты, блінчыкі гараць!
Заспакоены такой Марынінай шчодрасцю, адкінуў галаву на спінку канапы i непрыкметна i хутка заснуў. Сніў, што яны з Ангелінай прыехалі не на сваю ждановіцкую дачу, a ў гэтую хату. I Ангеліна незадаволеная. Гэта яго хвалявала, ён не мог сцяміць, што ёй не падабаецца, ажно пакуль не пачуў голас Марыны:
— Ігнась, абед гатовы.
Ён з цяжкасцю адарваў галаву ад спінкі канапы.
— Ты трывожна спаў. Каб спакойна, я не стала б цябе будзіць. Намучыўся?
— Не за дарогу. За жыццё, — паспрабаваў жартаваць.
— Табе нялёгка жывецца? — спытала Марына ўжо за сталом.
— Ды не, нічога. Хоць, ведаеш, у мяне лепшы кантакт з малой Светкай, чым з мамай i татам яе, яны цалкам у сваёй працы. I няма ў ix часу i тэм для размовы з бацькам.
— Дык яно ж заўсёды так: малое i старое знаходзяць агульную забаву.
— Ды не толькі забаву. Філасофію. Во што цікава. I гэта зусім не пустая філасофія, не дзіцячыя фантазіі. Фантазіі, але з сэнсам. Калі ўдумацца.
— Тамара малая была вялікая выдумшчыца.
— Не любіць яна мяне.
— Ну што ты!
— Hi разу не праведала. Дачка родная. Крыўдна.
Марына ўздыхнула.
— А ёй, думаеш, не крыўдна было?
— Я разумею.
— Ты ж мудры чалавек.
— Я не наракаю на яе.
— Я так не магу: каб на ўсё жыццё крыўда. Сэрца счарнее.
— А знаеш, я вып'ю тваёй чарадзейнай настойкі. Можа, памаладзею. За цябе. Будзь здаровая. Жыві на
радасць унукам.
Выпіў чарку бурштынавай гарэлкі, настоенай на абляпісе. Спытаў зноў, на гэты раз бадай сарамліва:
— Дык дазваляеш пажыць у цябе дзянёк-другі?
— Ды жыві колькі хочаш, Ігнась. Чужыя жылі. Геолагі. I ў нас нафту шукалі, па гэты бок Дняпра. Не знайшлі. Не шырока яна разлілася ў тым падзямеллі.
Ігнату стала весела, ён пацягнуўся да графінчыка, каб наліць яшчэ.
— Не трэба, Ігнась.
— Японцы даказалі: хто выпівае патрошку, той даўжэй жыве. А я ўжо гадоў дваццаць цвярознік. Пасля першага прыступу.
— Частыя яны ў цябе, прыступы?
— Цяпер — не. Як ні дзіўна. Цяпер — ногі. Аслаблі ногі. А галава трымаецца. Пішу. Яшчэ нават пішу.
— Пра бульбу ці кукурузу?
— I пра жыццё сваё. Без працы не магу. Кукурузу дарэмна занядбалі тут, на Гомельшчыне... Мы ж для Беларусі — што Херсоншчына для Украіны.
— Хочаш, я лазеньку прапалю. I папару цябе свежым венічкам. Была хоць гарачая вада ў сталіцы?
Прыгадаў, што душ прымаў даўно.
Ад думкі пра лазню павесялеў: як Марына будзе яго парыць? Голая?
Пасля абеду, застаўшыся адзін, зноў заснуў, але з перапынкамі, з унутраным сорамам, як на пасяджэнні: спіш — i стараешся паказаць, што ўважліва слухаеш; знаходзіш аловак, заціснуты ў блакноце, хапаешся запісваць пустыя думкі пустых прамоўцаў. Няхай бачаць, што не спіць чалавек.
Прачнуўся не ад сораму перад аўдыторыяй, а ад рыкання кароў. Статак гналі з пашы дадому. Каровы ўзнялі пыл, i ён быў ружовы — заходзіла сонца. Карціна гэтая, якую даўно не бачыў, захапіла i нагадала прыемную прахалоду маленства, маладосці.
Прыйшла Марына з рушніком на мокрых валасах, у доўгім квяцістым халаце, у тапках на босую нагу.
— Ну, я ўжо памылася. Твая чарга. Сарочку чыстую я табе дам, Паўлава засталася.
Лазня стаяла ў канцы гарода каля крынічкі; паўстагоддзя назад яна была паўнаводная, а цяпер каціўся струменьчык — курыцы перайсці. Але насупраць лазняў пакапалі ямы — збіраць ваду. Ад крыніцы пахла прэлым альховым лісцем. А з лазні патыхнула жарам i свежай бярозай.
Ігнат Андрэевіч скінуў сарочку, штаны, але застаўся ў трусах. Марына была ў доўгай, да пят, сарочцы.
— Гэта ты саромеешся? А Божа! — засмяялася Марына. — Быццам я не бачыла... Будзеш хадзіць у мокрых трусах?
У адказ на выклік Ігнат скінуў трусы i палез на палок.
Марына выліла коўш вады на каменне. Пара не абпякла, прыемна пагрэла.
Яна легка пасцёбала бярозавым венікам яго спіну, ногі.
— Худы ты. Можна падумаць, што нявестка не корміць цябе.