Выбрать главу

— Корміць. Але ў яе не застаецца часу на гатаванне. Суп ды каша. Як салдату.

— Ох, гэтыя вучоныя! Хопіць сцёбаць?

— Каб ногі папарыць. Пырсні на камяні. Можа, падагра мая адступіць. Сагрэюцца суставы.

Марына бадай жа зняла яго з палка, пасадзіла на лавачку.

— Памыешся сам?

— Сам.

— Глядзі, падлога слізкая. Не ўпадзі. Я пасяджу каля лазні. Калі што — кліч.

Выціраючыся i апранаючыся, стары сапраўды адчуў сябе памаладзелым.

Вячэралі ў прыцемку — пілі сырадой з блінамі з пшанічнай мукі калгаснага памолу. На зубах хрумсцелі неразмеленыя зерні. Але які, аднак, смак быў у гэтых бліноў i ў малака!

Не ўгледзеў, як Марына паслала пасцелі, дзве — на шырокім ложку i на канапе. Яму прапанавала ложак. Але тут Ігнат запярэчыў:

— Госць не займае гаспадарскай пасцелі.

I лёг на канапе.

Заснуў хутка, без таблетак, даўно ўжо так не засынаў. Натаміўся, як сказала Марына.

Калі прачнуўся ўначы, не адразу сцяміў, дзе знаходзіцца, куды ісці, дзе дзверы. Доўга шкрабаў па дзвярах, шукаючы зашчапку. Разбудзіў Марыну. Яна адгукнулася:

— Казала, вазьмі пасудзіну.

Ён i тады, увечары, заемяяўся з яе прапановы, i цяпер.

На дварэ была прыемная прахалода. I нязвыклая цішыня. Даносіліся нейкія глухія гукі, здавалася, з далёкага космасу, ад цьмяных зорак. Не, во i зямныя істоты: дзесьці далёка ў лесе пракугукала сава, a блізка ў хляве цяжка ўздыхнула карова.

Да світання не мог заснуць. Чуў, што i Марына не спіць. Але зачапіць яе словам не хацеў: начной размовы баяўся. Пра што могуць старыя гаварыць пасярод ночы? Ноч — для маладых. Заснуў урэшце. I напэўна, мог бы праспаць, як дома, у горадзе. Але Марына, якйя ca.ма паднялася з першым промнем сонца — карову выганяла, — палічыла, што старым доўга спаць непрыстойна. Ды i прасіў Ігнат разбудзіць раней — саромеўся, што будзе спаць да паўдня.

Разбудзіла яна бразганнем посуду, збіраючы снеданне.

За якія тры дні Ігнат адчуў сябе дужэйшым: прачынаўся раней, нядоўга драмаў удзень у цяні пад паветкай. A галоўнае — набыў душэўную ўпэўненасць. Усё здавалася блізкім, родным, як у маленстве. Прастору — нібы ўвесь свет твая ўласнасць. Працаваў на зямлі, часта жыў у калгасах, сваю дачу меў. Але ўсё гэта не тое. У камандзіроўках адчуваў адзіноту, хоць рабіў на полі сярод людзей. На дачы гняла цесната: суседняя дача — акно ў акно. Сялянскія хаты гэтак жа прытулены адна да адной, але збудаваны яны разумна, i добры сусед нічым не раздражняе.

Тут адзіноты не адчуваў, хоць ніхто не дакучаў, кожны займаўся сваёй справай. Марына рабіла на гародзе, у полі, дзе выдзелілі ёй участак; зямлі цяпер не шкадавалі, толькі рабі. Ігнат Андрэевіч здзіўляўся, навошта Марыне столькі бульбы. Яна ў адказ уткнула:

— Адарваўся ты ад зямлі. У мяне ж карова i свінні.

А навошта столькі жывёлы? Ці не з першага дня адчуў, што Марына не любіць размоў пра гаспадарку, пра багацце. Пра карову магла гаварыць, як пра блізкую сяброўку, пра малако, якое здавала ў былы калгас, цяперашнюю фірму, па кантракце, але найперш не для таго, каб зарабіць грошай, — каб далі сена, нейкага паўгектара лугу. А добрая палова свініны ехала ў Мінск — дачцэ, унукам. Але гэтую тэму Марына бадай не закранала. Ігнат таксама абыходзіў яе.

Першымі яго сябрамі сталі дзеці. Аднойчы, калі ён сядзеў на лавачцы, падышоў хлапчына, Пятро Выганаў, трэць вёскі былі Выганавы. Смела сеў побач:

— Ну што, скончыў вучобу? — спытаў Ігнат.

— У шосты перайшоў, — з гонарам адказаў хлопец. — З пяцёркамі.

— Малайчына. Вучыся, брат.

— A праўда, што вы вучоны?

— Доктар навук. Акадэмік аграрнай акадэміі.

— Ух ты! A былі калісьці аграномам у нас?

— Быў.

— А на фронце былі?

— I ў партизанах, i на фронце.

— Ух ты! А раскажаце?

— Раскажу.

— Дык я ўвечары хлопцаў прывяду паслухаць вас.

Дзіўна, нечаканы, хоць, здавалася, звычайны занятак, яго, чалавека, які на лекцыях з'еў зубы, расхваляваў. Што расказваць? Як расказваць такім слухачам? Выступаў часам у школах пад Дзень Перамогі, на свята Савецкай Арміі, але ж там ужо выпрацаваная схема. Ды нярэдка меў расчараванне: няўважліва слухалі дзеці, мабыць, вайна абрыдла ім.

Гэтыя шасцёра хлопцаў слухалі надзіва ўважліва, пытанні сыпалі, як гарох. Мабыць, яны разнеслі славу пра акадэміка. У пахмурны святочны дзень сабралася на Марынінай лаўцы група дзядзькоў: равеснікаў яго — чалавекі два, астатнія — маладзейшыя. Але як плуг гадоў узараў іхнія загарэлыя твары.

— Пра вайну ты нам не расказвай — мы не школьнікі. Прасвяці, Андрэевіч, у палітыцы. Вельмі ж заблытаная яна. Па тэлевізары не разбярэш. Адзін дзень адно, другі — другое.