— А можа, нам i праўда запісацца?
— Куды запісацца? — зрабіла выгляд Марына, што не зразумела.
— Шлюб наш аднавіць...
Марына ўсміхнулася, паўтарыла дзіцячую дражнілку:
— Жаніх i нявеста наеліся цеста. Куры засмяюцца. I сяло рагатаць будзе. У царкву ж трэба ісці. Вярнулася старое. Ты да Бога вярнуўся? A калі вярнуўся, то не грашы. Двойчы аднае i тае ж рукі не прасі. Нельга.
Хацеў спытаць, у якіх святцах гэта запісана, але змаўчаў: самому здалося святатацтвам гаварыць на такую тэму.
Пасля гэтай размовы Марына як бы аддалілася ад яго. Не, знешне нічога не змянілася, але як бы вырас невялікі парожак паміж імі. Не адчужанасці, а нейкай не' сялянскай — інтэлігенцкай далікатнасці. Знікала першапачатковая сваяцкая блізкасць. Усталёўваліся адносіны гасціннай гаспадыні з добрым, чулым, інтэлігентным кватарантам. Марына нават стала рэдка клікаць «Ігнась», а больш — «Ігнат Андрэевіч». У яго ажно страх з'явіўся: не перайшла б на «вы»!
I так падумаў: «А ці не час падзякаваць Марыне за два тыдні гасціннасці i — ногі на плечы». Не хацелася. У горад не хацелася. Ды i ў цікавую працу ўлез: пазнаёміўся з дырэктарам сельгасфірмы, у якую пераўтварыўся калгас, — Кузьмом Гайкам, чалавекам сярэдніх гадоў, былым старшынёй райвыканкама. Хітры гаспадар адразу сцяміў, што са старога вучонага-аграрніка можна яшчэ нешта выцягнуць; ён не толькі палявод, але i эканаміст. A эканоміку трэба перабудоўваць: рынак вымушае, да яго нялёгка прыладжвацца нават такім зубрам, як Гайка. Сядзелі вечарамі, абмяркоўвалі спрэчныя праблемы. A ўдзень Ігнат Андрэевіч складаў праграму развіцця гаспадаркі. Праўда, ён хутка астыў да гэтай працы: для эканамічнай часткі яму давалі пустыя другарадныя бухгалтарскія паперы, як здзекаваліся. Ён паскардзіўся Марыне. Яна ўзлавалася:
— Не лезь, куды не просяць!
— Дык папрасілі ж. Сам Кузьма Гайка.
— О, ты не знаеш гэтую гаечку! Такая гайка каго хочаш закруціць.
А потым пачуў каля крамы, як п'яныя рабочыя лаялі Гайку, Шпільку (бухгалтар — Шпілеўская) i Пальчыка (эканаміст-планавік Пальцаў). Падумаў: «Не бывае дыму без агню. Голас народны...»
Ігнат Андрэевіч працы не кінуў, але некаторыя свае веды не выкладаў. Гайка адчуў гэта i сам параіў:
— А ты на пуп не бяры, Андрэевіч. Часу ў нас хапае. Адпачывай.
— У вас у запасе вечнасць. У мяне — часу нямнога. А хацелася б яшчэ нешта зрабіць.
— Залаты ў вас характар. Вось бы мець такога памочніка. Позна вы з'явіліся.
Але «добранькі» дырэктар прыкметна аддаляўся, ва ўсякім разе, дыскусій эканамічных пазбягаў, пераключаўся на высокую палітыку. Пярэчыў часам знарок, каб «завесці» вучонага i цешыўся з яго гарачнасці. А Марына пачула, папярэдзіла:
— Не гарачыся. Ён знарок табе пярэчыць. Яму што. Яму пяцьдзесят. У яго сэрца — што ў быка. А тваё хліпкае... Беражы сябе.
Такі клопат Марынін кранаў i яшчэ больш збліжеў, так, прынамсі, яму здавалася. I ён не пакідаў надзеі аформіць адносіны так, каб застацца тут, у цішыні, назаўсёды. Успамінаў Светку, сумаваў, пісаў ёй добрыя, ласкавыя, цікавыя пісьмы. Каб можна было з'ездзіць у Мінск i вярнуцца назад! I каб яго чакалі i тут, i там. Эгаістычнае жаданне. Але стары, што дзіця, цешыць сябе нязбыўнымі фантазіямі.
Разам з тым чэрствы рэаліст, ён разумеў, што казкі канчаюцца, нават самыя добрыя. Баяўся, што i гэтая скончыцца, у ціхай чыстай хаце, пад шэпт клёна, дзе ён прыкметна падужэў. Нават хадзіць пачаў без кія. Упікаў сябе, называў прыжывалам, але гэта сумлення не кранала. Урэшце, яму трэба толькі чалавечая цеплыня; харч ён купляе — аддае Марыне тры чвэрці сваёй немалой (у параўнанні з яе) пенсіі. Спачатку Марына саромелася, адмаўлялася браць:
— Што ты, Ігнась! Як кватарант. А ты ж госць мой.
Гэта яго цешыла i жывіла надзею. Горш стала, калі яна пачала ахвотна браць яго долю i чакала, калі Андрэй прышле па пошце бацькавы грошы.
Марына нават спытала, навошта ён збірае «чацвяртушкі».
— Свеце куплю падарунак — абноўку якую.
— Дык ведай жа: тую частку пенсіі, што даеш мне, я адсылаю нашым унукам. Насця вучаніца. А хочацца ж дзяўчыне адзецца. А Тамара, ведаю, не самая шчодрая маці. Тамара — як i я. У маладосці таксама была скупая.
— Я не адчуваў гэтага.
— Бо ўсе грошы, i мае, i твае, былі ў мяне. Ты ж залаты муж быў — не піў, не курыў.
— Цяпер не такі?
— Цяпер ты адзінокі пенсіянер.
— Адзінокі, — стоена ўздыхнуў.
Ашаламіла эпітэтам «адзінокі». Няўжо адчула, што ён душэўна адзінокі? Дык не ж! Тут, з ёю, не адчуваў той адзіноты. Жыве нармальным жыццём.
Марына адкрытая i ў той жа час таемная, як за сямю замкамі. Трэба не адзін пуд солі з'есці разам, каб зразумець усю яе сутнасць жаночую, сялянскую, бухгалтерскую. Хіба адну рысу свайго характеру — дабрыню — выкладвала на далоні. Ды i дабрыню магла здзьмухнуць з далоні ў адзін міг. Праўда, у адносінах да Ігната гэтага не зрабіла ні разу. Некаторым вяскоўцам пасля пахвалы магла тут жа прыгадаць грахі.