Выбрать главу

У вёсцы яе i паважаюць, i трохі баяцца: многа яна ведала людскіх грахоў — гаспадарскіх, калгасных. Але што цешыла Ігната: ніхто не назваў былую бухгалтарку зладзейкай. Чуў нават такое: «Калгас трымаўся на яе плячах». Найвышэйшая пахвала! А яшчэ пачуў, што Марыну называюць «наша Мардзючыха». Пасмяяліся разам з ёй, успомніўшы фільм са знакамітай актрысай. Не, Марына не такая, Марына мякчэйшая, дабрэйшая. Падумаў так, але ёй не сказаў.

Надышоў сенакос. Пакуль касілі калектыўнае, асаблівых спрэчак не было. Але Марына ездзіла зграбаць сена, стагаваць. Ігнат адгаворваў:

— У твае гады. Не шкадуеш ты сябе.

— Я павінна зарабіць яшчэ хоць пяць сотак. Сёлета трава слабейшая, разліву не было. Летась i трава была добрая, i малака я здала больш, i то ледзь дацягнула да новай пашы.

Вэрхал узняўся, калі пачалі дзяліць сенажаць рабочым — па працы кожнага. Трава была ў пойме Дняпра, за дванаццаць вёрст, a спрэчкі гарэлі ў сяле. Нялепшы сам па сабе надзел быў разбіты на сотню ўчасткаў, няроўных па плошчы. Таму нумаркі цягнулі асобна: большых участкаў, сярэдніх, «сіроцкіх». «Сіроцкія» на лясным балоце: асака. Ніхто не згаджаўся, што рабіў менш. Мала здаў малака? Дык дзеці ж малыя.

У Ігната Андрэевіча не прасілі дапамогі, але яму чамусьці скардзіліся, асабліва жанчыны, Марыніны сяброўкі, суседкі. Можа, спадзяваліся, што ён «націсне» на Гайку, хоць ведалі, што дырэктар у раздзеле не ўдзельнічаў, рабілі па прынцыпе поўнай дэмакратыі: выбіралі камісію, друкавалі нумаркі. А далей тваё шчасце, што выцягнеш: лагчыну з травой па пояс ці касагор, дзе трава пажоўкла ўжо.

Марына не хвалявалася: яна выцягнула лагчыну. Праўда, была i тут свая цяжкасць: частку травы з лагчыны трэба выносіць з вады на бугор — для прасушкі. Сваё сена на лузе не пакідалі, усё перавозілі ўлетку, стагавалі на гародах, складалі пад паветкамі, на гарышчы хлявоў. Частка калгасных стагоў стаяла ля саннай дарогі. Неяк павялося тут, не ў прыклад іншым гаспадаркам, што калектыўнае кралі радзей; Гайка ўмеў арганізаваць ахову, i міліцыя як бы аднаму яму служыла.

Марыне, як заўсёды, пашанцавала: яна выцягнула зайздросны для іншых участак — найгусцейшая трава, падсеяная, з канюшынай.

Касцоў яна наняла за грошы. А зграбала, складала ў вялікія копы сама, каб менш прамачыў дождж, бо заўжды дождж ідзе не там, дзе просяць, а там, дзе косяць. I вазіла сама з дапамогай пляменніц на трактарным прычэпе.

Ігнат не вытрымаў перасыпаць пясок з малымі — напрасіўся калі не падаваць сена, то ўкладваць яго на прычэпе, а гэта работа ўмелых, не кожны ўмее скласці воз так, каб не абрынуўся. На вазы дзедаўскім спосабам, пад рубель, накладвалі часам больш, чым на вялікі трактарны прычэп, які мог бы павезці ў тры разы больш.

Марыне не падабалася, як ён укладвае — ссадзіла з прычэпа, як малога, падпашкі зняла. Спрытна ўзлезла сама. Яна ўмела ўсё.

Ігнат Андрэевіч не мог стаяць склаўшы рукі, узяўся памагаць дзяўчыне.

Марына папярэдзіла:

— Не бяры, дзед, на пуп.

Ён раз ускінуў, другі, трэці... Атрымаў нават пахвалу:

— Глядзі ты, не развучыўся акадэмік.

А потым натрапіў пласт зляжалага сена. З натугай падняў яго над галавой і... не здолеў кінуць на прычэп: ношка крутнула яго, i ён разам з ёй упаў бокам на зямлю, добра, на пацярушанае сена.

Марына войкнула. Саскочыла з прычэпа, падбегла да яго, збялелага ад болю ці спалоху.

— Жывы, Ігнась?

— Жывы. Толькі бок баліць.

— Левы? Нядобра. Не паднімайся. Ляжы. Хатылёвы тут на машыне. Папрашу завезці цябе ў бальніцу.

— Не трэба. Пабаліць i перастане.

— Няхай дактары скажуць.

У яго была з сабой кардыяграма паўгадовай даўнасці. Захапіў для параўнання. Страшнага нічога не здарылася. На шчасце. Марына ажно перахрысцілася. Гэта яго кранула, i ён адчуў незвычайную ўдзячнасць да яе. Яшчэ большую, калі яна згадзілася забраць яго дадому i — Бог літаслівы — расцяжэнне мышцы лячыць дома.

— Тыдзень патрымайце ў пасцелі. Не прымушайце сена грузіць, — сказаў доктар.

— Хіба лыжку ўзяць прымушу.

— Правільна. Мужа трэба берагчы. Мужчыны ў нас мала жывуць.

— Мой будзе жыць да ста гадоў, — засмяялася Марына.

Тое, што выдала сябе за жонку, нарадзіла ў Ігната супярэчлівыя пачуцці: надзею (на што? запісацца ж адмовілася) i страх (да якога часу яна будзе няньчыць яго? a калі боль надоўга?).