Выбрать главу

Боль праходзіў. I стары адчуваў сябе да радасці ўтульна i спакойна ў прахалоднай хаце, у адзіноце: галоўнае, не страшылі думкі пра будучае, пра смерць.

Марына памагала сваякам парадкаваць сена. Але з'яўлялася заўсёды ў абед, рана вярталася ўвечары: сваяк на сваіх «Жыгулях» вазіў яе дагледзець хворага. Акуратна наведвалася фельчарка. Бок балеў, але ён Hiкому не скардзіўся, толькі, чаго не заўважыла Марына, кій з правай рукі пераклаў у левую — гэта паслабляла боль.

Прызвычаіўся i да гэтага болю. Ці мала што ў яго, старога, балела?

Наступіла жніво. Прыпар. Марына жала сярпом дзялянку жыта на сваёй сядзібе.

— Навошта табе жыта?

— A ў мяне свінні. Камбікорму не купіш. На адной бульбе не выкарміць. Ды i самагонку трэба выганяць. За гэтую плату дровы прывязуць. За добрага «гусака» i папілуюць, i паколюць.

Трывожыла Ігната Андрэевіча адно: тое ж адзіноцтва, якое перажываў у шумнай сталіцы. Яго цягнула да людзей.

Жніво было цяжкім, часта лілі дажджы. Разумеў, што гэта бяда. Але любіў такое надвор'е: яно не дазваляла гуляць «у маладосць», давала магчымасць старасці адчуць сваё месца. За лета ён навучыўся прачынацца калі не разам з Марынай, то не намнога пазней. А цяпер зноў бывалі дні, у дождж, калі ён спаў ледзьве не да паўдня. Марына будзіла яго са смехам:

— Снеданне праспіш.

Марыніна абыякавасць да таго, як ён праводзіць час, таксама трывожыла. Абмялеў ручэй яе слоў. Размова набыла бытавы характар, у пэўным сэнсе адчужаны. Яго змрочнасць узмацнялася, калі, здаралася, за доўгі дзень гаспадыня гаварыла дзесятак слоў.

Ён змагаўся з уласнай сумотай. Два месяцы бясхмарнага жыцця былі шчасцем, якое можна было параўнаць з маладосцю.

Чым Марына незадаволена? Можа, яе нехта настройвае? Хто? Тамара? Прыязджала месяц назад i паводзіла сябе, як належыць дачцэ, прыкметна радавалася, што маці i бацька зноў разам.

Чуў, суседка пытала:

— Ды чаму ж вы не пажэніцеся?

Марына адказала грубым жартам:

— Жанілкі высахлі.

Можа, Гайка вырашыў пазбавіцца ад яго i цісне? Не, не ў такіх Марына адносінах з дырэктарам, каб даверыць сардэчныя тайны.

«Трэба ад'язджаць, — вырашыў Ігнат. — Нязваны госць... Залішне загасціўся».

Але сілы развітацца не меў. Не цягнула ўласная кватэра з маўклівым сынам, афіцыйна карэктнай нявесткай, нават ад бібліятэкі сваёй у тысячу тамоў адвыкнуў, задавальняла сельская: прасіўся ў рукі не вучоны-біёлаг, a Чэхаў.

«Пагаварыць трэба».

Але размовы баяўся: ведаў, што яна патрэбная, аднак нерашучасць скоўвала, i ён чакаў... чаго — сам не ведаў.

Развязка наступіла нечакана.

Прыслаў сын пенсію. Ігнат вырашыў аддаць Марыне яе ўсю, да капейкі. Працягнуў грошы ў двары, дзе яна клала на страху склепа гарбузы, каб даспявалі.

— Во пенсія.

Марына памкнулася рукою, але тут жа выцерла яе фартухом i грошы не ўзяла,

— Хадзем у хату.

У Ігната ўздрыгнула сэрца: «Вядзе на размову».

На кухні яна ўзяла грошы i паклала ix не ў кішэню — на палічку.

— Глядзі, а то Бруй пазычыць.

Бруй часта прыходзіў пазычаць на пляшку чарніла.

— Не пазычыць, — адчыніла заслонку ў печы, узяла вілы. — Свіней пара карміць.

Ігнат знайшоў ход, думаў пра гэта даўно.

— Можа, мне перавесці пенсію сюды?

— Куды?

— У наш раён.

Марына палезла ў печ дастаць вялікі чыгун i чужым голасам спытала:

— А ты хочаш застацца тут навечна?

У Ігната замерла сэрца.

«Ну, во i ўсё. Што можна сказаць?»

Узнікла жаданне папрасіць: «Марына, не гані мяне». Але ўспомніў, як яна, маладая, поўзала каля яго ног, галасіла: «Ігнасік, даражэнькі, не кідай мяне». Не, ён так прасіць не можа.

— Дзякуй, Марына.

— Няма за што. Скончыўся дачны сезон. Дамоўка чакае. Света.

Дастала чыгун, узяла брудным ручніком, вывернула бульбу ў карыта, пачала таўчы.

Кухня напоўнілася парай.

З белай пары Марына вінавата ўсміхнулася яму. А ён зноў сказаў:

— Дзякуй табе за гэты дачны сезон. Ён прадоўжыў мае жыццё. Калі мне паехаць?

— Калі хочаш.

— Не, выстаўленаму за дзверы заставацца нельга.

— Так ужо i выстаўленаму! Якія мы гордыя!

— Ды не, гонару ў мяне засталося нямнога.

— Начуй. Пагаворым. Развітаемся па-свойску, пачалавечы.

— Дзякуй.

— Не дзякуй ты на кожным слове. Як чужыя.

Пагаварыць не давялося: Марына на цэлы вечар знікла.

Пачаў пакаваць партфель i спалохаўся: рэчаў накапілася многа, больш, чым вёз, едучы да брата; сын двойчы прывозіў бялізну, боты купіў асеннія, на цёплай падкладцы — тое, што трэба для яго хворых ног. Трэба прасіць у Марыны нейкую торбу. Расклаў рэчы на лаўцы: ведаў, што Марына не пакіне так — спакуе неяк, па гэтай часці яна мастак, як i большасць жанчын.