Лёг рана. Але заснуць не мог.
Марына прыйшла, наблізілася да ложка, пачула, што ён не спіць, спытала:
— Дык едзеш?
— Еду.
— Заўтра?
— Заўтра.
— Ранішнім?
— Добра было б, але як дабяруся да станцыі? У сем ідзе. Пехатою не дайду са сваім багажом.
— Я папрасіла ў Гайкі машыну. Дамовілася з Іванам. У шэсць яго «мардасет» будзе пад вокнамі. Cni спакойна.
— Дзякуй табе.
— Заўтра падзякуеш. Спі. Дабранач.
I — дзіўна — ён заснуў. Не засталося, выходзіць, трывожных думак, нявырашаных праблем. Пасміхнуўся са свайго жадання застацца ў Марыны. Чаго захацеў! Пацягнула памерці пад шум клёна, які даўно-даўно пасадзіў сваімі рукамі. А з клёна ўжо ападае чырвонае лісце, пакуль адзінокія лісткі, але ці доўга да таго, калі яны абсыплюцца ўсе. Стары клён з дуплом будзе стаяць голым. I гэта ўжо не твой клён. I дом не твой. Твайго тут нічога не засталося. Акрамя ўспамінаў пра маладосць. Але ўспамінай ты Ангеліну.
Андрэй не сказаў, але яўна падумаў: застанецца бацька тут — здрадзіць памяці не толькі маці, але i ім, дзецям сваім. А што здрадзіў Марыне, Тамары — пра гэта ніколі не думаў: ні раней, ні цяпер. Ён памагаў ім чым мог, i яны прымалі яго дапамогу.
Некаторыя сяльчане скалілі зубы: «Маладажоны». Не ведаў, як Марыну, а яго гэта ніяк не кранала. У яго засталося адно духоўнае жыццё — яно не прымае кепікаў. Духоўнае — за межамі чалавечага асуджэння ці ўхвалы.
«Гэта маё! I нічыё болый!»
З перакананнем у недатыкальнасці яго духоўнага жыцця прыйшоў спакойны сон, у апошні раз па-вясковаму кароткі.
Марына разбудзіла яго ў пяць раніцы.
Рэчы пакавала ў сінюю цыратавую торбу. А яшчэ ж партфель. Нялёгка будзе паднімацца ў вагон. Але свет не без добрых людзей.
— Я спякла табе дранікаў.
Сапраўды, сальнымі дранікамі смачна пахла. Але калі паспела спячы?
— Даўно не еў пасярод ночы. Але твой дранік з'ем, бо дзе яшчэ такіх пакаштую.
— Навучы нявестку.
— Задужа вучоная для дранікаў. I ўвогуле — шляхцянка. Мужыцкай ежы не прызнае, панскую гатаваць не ўмее.
— Цяжка табе з ёй?
— Ды не. Яна добрая. I нас яднае Светка.
Пад акном загурчэла машына.
— Во i Іван тут як тут.
Ігнат апрануў плашч.
— Не холадна табе будзе?
— Ды не. Асенні, на падкладцы. Андрэй знаў, што прывезці.
— Я не пайду цябе праводзіць. А то яшчэ расплачуся.
— I не трэба. Лішняе хваляванне. I табе. I мне.
— Не. Да машыны я рэчы данясу. Але цалавацца будзем без сведкаў.
Марына горача абняла яго, тройчы пацалавала — у шчокі. Ён пацалаваў яе ў вусны, па-маладому.
Калі ад'ехалі, убачыў праз задняе шкло, што Марына стаіць каля веснічкаў i, здалося яму, рогам белай хусткі выцірае вочы.
Марыніны слёзы кранулі. I ён адчуў сябе вінаватым. Але ў чым — зразумець не мог.
Шафёр спытаў:
— У госці, Ігнат Андрэевіч?
— Дадому.
— А на сяле гудзелі, што вы маеце пажаніцца.
— Жанаты я ўжо быў. На Марыне. Роўна паўсотні гадоў назад. Хіба цяпер я падобны на жаніха?
Іван засмяяўся.
— Адзін паэт сказаў: «Любви все возрасты покорны». Ca школы помню.
— Не, Іван. Ёсць мяжа. Пушкін вельмі мала пражыў, каб рабіць такія абагульненні.
У халоднай зале станцыі было пуста. Бедна апранутая жанчына спала седзячы. Паклаўшы ёй галаву на кален!, драмала дзяўчына.
Ігнат Андрэевіч на дыбачках прайшоў да лаўкі каля акна. Колькі хвілін сядзеў бяздумна. Схамянуўся ад дажджу, што забарабаніў у шыбы. Ён услухаўся ў шум дажджу i раптам адчуў, што ў яго мокрыя шчокі i закалола ў вачах. Ён не здолеў паварушыцца, каб дастаць з кішэні насоўку. Увайшоў яшчэ адзін пасажыр. Ігнат Андрэевіч заплюшчыў вочы, у ix бліснулі вясёлкі. I ў рознакаляровай вясёлцы паўстаў вобраз малой Светы. Яна сказала:
— Добрай раніцы, дзядуля.
У ЗАСЕНІ ПАЛАЦА
1...
У паходзе за пакупкамі яны заўсёды спрачаліся. Дарога ў дальні ад ix дома магазін, «чалавечы», як называла яго Галіна Пракопаўна, ішла міма шыкоўнага прыватнага супермаркета. Але сама Галіна ніколі не заходзіла туды. Адно расстройства — ад таго, што там прадавалі i чаго яна не магла купіць: мала ў кішэні месцілася грошай. Можна, канечне, спусціць адразу дзве пенсіі, парадаваць страўнікі. А пасля? Лажыся i памірай? Але паміраць яшчэ рана. На лепшае жыццё спадзявання няма. Аднак, пакуль ёсць хлеб i кефір, — жыві. I радуйся. Унукам яшчэ трэба памагчы. У дачкі яны добра накормленыя. А сын... Ды ўнучка Ленка прыбягае з універсітэта, каб пасёрбаць бабулінай капусты. А бабуля ўмее «з тапара» згатаваць наварысты боршч ці суп.