Выбрать главу

Адам Фадзеевіч, наадварот, амаль ніколі не прамінаў супермаркет.

Жонка здзіўлялася:

— Што цябе цягне туды?

— Для мяне гэта наглядны падручнік. Па ім я вывучаю палітэканомію капіталізму. Як ён рос...

— I расце.

— Ты знаеш, рос ён інакш. У нетрах феадалізму. У нас ён расце не паводле Маркса.

— Як не паводле Маркса? Усюды капіталізм рос на разбоі. На прыгнёце. На войнах. Хіба Маркс не пісаў пра гэта?

— Ты маеш рацыю. Але ж наш хатні капіталізм адметны. Крымінальная сутнасць яго іншая.

— Махінацыі падменены разбоем?

— А ты акуратна чытаеш газеты?

— Я усё чытаю. Раней — адны раманы. А цяпер гісторыю i эканоміку.

— Чысты тэарэтык. A практыкі не знаеш.

— Усё я знаю. Пахадзіў бы ты столькі па магазінах... Не дзеля таго каб паглядзець, а каб накарміць сям'ю.

Так было i ў той дзень.

— Зойдзем?

— Што ты там не бачыў?

— У такую кармушку трэба часта заходзіць. Наглытаешся сліны — i сыты. Нешта ўнучцы купім.

— У кашальку амаль нічога не засталося.

Галіна Пракопаўна ведала, што мужа не пераканаеш: пойдзе. У яе таксама была пэўная цікавасць, але яна страшэнна не любіла здаваць поўную торбу, a ў ёй апроч хлеба, малака ляжаў качан капусты. I на гэтым хацела схітраваць.

— Ты заходзь, а я пайду, — ведала, што пасля аперацыі ён не дазваляе ёй насіць цяжар.

— Не, так мы не дамаўляліся. Або ты чакаеш мяне на вунь той скамейцы, або я пайду з торбай. Не плаціць жа за яе ахову. ,

— Ну што за чалавек! Як малое дзіця.

Убачыў яго каля каўбаснага аддзела. Свайго былога намесніка па аддзеле Савета Міністраў — Прытоку 1вана Піліпавіча, ён займаўся матэрыяльным забяспечваннем прамысловых будоўляў. Добры работнік быў, вельмі спрытны, штодня «трусіў» Дзяржплан. Але зрэдку даходзіла да вушэй начальніка аддзела, што нячысты на руку. Стрыжэўскі не верыў: «Што ў нас украдзеш? Станок? Гарэлка i масла — не наша сфера».

З каляскай, напоўненай пакупкамі, Іван спыніўся каля віннага аддзела, вітрына якога шмат каго вабіла.

Музей. Адмысловыя імпартныя пляшкі. Яшчэ больш адмысловыя этыкеткі, па якіх можна было чытаць геаграфію свету — па руінах палацаў, жанчынах з амфарамі накшталт старажытнагрэчаскіх, вінаградніках, размаляваных бочках. Так, тут ёсць што выбіраць! Які піток ён, Адам, — дэгустатар, але i ён неаднойчы падоўгу стаяў перад гэтай выставай, але толькі аднойчы купіў пляшку сваёй беларускай гарэлкі «Два буслы». Буслы гэтыя краналі ўспамінам пра маленства. Вось гэтак яны стаялі на хаце суседа Макара: той усцягнуў на хату кола. Адась прачынаўся — адразу ў акно: ці стаяць буслы? два? адзін? Калі адзін — трывожыўся: як адпусціла бусліха свайго бусла? Але вось ён прылятаў, яна задаволена клекатала. A калі з'явіліся маленькія жаўтаватыя яшчэ бусляняткі, клёкату стала больш. Клёкат гучаў на ўсю вёску, бо гнёзды былі не толькі на Макаравай хаце. A паехаў, да Чарнобыля яшчэ, наведаць родныя мясціны i вельмі засмуціўся: ніводнага гнязда. Толькі на балоце за рэчкай убачыў адзінокага бусла. Парадаваўся — жывы вястун чалавечай радасці, але i засмуціўся — так мала ix засталося, буслоў. Куды падзеліся? Быў i пасля Чарнобыля. Вёска адселена, ніводнага чалавека не засталося, двары, гароды зараслі быльнікам. Але на балоце хадзілі буслы. Не адчуваюць, не разумеюць птушкі, як небяспечна лавіць тутэйшых жаб, хоць хто ведае: можа, жабы не набіраюць радыяцыі?

З такімі думкамі ён купляў «Двух буслоў», з такімі развагамі піў перад Галяй па чарцы перад вячэрай. Смакаваў. I здавалася горкая салодкай ад успамінаў пра буслоў. Што тое віскі са старажытным шатландскім палацам! Адна гарката.

Прытока купіў пузатую бутэльку французскага каньяку i дзве пляшкі віна. Не помніў цаны, але ведаў, што віны такія ў недасягальнай для пенсіянера цане.

«Аднак жыве мой былы намеснік!»

Расказвалі, што Прытока — адзін з багатых камерсантаў-прадпрымальнікаў, мае магазін сантэхнічнага абсталявання, бензакалонкі i яшчэ нешта.

Стрыжэўскі не зайздросціў, але яго грызла думка: няўжо накраў Іван яшчэ тады, калі быў яго намеснікам?

— Пад маім кіраўніцтвам краў, — сказаў ён неяк жонцы са злосцю на самога сябе, у вогуле быў злосны на ўсё былое кіраўніцтва. Кралі, зладзюгі! У некаторых пытаў: «Што краў? Як?»

Крыўдзіліся. Галя ту зал а яго:

— Не крыўдзі людзей. Вітацца ніхто не будзе.

— Няхай не вітаюцца — чорт з імі!

Але ўрэшце астыў да іншых. Цікавіў Прытока: пад яго кіраўніцтвам працаваў i актыўны камуніст быў! I на табе! Французскія каньякі жлукціць, паразіт. У яго карцела спытаць: адкуль багацце? Але за тры гады ні разу не давялося сустрэцца з былым намеснікам тварам у твар. Недалёка жывуць адзін ад аднаго. А вось жа не сустракаюцца. Заходзіў у яго магазін. Але ж хіба сам гаспадар гандлюе? Вымуштраваныя на заходні манер хлопцы. Чамусьці настойліва раілі купіць шведскі унітаз. Ён жартаваў: «На кран грошай няма. Я ўжо як-небудзь на старым...»