Выбрать главу

I вось ён, дарагі намеснік яго, Іван Піліпавіч, аматар камандзіровак, сябра ўсіх дырэктараў машынабудаўнічых заводаў, што добра памагала ў працы аддзела.

У Стрыжэўскага ажно затахкала сэрца. Падыходзіць ці знікнуць у натоўпе пакупнікоў? Прытока стаіць да яго спінай, не бачыць. Як будзе паводзіць сябе пры сустрэчы? Як глядзець будзе? Як багаты на бедняка — з вышыні? Але ж я не пасаромеюся i паслаць... Паду маеш, фігура!

A калі сустрэне па-чалавечы — ёсць прычына пагутарыць з даўняй шчырасцю. Падышоў. Стаў плячо ў плячо. -

Іван павярнуў галаву i, здаецца, шчыра ўзрадаваўся:

— Ба! Karo я бачу! Ці ты гэта, Адам Фадзеевіч? Малайцом глядзішся. Паправіўся. А я, глядзі, схуднеў...

Сапраўды, Прытока схуднеў у параўнанні з тым, калі сядзеў побач у кабінеце.

— Ад такога харчу схуднеў? — з саркастычнай усмешкай кінуў Стрыжэўскі на каляску. Прытока нават сумеўся трохі.

— Жонка імянінніца...

— А-а, — паверыў Адам у прычыну багатых пакупак. — Перадавай Яўгеніі Васільеўне... не забыўся я імя? маё віншаванне. Узрост не пытаю. Жонкі нашы заўсёды маладыя, хоць даўно бабулі.

— A схуднеў я, Адам Фадзеевіч, ад клопатаў. Людзі, далёкія ад рынку, думаюць, што жыццё прадпрымальніка — ляжы на запечку i разяўляй рот: піражкі ўпадуць, як таму герою Гогаля. Як яго? Пацюк? Ты так не думает?

— Я? — думаў ён горш, але сказаць — ускладніць адносіны. — Я пра людзей не думаю. Кожнаму сваё. Я пра сістэму думаю. Можаш пасмяяцца, але я па-ранейшаму перакананы, што будучыня ўнукаў нашых — у сацыялізме. Сацыялізм — у вучэнні Хрыста.

— У Бога паверыў?

— Не ведаю, ці паверыў. Але Біблію прачытаў. I тры тамы «Энцыклапедыі хрысціянства» праштудзіраваў. I, здаецца, паразумнеў трохі. Неўміручая філасофія!

— Значыцца, жывеш кнігамі? — адкаціўшы каляску да касы, спытаў Прытока, але не даехаў — спыніўся. — Але духам святым жывы не будзеш. Да яго трэба каўбаса. Пенсію тваю знаю. Сам такую атрымліваю...

— I за пенсію трымаеш магазін? — у Адама Фадзеевіча злосць стэнакардычным болем сціснула грудзіну.

Але загадаў сабе: «Не сарвацца. Не ўмею гаварыць з «новымі».

— Магазін корміць мяне. Не скарджуся. Маю за што каньяк купіць. Ты нідзе не падрабляеш?

— А дзе? Не трэба такія тэхнары. Нямецкіх хапае.

— Не вельмі ж ты жывеш на адной пенсіі.

— Жонка працуе яшчэ. Машыністкай на радыё.

— А вось я забыўся імя тваёй жонкі. Сорамна.

— Галіна Пракопаўна.

— Проста. Але чым прасцей, тым горш трымаецца ў памяці.

У касе Прытока разлічваўся доўга — шмат пакупак. Стрыжэўскі без торбы, з пустымі кішэнямі прайшоў без затрымкі, але перад выхадам спыніўся: чакаў былога калегу, каб развітацца. Той нагрузіў дзве ёмістыя торбы.

— Паднесці?

— Паднясі да машыны.

— Ты сам за рулём?

— Сам.

Да пляцоўкі, дзе стаялі машыны, было недалёка.

На паўдарозе Прытока спыніўся, пільна агледзеў даволі яшчэ дзябёлую постаць «пралетарыя», пасміхнуўся нейкай сваёй думцы.

— А знаеш што, Адам Фадзеевіч, ідзі да мяне на працу.

У Стрыжэўскага неяк дзіўна ўзляцелі на лоб кашлатыя сівыя бровы. Хвіліну маўчаў.

— Кім?

— Запраўшчыкам не пойдзеш?

— Не пайду!

— Забеспячэнцам... не тыя сілы. Паездак шмат. Адкінь свой гонар i ідзі... вартаўніком.

— Вартаўніком?

— Не магазін вартаваць. Не калонку. Дачу.

— У цябе такая дача, што патрэбны пастаянны вартаўнік?

— У наш час усё трэба вартаваць. Падумай. Плачу, як нікому, за такое дзяжурства сто долараў. Грошы ў наш час! Вось табе мая візітоўка. Хатняга тэлефона тут няма. I дачнага. Офіс. Але я там падоўгу не заседжваюся. Звані настойліва, калі надумаеш. Але не цягні. Пакуль што там дзеці жывуць. Але збіраюцца ў Грэцыю на адпачынак.

Паставіў торбу, працягнуў руку, паціснуў хораша, па-сяброўску, значна цяплей, чым пры сустрэчы. Не сумняваўся, што купіў работніка.

Адам Фадзеевіч, ашаломлены, стаяў i глядзеў Прытоку ўслед, пакуль ён не знік за таніраванымі шыбамі «аўдзі».

Не пачуў, як падышла жонка.

— Пацешыў душу?

— Не. Не пацешыў. Не ўдалося прайсці па аддзелах. Знаёмага сустрэў.