— Гэта той, што пайшоў з важкімі торбамі да машыны?
— Да « аўдзі».
— Я ў ix не разбіраюся.
— Не пазнала — хто?
— Нехта знаёмы, a ўспомніць не магу.
— Прытока.
— Той? Твой?
— Мой! Цяпер невядома, ён — мой, ці я — яго.
— Чым ты ад яго можаш залежаць?
— Ён прапанаваў мне працу.
— У камерцыю не пойдзеш. Ненавіджу.
— Ідэйная,аднак,ты.
— Ад цябе вучылася. Якую працу Прытока прапанаваў?
— Ніколі не адгадаеш. Пералічыш сто пасад...
— Ён мог прапанаваць тое, што прынізіць цябе. 1ншага зажэрны магнат не мог прапанаваць свайму былому начальніку. Во я, а во — ты, смецце за мной падмятай.
— Праца вартаўніка можа прынізіць?
— Вартаўніка? — Галіна Пракопаўна ажно адхіснулася.
— Дачы. Катэджа.
— О Божа! Дажылі!
— А чым дрэнная праца для пенсіянера? На прыродзе. Дзень cni. Уначы... думаю, са стрэльбай хадзіць не трэба. Сумна, канечне. Для маёй калектыўнай натуры. Але прыварак добры: сто долараў паабяцаў. Больш чым стаўка міністра. Валяюцца яны пад нагамі? У нас з табой ніводнага долара. А за Юркаву вучобу трэба шэсцьсот заплаціць. Насця не выцягне.
Галіна спынілася, вочы набрынялі слязамі.
— Адась, родны мой, не ідзі. Не прыніжайся. Няхай згарыць яго дача агнём.
Дарогаю дадому ўгаворвалі адно аднаго: Галіна ледзьве не са слязамі, ведаючы мужаву ўпартасць. Адам Фадзеевіч без знаёмай ёй катэгарычнасці, нібыта з гумарам, але яна адчувала: гумар невясёлы, хістаецца чалавек.
Дома Галіна сказала:
— Давай падключым дзяцей. Правядзём сямейную раду.
Стрыжэўскаму спадабалася ідэя: ёсць прычына сабрацца. Дачкі ён не бачыў месяцы тры: Насця апантана працуе ў праектным інстытуце, а жыве далека, ажно ў Серабранцы. Сына Хведара таксама бачыць хіба позна ўвечары, калі той спакушае i яго паглядзець чарговы бяздарны баявік, ці раніцою — разам голяцца, снедаюць. Пенсіянеру няма куды спяшацца, але ён не парушае хатні рэжым, не прымушае Галю гатаваць два снеданні. Хоць усё роўна абед прыходзіцца падаваць двойчы ды i вячэру нярэдка таксама: маці вельмі сачыла, каб сын быў заўсёды накормлены свежай хатняй стравай, не буфетнай.
Хведар не затрымаўся. Насця прыехала з мужам — маўклівым аўтамеханікам, разгаварыць якога ўмелі толькі жонка i цешча.
Шматслоўны Адам Фадзеевіч i скардзіўся, i абураўся, i смяяўся, што зяць за дзве гадзіны святочнага абеду ў гонар жонкі-імянінніцы ці сказаў два дзесяткі слоў. Апраўдвала яго хіба адно: глупства ніколі не гаварыў, словы ўзважваў, як на лабараторных вагах.
Размову па сутнасці пачалі за сталом у час вячэры. Хведар прымусіў:
— Давай, бацька, пачынай «савет у Філях». Здамо Маскву французам?
— Ен хоча здаць, — сумна сказала Галіна Пракопаўна.
— Дык, можа, у бацькі розум Кутузава? — сказала Насця, выклікаўшы добры смяшок.
— Ты заўсёды будзеш за бацьку, — быццам нават пакрыўджана ўпікнула дачку маці.
— Мама, я нічога яшчэ не ведаю.
— Не цягні, стары, вала за хвост.
Адам Фадзеевіч не без гумару расказаў пра сустрэчу з Прытокам i яго нечаканую прапанову. Змоўк, агледзеў дзяцей: што ў каго адбілася на тварах? Асаблівага нічога. Толькі Насця сцялася, як ад болю.
— Дык у чым праблема? — спытаў Валянцін.
— Маці катэгарычна супраць: гэта прынізіць мяне — вартаваць дачу былога падначаленага! Так, Галка, я перадаю твой пратэст?
— Так.
— Я таксама супраць, — сказала Насця.
— I ты, Брут? — не без расчаравання пажартаваў Адам. — На цябе я спадзяваўся.
— Не трэба прыніжацца, тата, перад такім хапугам.
— Не злоўлены — не дакажаш, што злодзей. Хоць для мяне ўсе Прытокі — загадка. Сапраўды, адкуль грошы?
— Няхай следчыя разбіраюцца. А нам што? — сказаў Валянцін. — Я таксама шукаю, у якую б фірму перайсці з гэтага гаража, каб атрымаць чалавечую зарплату. Колькі вам туз дае?
— Сто зялёных.
— Вартаваць — i больш нічога?
— На словах — так.
— Можна ісці. Гонар не ўкусіш. А ён кусаецца, наш гонар, нас жа i хапае за сцёгны.
Аднак разгаварыўся маўчун!
— Можна ісці, — сказаў Хведар. — Успомніш маладосць: вершы будзеш пісаць. Пісаў жа.
— Пісаў. Толькі ніхто ix не чытаў.
Жанчыны засталіся ў меншасці. Дэмакратыя. Галіна ўзлавалася:
— Ну, ідзі, сцеражы крадзенае дабро! Беспрынцыповы ты чалавек, Адам.
— Страціў я свае прынцыпы, — сумна згадзіўся Стрыжэўскі. У Насці ажно слёзы бліснулі ў вачах: так шкада ёй стала бацькі.
2...
На дачу ехалі ў мікрааўтобусе «форд». Прытока паказваў сваю ўласнасць, хацеў, каб Стрыжэўскі пазайздросціў. Але Адам не выяўляў ніякай зайздрасці, бо яе не было. Яго хвалявала адно — уступленне ў высокую пасаду вартаўніка. З імі ехала Прытокава жонка — Яўгенія Васільеўна. Стрыжэўскі ведаў яе з часоў сумеснай службы з яе мужам: разоў колькі былі ў гасцях адзін у аднаго, часцей у Прытокі, ён любіў зборы. Стрыжэўскі не любіў ды i субардынацыі трымаўся: няма чаго запрашаць падначаленых! З імі ехаў яшчэ адзін чалавек, падобны да пратэстанцкага пастыра — кашуля чорная са стаячым каўнерыкам i капялюш чорны, адмысловы — з шырокімі палямі.