Выбрать главу

Прытока не пазнаёміў ix. Незнаемы сам адрэкамендаваўся:

— Архітэктар Курмеш Алег Іванавіч.

Адам злосна падумаў: лічыць, што раба рабу няма чаго адрэкамендоўваць.

Курмеш не з гаваркіх. Ды i гаспадар быў сёння нешматслоўны. Гаварыла Яўтенія — пра тое, што можна было пачуць у кампаніі жанчын пенсійнага ўзросту, — пра рынак, магазіны, цэны. Стрыжэўскаму падабалася прастата жанчыны, яна адганяла яго змрочныя думкі, ён любіў такіх непасрэдных красамоўных людзей.

Дачны пасёлак, у які Адам Фадзеевіч не наведваўся гады тры, уразіў новым выглядам. На месцы саракагадовых пачарнелых дач вырасталі катэджы, гаспадары якіх спаборнічалі ў адмысловасці архітэктуры i аб'ёмах будоўляў. Старыя дачы куплялі ў збяднелых уладальнікаў. Такіх дачных пасёлкаў тры ў ваколіцах сталіцы. Участкі — пятнаццаць сотак, электрычнасць, вада, нават газ падведзены. Што яшчэ патрэбна? Спыніліся на другім краі пасёлка, каля самага, бадай, вялікага катэджа. Палац! Нават вежа, як у старажытных палацах. Навошта? Тут Стрыжэўскі адчуў сябе не наймітам у былога падначаленага, не, больш нізкай i залежнай істотай, ледзьве не рабом, — упершыню прыйшло гэтае цяжкае, як валун, слова. Яго нават Галіна не прамовіла ні разу. Работнік называла, але работнікі ўсе мы былі i будзем — у дзяржавы, камерсанта, феадала, капіталіста, у Бога, д'ябла. Дзён колькі таму, будучы свабодным, ён, напэўна, пажартаваў бы з вежы.

— Ну вось i мая «хижина дяди Тома».

Архітэктар засмяяўся. Гаспадыня чамусьці пазмрачнела. Адам Фадзеевіч выскачыў i, засланіўшы далонню зыркае ліпеньскае сонца, найперш паглядзеў на вежу. З гумарам падумаў: «Можа, вежа — гняздо для вартаўніка». Але i гэты жарт не сказаў, бо бачыў, як пільна сочыць за ім гаспадар. Чакае рэакцыі. Не дачакаецца! Агледзеў дом. Архітэктура не ўразіла, акрамя вежы i арачных вокнаў другога паверха. Уразіў плот — цагляны, у два метры вышынёй i з працягам у лес. Хто дазволіў расшырыць участак? Грошы. Грошы ўсё могуць расшыраць.

Збоку ад жалезных варот — цагляны будан.

«Во гэта для вартаўніка, — падумаў Стрыжэўскі. — Мая сабачая будка. Што ж, не горшы варыянт для прытулку».

За варотамі груба гаўкаў ваўкадаў.

Прытока адчыніў калітку — сабака радасна заскуголіў. Гаспадар узяў вартаўніка пад руку i разам з ім наблізіўся да сабакі.

— Знаемся, Бокс, гэта твой кармілец. Сябруйце. Дома сабакі не маеш?

— Шмат клопату. I харчу.

— Не скажы! Але многа i пацехі.

— А я яго баюся і, калі прыязджаю, прашу Івана ўзяць на ланцуг, — сказала Яўгенія.

— Івана на ланцуг? — рагатнуў Прытока.

— Івана я не баюся, ён рахманы.

— Пашчасціла табе, што муж рахманы.

— Рахманы, але спрытны, — сказаў Адам Фадзеевіч. — Як то кажуць? Павароцісты.

— Спалучэнне — што трэба. Дзякуй за высокую ацэнку. Але хадзем пакажу, што табе вартаваць.

Увайшлі ў дом.

Пярэдняя, можа, цеснаватая. Але пакоі ўражвалі прасторнасцю, святлом, паркетам, шпалерамі, яўна зробленымі на заказ. Найбольш падабаўся другі паверх: у меншых, з ніжэйшай столлю пакоях, абабітых вагонкай, была асаблівая ўтульнасць i цеплыня, пахла сасной. A ў пакоі, дзе стаяў більярдны стол, пахла нявыветраным тытунём i каньяком.

Адам прыкінуўся не работнікам — калегам, сябрам.

— Іван, навошта табе столькі пакояў?

У Прытокі пахаладзелі вочы, без усмешкі звярнуўся да архітэктара:

— Курмеш! Навошта ты накурмешыў столькі пакояў?

Архітэктар засмяяўся:

— Такі заказ.

— Сацыяльны? — іранічна спытаў Стрыжэўскі.

— Не ўцягвай мяне ў палітыку. У маім становішчы меншая хата непрэстыжная.

«Аднак, — падумаў будучы вартаўнік. — Высока ён ставіць свой прэстыж».

З балкона другога паверха Прытока паказаў на другі дом у глыбіні ўчастка пад соснамі — на адхопленай тэрыторыі. Дом быў незвычайны. Першы паверх — два боксы гаража. A другі — з маленькімі вокнамі.

— А гэта што? — спытаў Стрыжэўскі.

— Здароўе.

— Што?

— Якія мы дапатопныя! Такі зубр, як Стрыжэўскі, не можа здагадацца аб функцыі гэтага збудавання. За гаражамі — сауна. Там жа — басейн. Яго яшчэ будуюць.