Выбрать главу

Сапраўды, з будынка, калі прыехалі, выглянулі тры рабочыя ў спецвопратцы.

Спусціліся, паглядзелі «здароўе». Сауна была гатова, у ёй «грэліся», бо з дзвярэй парыльні патыхнула распаранай бярозай.

Басейн авальнай формы рабочыя выкладалі блакітнай пліткай з узорамі казачных рыбак. Выключная плітка. Адам ніколі не бачыў такой, нават цяпер, у імпартны час.

— Плітка з твайго магазіна?

Не адказаў гаспадар, сказаў пра іншае:

— Тры дні назад укралі плітку i латунныя краны. I Бокса не пабаяліся, зладзюганы. Таму i бяру вартаўніка. Свайго. Тут ёсць, але адзін на ўвесь пасёлак. Ды хіба той угледзіць! I адказнасць яго ўмоўная, не спытаеш.

— Дык я буду ў адказе за кожны кран? У прарабы я не пайду, каб сачыць за рабочымі.

— Спалохаўся? Не бойся. Прарабам, каб ты i хацеў, цябе не ўзяў бы. Мы ўмелі кіраваць, але не ўмелі працаваць. За будоўлю адказвае Курмеш.

У Адама Фадзеевіча расла раздражнёнасць супраць гаспадара i яго багацця. Хацелася паслаць Прытоку... Але сто долараў утаймоўвалі ўсе адмоўныя эмоцыі. 3-за гэтага было горка, крыўдна.

— Накармі Бокса, каб ён прывык да цябе. Там яму прывезлі сабачы харч, рэкламны.

Гэта было ўжо занадта: загад карміць сабаку. Сам пасля здзіўляўся, як не сарваўся. Падумаў: «Пры чым тут сабака? Ён будзе маім памочнікам, i з ім, сапраўды, трэба ўстанавіць прыязныя адносіны». Узяў у гаспадыні кулёк, смела падышоў да будкі, насыпаў у вялікую цынкавую талерку знаёмых па рэкламе шарыкаў.

Бокс хапіў адзін, другі, захрустаў i падняў на таго, хто даў харч, вочы, як бы запамінаючы яго, i ў жоўтых вачах яго свяцілася ўдзячнасць.

— Ёсць стыкоўка! — весела гукнуў Прытока. — Лiчы — паразумеліся. Хто корміць, таго хутка разумеюць. I звяры, і людзі.

Зноў, што ўдар пад дыхавіцу. I зноў прыйшлося зматаць у клубок распушчаныя ніткі сваіх нерваў.

— Можа, па чарцы вып'еце? — спыталася наіўная Яўгенія. — Столькі працавалі разам.

Іван Піліпавіч кінуў на жонку жорсткі пагляд: не лезь, куды не просядь.

I гэта таксама крутнула, але па-іншаму — больш у бок добрай душы Яўгеніі.

«Пайшлі вы са сваёй выпіўкай».

— Вып'ем. Але не сёння. Сёння мне яшчэ ехаць у Бабруйск. Вось табе ключы. Ад каліткі, ад варот, ад сауны. Але сам не ўключай электранагравальнік. Я цябе навучу. Ад гаража...

— Ад дома?

— Ад дома табе не патрэбны.

— Не давяраеш? — пасміхнуўся Адам Фадзеевіч ужо без злосці.

— Каб не давяраў, то не запрасіў бы. Ну, шчасліва служыць. Я заўтра буду.

— Я хацеў бы з'ездзіць у горад. Зубную шчотку ўзяць.

— Эх, салдат! Ехаў на службу i анучы забыўся.

— Я да вечара вярнуся, — пайшоў, пагладзіў сабаку. — Чакай, Бокс. Я цябе не падвяду.

— Правільна! — рагатнуў Прытока. — Падвесці можна гаспадара, а не яго сабаку.

У машыне чамусьці працяглы час маўчалі. Усе. Нават гаварлівая гаспадыня. Урэшце Іван спытаў:

— Чаму маўчыш, Адам Фадзеевіч?

— Думаю.

— Пра што?

— Хіба няма пра што падумаць?

— Ёсць, канечне. Думай, думай. Гэта добра, калі думаецца. Чалавек актыўна жыве. I нешта можа прыдумаць.

Выскачыўшы з мікрааўтобуса, Адам Фадзеевіч, не азіраючыся, махнуў рукой: бывайце. A ўголас сказаў:

— Апошні раз я цябе бачу, дабрадзей! На халеру мне твой палац!

Але пахадзіў па двары, павітаўся з пенсіянерамі, з якімі праводзіў час. Сумуюць людзі без працы! А ёсць жа яшчэ здаровыя мужчыны. Намацаў у кішэні ключы на бірульцы, дастаў, пакруціў у руцэ i раптам вырашыў бадай з радасцю за тое, што воля ёсць.

— Не! Паеду! Паспытаю i такога хлеба!

Канапка была жорсткая, зробленая, як знарок, каб вартаўнік моцна не спаў. Да таго ж кароткая — ногі ўпіраліся ў сцяну. Павернешся — калені вісяць.

3...

Адаму сапраўды не спалася. Першыя ночы гэтая «сабачая будка» так не абражала: натуральнае месца вартаўніка. A ў тую ноч у галаве грымела, як на небе. Набліжалася навальніца. Бліскала, грымела. Ад страху, пэўна, скуголіў у сваёй будцы Бокс.

Чалавек-вартаўнік таксама па-свойму скуголіў: стагнаў, уздыхаў, мацюкаўся, чаго амаль ніколі не рабіў. На гэтай усходцы, на якой апынуўся за сотню зялёных, выяўляць свае пачуцці дазволіў сабе адпаведна становішчу. Яго абурэнне супраць Прытокі, якое за тыдзень службы як бы сцішылася, набліжалася з хуткасцю i магутнасцю блізкай навальніцы. Тыя дні спакойна спаў, відаць, таму, што начавалі гаспадары: сам Прытока, Яўгенія, ix дачка Раіса з мужам i малымі дзецьмі. Учора маладыя паехалі ажно ў Грэцыю. Гэта было адзінае, чаму Адам пазайздросціў. «Пражыў жыццё, даслужыўся ажно да халуя, а мала куды з'ездзіў, мала што пабачыў, — але тут жа ўпікнуў сябе: — Не грашы, Адась, па Саюзе паездзіў, ва ўсіх рэспубліках не адзін раз быў. A хіба ў нас, у той жа Грузіі, Арменіі, менш экзотику чым у Грэцыі ці Іспаніі? I гісторыі не менш. Толькі ведаць яе трэба. Мы не ведалі. Цяпер, разваліўшы Саюз, пачалі цікавіцца, хто яны такія — чэчэнцы, напрыклад. Толькі чым захапіцца ў той жа Арменіі? Усе збяднелі — вінаградныя i тундравыя. Дзякуй Богу, мы без нафты i ўрану не бядней за іншых. Трымаемся. На чым? Апускаемся i мы, ідзём у батракі да Прытокаў».