Навальнічная ноч, маланкі як бы распалілі яго злосць на Прытоку. Менавіта ў гэтую ноч яго абурэнне дасягнула апагея. I ўласнае прыніжэнне яго прычыніла сардэчны боль. Боль гэты знаёмы, ён упершыню з'явіўся, калі загадчык аддзела пакідаў кабінет у Саўміне, не разумеючы, што здарылася ў краіне, магутнай, узброенай атамнымі бомбамі. Да каго пераходзіць улада? Праўда, у нас не глушылі абухом па галаве, ва ўладзе застаўся той жа добры Кебіч. Але ад старых, без дасягнення пенсіі, пазбаўляліся. У імя чаго? Дзеля каго?
Добра, што i прытокі пакідалі высокія паверхі. Але выявілася, што прытокі адыходзілі не з пустымі рукамі.
«Дзе накраў? Пад маім кіраўніцтвам!»
I гэта выклікала асаблівы гнеў. З такога пачуцця ў многіх людзей узнікае бунт. Хацелася гукнуць у навальнічную ноч:
— Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!
Каму гукнуць? Адкуль? З сабачай будкі? I хто ты такі? Вартаўнік украдзенага ў гэтых хлопчыкаў дабра?
Хіба ў такую ноч з такімі думкамі заснеш? Падняўся. Вобмацкам не знайшоў аднаго чаравіка. Уключыў святло. Дзіўна яно падзейнічала: асвятліла навальнічныя эмоцыі і... патушыла ix. Выходзіць, страсці палалі ў цемры пад успышкі бліскавіцы i грымоты. Катаецца Ілья на свяшчэннай калясніцы.
Вылез з будкі: Бокс радасна завішчаў, пэўна, яго палохала навальніца. Глянуў угору i ўбачыў, як дзівосна свеціцца «касмічная антэна» — пералівамі святла — белага i блакітнага.
Любуючыся антэнай, на нейкі момант забыўся, каму належаць тэлевізары. Некалі ён курыраваў тэлевізійны завод i трымаў у свядомасці катэгорыі народнай уласнасці. Тэлевізары, ix два ў доме — карэйскі, «Самсунг», — i ўсё ж...
Мацюкнуў гаспадара.
— Чаму ты баішся даць ключ ад дома? Што там у цябе, што я мог бы з'есці? Паглядзеў бы тэлевізар у ранні вечар. A ў такую навальніцу ix варта адключыць i ад электраэнергіі, i ад антэны.
Схамянуўся. Вылаяў сябе.
— Аднак у цябе нараджаецца халуйская псіхалогія. Ды няхай яны згараць гэтыя «самсунгі». Будзе ведаць бос, як не давяраць. Добры гасладар мог бы i пакойчык адвесці з ложкам, дзе можна было б па-чалавечы адпачыць. Уначы не спіш — няма на чым, удзень — машыны i бульдозеры гудуць побач...
Чаго захацеў. Якой увагі. Гэта табе не прафсаюз! Хочаш зарплату, якую мае цяперашні загадчык аддзела, — не так многа нашых родненькіх з балярынамі, сядзі ў сваім боксе разам з Боксам. Бяздарнае імя дал i добраму сабаку. Скажы дзякуй, што цябе не прывязваюць на ланцуг. Бокса — на дзень, цябе — на ноч каля плота ад лесу. Прыйдзе час — прывяжуць. Няхай «новыя» набяруць сілу i возьмуць уладу. Яны пакажуць нам дэмакратыю — у вачах пацямнее.
Бліснула над галавой, не праракатаў — ляснуў гром каротка i моцна, ажно па вушах ударыла. Упалі буйныя кроплі дажджу.
— Хавайся, Адась, ад прыроднай стыхіі. Ад сацыяльнай не схаваешся. Яна ўжо цябе паставіла на калені, сагнула.
Калі Стрыжэўскі заетупіў на варту, на дачы жыла дачка Прытокі з двума дзецьмі, хлопчыкам i дзяўчынкай, а на ноч прыязджаў сам гаспадар — часам адзін, іншы раз з жонкай. Гаспадар асаблівых інструкцый не даваў, асаблівай пільнасці не патрабаваў: спіш у сваёй будцы — cni. А потым сам некуды мусіў ехаць — рабіць бізнес. Тады сказаў вартаўніку:
— Галоўны твой аб'ект на гэтыя тры ночы — дзеці. За ix адказваеш галавой.
Баяўся багаты нападу. Адам хацеў сказаць: «Дзяцей сцерагчы я не наймаўся». Але стрымаўся: дзеці ёсць дзеці, ix заўсёды i ўсюды трэба сцерагчы, сваіх i чужых.
З Раісай жыццё было шыкоўнае: яна вартаўніка карміла тым, што ела сама i дзеці, а гэты харч, які ён еў у тыя даўнія часы, калі займаў пост, роўны міністру, з'яўляўся хіба на святочным яго стале. Не жыццё — маліна. Галіна спытала неяк па тэлефоне:
— Можа, табе ежы прывезці?
— Ды ты што! Мяне тут закормліваюць заморскімі прысмакамі. Жыву, як кот!
Раіса паехала купацца ў Міжземным моры. I на другі дзень гаспадар не прывёз яму нават хлеба. I на вячэру не запрасіў. Увогуле паводзіў сябе васалам. З машыны не вылез адчыніць вароты, сігналіў сярдзіта: адчыняй! Адам не адразу нават здагадаўся, што гэта ён; ці мала ў пасёлку машын! Па тры ў некаторых. Дзіўна, што ў Прытокі толькі дзве — «аўдзі» i «форд», мікрааўтобус; ездзіў Іван Піліпавіч на «аўдзі», сыну Вадзіму машыну не давяраў ні малую, ні вялікую. Стараста пасёлка Самарын Васіль сказаў па сакрэце, што ў Вадзіма, у п'янага, ДАІ забрала правы. Бацька пэўна вырашыў не выкупляць ix дзеля сынавай бяспекі. Разумна.