Дачка паехала, i бацька абвясціў, што едзе за мяжу.
— Адпачываць, Іван Піліпавіч?
— Які адпачынак. Рабіць справу. Я не адпачываў ужо гадоў восем, забыўся, што гэта такое — адпачынак. У гэтым сакрэт усяго, што я нажыў, чаму зайздросцяць людзі. Зайздросціш?
— Павер, што не. Няма ў мяне тваёй жылкі. I добра, што няма. Спакайней жыць. А так пагнаўся б за табой i, не дагнаўшы, спляжыўся б... Надарваў бы сэрца.
Прытока засмяяўся.
— Цяпер ты разумееш, як ён рос, капіталізм, які Маркс i Ленін хацелі знішчыць. Тонкая кішка. Прыватнаўласніцкія гены самыя жывучыя. I множацца яны па меры росту ўласнасці.
— Ісус выступаў супраць уласнасці. Помніш у Новым Запавеце? Ад Мацвея ці ад Лукі...
— Гэта толькі пацвярджае маю думку. Калі i вучэнне Хрыста за дзве тысячы гадоў не перарабіла прыроду чалавека...
Між іншым, гэта была, бадай, апошняя палітычная спрэчка. Больш Прытока не лічыў патрэбным спрачацца з вартаўніком — батраком сваім...
— Кал i я сігналю, адчыняй вароты.
«Які пан», — падумаў, a ўголас адказаў:
— Слухаюся, Іван Піліпавіч.
I пасля такога лакейскага адказу сам на сябе плюнуў: «Адам! Не прыніжайся!»
Толькі паставіўшы машыну ў гараж i ідучы ў дом, Прытока павітаўся ca сваім былым начальнікам: падаў руку, але не ўсю далонь, з поціскам, як звычайна вітаюцца людзі, a толькі два пальцы, бо на мезенцы віселі ключы ад машыны. Ведаў Адам Фадзеевіч гэтую хамскую манеру: быў у ix адзін намеснік старшыні, які так вітаўся з падначаленымі. Гэта ўсіх абурала. I ён нядоўга кіраваў; з'яднаўшыся, i ніжэйшыя могуць зваліць «высокага». Пры той, партыйнай дэмакратыі. Прытоку не зваліш, бо i аб'яднацца няма з кім.
Харчу Прытока зноў не прывёз, хоць вартаўнік прасіў прывезці хлеб, грошы прапаноўваў, ад чаго багач грэбліва скрывіўся. Але, будзе такі туз купляць хлеб для вартаўніка!
Прыйшлося ісці да суседа — старасты пасёлка —г пазычаць хлеб. Той пачаставаў, даўно запрашаў, ды Адам Фадзеевіч адмаўляўся, хоць пасля папракаў сябе: выходзіць, баіцца гаспадара. Ганьба!
На гэты раз выпіў — на злосць гаспадару. I позна ўвечары сутыкнуўся з Прытокам: пайшоў у лазню набраць вады, а туз стаяў голы, выціраўся ручніком, толькі што пакупаўся ў басейне ў непадагрэтай вадзе.
— Вытры мне спіну, Адам, чалавек першы.
У звычайнай лазні чаму не выцерці нават чужому. А тут... Што гэта — чарговы прыём прыніжэння? Завагаўся.
— Добра натры. Каб гарэла.
— Спаць не будзеш.
— Буду. Слухай, даўно хацеў сказаць: на людзях звяртайся да мяне на «вы». Госці мае не зразумелі, прыйшлоея тлумачыць. Смяяліся, як мы памяняліся ролямі.
— «Вы» дык «вы», мой дабрадзею. Давайце ручнік. Цёр — як толькі скуру не здзёр. Пад лёгкім жа «парам» быў. I пар гэты гаспадар пачуў.
— Адам Фадзеевіч, прабач, але я мушу... Яшчэ раз пачую такі дух ад цябе — размова ў нас будзе кароткая.
— У Самарына быў — ён чарку наліў, — i вылаяў сябе: «Перад кім я апраўдваюся?»
— У Самарына ці ў Куйбышава — не мае значэння. Ты на службе. Па начах не спіце! Можаце ўдзень адсыпацца...
Цэлы вечар пляваўся, што цёр нахабніку-злодзею задніцу.
«Яшчэ адно такое ўніжэнне — i будзь здароў, Іван Піліпаў. Згары ты разам ca сваім палацам!»
Раніцою, калі Прытока паехаў (тэлефон у будцы быў паралельны, але падключаны так, што ён размовы з палаца не чуў: адключаўся апарат у будцы, а яго, трэба думаць, слухалі), пазваніў Галіне:
— Хлеба мне прывязі.
— Што? Не корміць карміцель-паіцель? — нявесела засмяялася жонка.
— Таўсцею вельмі ад ix ежы.
— Дык, каб не таўсцеў, да хлеба трэба яшчэ нешта?
— Трэба.
— Так бы i казаў ад разу.
Прытока паехаў за мяжу, i ў той жа дзень пад вечар з'явіўся яго сын Вадзім з дзяўчынай. Пазнаёміў:
— Мая нявеста Валя. Праўда, я маю густ?
Валя зачырванелася, шчыра засаромелася.
— Калі ласка, Вадзім.
— А я не цябе хвалю. Я сябе хвалю, што з тысяч дзяўчат, якія шлындаюць па Мінску, выбраў цябе. Ганарыся!
Адаму Фадзеевічу дзяўчына спадабалася. Не з тых, што шлындаюць, як сказаў шматвопытны жаніх. Ён паважаў маладых людзей, не сапсаваных яшчэ амерыканскімі фільмамі — такімі, што вусцішна ix глядзець з уласнай жонкай.