Валя запрасіла вартаўніка на вячэру. Можа, таму, што адрэкамендоўваючы яе, Вадзім сказаў:
— Адам Фадзеевіч, былы міністр. Цяпер пенсіянер, адпаведна свайму званню знайшоў службу.
— Мяне знайшлі. Твой бацька. У мінулым — намеснік мой.
Вадзім сказаў нявесце:
— Вучы сацыялогію на асобах пераходнага часу. Валя — аспірантка i піша дысертацыю па сацыялогіі. Як яе называеш? «Асоба ў перыяд пераходнай эканомікі». Так?
— Інтэлігенцыя ў гэты перыяд, у пераходны.
— Сур'ёзная тэма.
I ўжо за сталом Стрыжэўскі спытаў:
— I як вы ацэньваеце яе — інтэлігенцыю?
— Па-рознаму. A хіба яна не розная? Навуковая, мастацкая i тая, што пайшла ў камерцыю. Мяне цікавіць апошняя. Матывы разрыву з былымі прафесіямі. I куды яна ідзе?
— У капіталізм.
— Не так проста. Калі прыняць такі тэзіс, тады няма чаго даказваць, няма чаго вывучаць. Я капаю глыбей. Як яна разлагаецца.
З галавой дзяўчына. Але чамусьці спрачацца з ёй не хацелася, можа, баяўся, што аспірантка загоніць яго ў кут.
Прапанавалі каньяк. Стрыжэўскі адмовіўся. Ці не дзейнічала папярэджанне старога Пратокі? Не! Пляваў ён на яго папярэджанне. Аднак сказаў:
— Мне вартаваць.
— Іван Піліпавіч баіцца, што ўкрадуць катэдж?
— Не катэдж, а нас з табой. А раней — Раю з дзецьмі. Палезе які дурань — напалохае.
— I вы цэлую ноч не спіце?
— Сплю. Але чуйна. У мяне ж ёсць памочнік — Бокс. Загаўкае — я на нагах.
— I што вы рабілі б, каб хто палез?
— У мяне ёсць стрэльба, я паляўнічы... зараджаная соллю.
— Чым?
— Вось ёю, — паказаў на сальніцу, — толькі буйнейшай. Некалі ў юнацтве я пакаштаваў солі, прабачце, мяккім месцам... за яблыкамі лез да суседа. Да гэтага часу помню. Успомню — баліць.
Валянціна i Вадзім зарагаталі.
Не спадабалася Стрыжэўскаму, што дзяўчына засталася начаваць. Але разважыў: a ці шмат цяперашніх нявест захоўваюць цнатлівасць да шлюбу? Вадзіму i Валі не па семнаццаць, год ужо сустракаюцца. Ён у якія часы — у патрыярхальныя! — у райцэнтры спакусіў Галіну да таго, як пажаніліся.
Ляжаў у будцы пасля добрай вячэры з дарагім віном (віна выпіў), i ў яго з'явіліся эратычныя пачуцці — ад успамінаў пра маладосць, пра блізкасць з жонкай, ад уяўлення, чым займаюцца побач у катэджы Вадзім i Валя. З гумарам падумаў: «Ёсць яшчэ порах, дзед. А што за дзіва! Шэсцьдзесят пяты год. Жэняцца ў семдзесят пяць, у восемдзесят нават. На ўсходзе, дзе ёсць магчымасць ажаніцца з маладой, дзяцей робяць. Гарманальная сфера не так хутка старэе».
Але хутка думкі ад саромнага пераключыліся на сур'ёзнае. Выпіўшы каньяку, Вадзім выдаў яшчэ адзін бацькаў бізнес. Пачалося з яго вадзіцельскіх правоў. Не без хітрасці Стрыжэўскі спытаў:
— Няўжо ўсемагутны Прытока не можа выкупіць тваё пасведчанне?
— Хочаце шчыра? Дык я вам скажу. А мне i не хочацца мець ix.
— Чаму?
— Я не хачу ездзіць у Германію. Спачатку цікава было, а потым я звяў, памятаю, як нас патрэслі пшэкі. Во гады! Пісталет каля вуха трымалі.
I Вадзім расказаў пра бізнес, якім бацька займаецца дагэтуль, але ўжо без сына. Яны ехалі ўтрох (i бацькаў шафёр) цягніком у Германію, добра схаваўшы долары.
Куплялі там патрыманыя машыны. I прыганялі ажно шэсць штук. Навар быў — дай Бог. Цяпер бацька ездзіць з Андрэем, нікога трэцяга браць не хоча, не давярае, таму i злосны на яго, Вадзіма, што ён «прапіў» правы свае.
— Во табе тэзіс, Валя, як нарошчваецца капітал. I як мяняецца псіхалогія ў людзей.
— A другі тэзіс — мой лес: з міністраў — у вартаўнікі, сцерагчы капітал, — сказаў Стрыжэўскі.
— Вас гэта моцна прыніжае, што вы на такой службе?
— Не, не прыніжае. Я зарабляю на хлеб.
Сказаў няпраўду: пачуццё прыніжэння астыла, але часам узгараецца, як з вугольчыка агонь.
4...
Прыехала кампанія: тры хлопцы, тры дзяўчыны, Валі сярод ix не было. I дзяўчаты гэтыя, як кажуць, «пазнаваліся па паходцы»: тыя, што зарабляюць на жыццё сваім целам. Ад ix убрання, парфумы несла вульгарнасцю.
Стрыжэўскі разгубіўся: уявіў, якая вакханалія можа распачацца ў гэтым чысценькім яшчэ катэджы. Чысціню i парадак там, пасля ад'езду дзяцей, наводзіла сама гаспадыня Яўгенія Васільеўна. Гэтая высокая, з выгляду нязграбная жанчына ў працы паказала сябе надзвычай увішнай. Адаму ажно захацелася памагчы ёй. I памог. Так што, да парадку ў кухні, у сталоўцы, на тэрасе i ён прыклаў рукі; таму i сваёй працы было шкада. З'явілася думка: не пусціць такую падазроную кампанію. Але як ён не пусціць? Сын гаспадара — сам гаспадар. У яго ключ ад катэджа, а яму, вартаўніку, ключа не даверылі: ён — вартаўнік. I Стрыжэўскі чартыхнуўся: «Ды пайшлі вы! I старыя, i маладыя! Рабіце што хочаце!»