— Вадзік пагуляў. Брыдка глядзець. Такі неарганізаваны хлопец. I дома ў яго ўсё раскідана.
«На што іншае — на брыдоту ён спрытны», — са злосцю на бацькоў падумаў Стрыжэўскі. Карцела расказаць, што свінства на кухні, у сталовай нішто ў параўнанні з тым, што ён бачыў у басейне. Але пашкадаваў маці, ды i саромеўся расказаць пра такое жанчыне. :
Памог ёй прыбраць. Пранікся павагай да багачкі, якая не цуралася ніякай бруднай працы i рабіла ўсё ўвішна, акуратна.
Дні праз два прыехаў Прытока. Сам на «аўдзі», а за ім — вялізны фургон. Фургон загналі ў двор, i двое цяжкавагавікоў разгрузілі з яго цяжкія скрынкі.
Стрыжэўскі стаяў, глядзеў. Прытока хадзіў міма, перакідваўся нязначнымі словамі накшталт: «Як ты тут? Нармальна? »
— Як вы з'ездзілі, Іван Піліпавіч?
— Ды вось, бачыш, што-нішто набыў.
Але што — не сказаў. Памагчы не папрасіў. I здалося Адаму: гаспадар сачыў, каб вартаўнік не пайшоў услед за грузчыкамі.
Скрынкі насілі ў катэдж, i па галасах было чуваць: спускаліся ў падвал, якога яму не паказалі. Што ў гэтых скрынках? Не унітазы ж. Сантэхніку бізнесмен завёз бы ў магазін. Навошта яму «перасадка»? Прытока ўмее лічыць грошы. Значыцца, нешта такое, чым ён адкрыта не гандлюе. Сакрэтны тавар. Невядома, што ён, Адам, сцеражэ тут. Пэўна ж, штосьці такое, што прыйшло кантрабандай ці будзе адаслана кантрабандай, неабавязкова на захад, можа, i на ўсход, у Расію, на мяжы з ёй мытні толькі на магістральных шляхах. Ды i груз яны правяраюць так сабе — дзеля заспакаення сумлення.
Скрынкі не давалі заснуць — хацеў адгадаць, што ў ix, якой яшчэ камерцыяй займаецца Прытока. Што i адкуль яму прыплывае? Вось ужо сапраўды прытока!
На наступны дзень гаспадар доўга спаў — змарыўся за тыдзень «камандзіроўкі». Прыехала Яўгенія Васільеўна. Не стаіла, расказала, мусіла расказаць, бо асушылі Іванаў бар — выжлукцілі марачны каньяк. Калі прыбірала, пра гэта не падумала, не магла падумаць, бо бар зачынены на ключ. Выходзіць, Вадзім меў свой ключ.
Стрыжэўскі чуў, як бос грымеў на жонку:
— Распусціла сукінага сына!
— Я распусціла? Сам ты i распусціў. Хто прывучыў яго да каньяку? Бацька. «Адна чарка не пашкодзіць». Во табе i чарка!
Увечары Прытока папрасіў вартаўніка пасцябаць яго венічкам у сауне. Адам узрадаваўся: ёсць магчымасць папарыцца i самому, даўно марыў, але ніхто не запрашаў, а сам не адважваўся ўключаць награвальнік: не па рылу такая раскоша! Прытоку не спадабалася б!
Голыя яны як бы сталі роўныя, у лазні ўсе роўныя. Акунуліся ў басейне, зноў палезлі на паліцы.
— Распарыць старыя косці, — сказаў Іван Піліпавіч. I размякчэлы, прыгадаў Вадзіма:
— Жонка кажа, што здорава насвінячылі... Сынок мой з гоп-кампаніяй. Што ты не ўгаманіў?
— Я? Яны з мяне мачалку зрабілі б.
— Колькі ix было?
— Трое. З Вадзімам, — i запнуўся: казаць, не казаць?
Здагадаўся Прытока:
— I... колькі з імі?
— Тры. Адпетыя прастытуткі.
— I ў басейне купаліся?
— Не проста купаліся. Такое выраблялі!.. — I Адам Фадзеевіч намаляваў жывапісную карціну таго, што бачыў. — I курылi адну цыгарку. Можаш здагадацца, што гэта.
Загарэлы распараны твар боса наліўся крывёю, а вочы зрабіліся жоўтыя, ён цяжка задыхаў.
— Сволачы! Яшчэ заразу занясуць. Ваду ты мяняў?
— Мяняў.
— Але не памыў з хлоркай. Спусціў ваду, напусціў вады, — у Прытокі гнеўна заторгаліся сківіцы.
— У басейн, можа, i не занясуць. А што Вадзіма могуць надзяліць СНІДам — дык гэта вельмі нават рэальна ў наш час. А яшчэ другая небяспека — прывыкне да наркотыкаў.
Твар Прытокі з чорнага стаў шэрым.
— Ідыёт! Трыбухі выпушчу!
— Да гэтага ён прыязджаў з нявестай. Культурная дзяўчына, Валя, аспірантка. Не думаю, што яны не жывуць. Мала яму? На ліха яму панельныя дзеўкі! Не семнаццаць гадоў. Жаніце яго хутчэй.
— Я яго ажаню! — i паставіў кропку, перапыніў непрыемную размову:
— Добра, Адам. Дзякуй за інфармацыю. У лазні мы можам i на «ты».
У басейн больш не пайшоў — пабаяўся заразы. Адам, аднак, з прыемнасцю акунуўся.
A дні праз два ўбачыў, як Прытока «жаніў» сына.
Вадзім прыехаў з раніцы з сябрам. Бацька ў гаражы корпаўся ў машыне. Вадзім крыкнуў яму:
— Прывітанне, бацька!
Не адказаўшы, Прытока выйшаў з гаража, падышоў i замасленай рукой уляпіў сыну гучнага «ляшча», раз, другі...
Хлопец адскочыў, крыкнуў:
— За што?
Сябра яго спалохана выскачыў за брамку.
— Не знаеш — за што? Пачну тлумачыць — горкі яблык з цябе будзе! Сукін сын! Падонак! З кім звязаўся! З прастытуткамі!