Выбрать главу

— Чароўны напой.

— Бо грошы надзвычайныя, — засмяяўся вусаты.

Віно так спадабалася, што Адам Фадзеевіч наліў сабе другі бакал; не піў такога, можа, гадоў дзесяць. I каньяку яшчэ адну чарку перакуліў. Развесяліўся. Анекдоты расказваў, Вадзім i вусаты весела смяяліся. Але хутка вартаўнік звяў.

— Нешта мяне на сон хіліць. Я мінулую ноч дрэнна спаў, душна было, камары...

— Спаць захацелася з-за таго, што вы пілі «грымучую сумесь» — каньяк з віном.

— Але, вучылі ж мяне людзі добрыя, што мяшаць нельга... добрае з выдатным. Калі вы мяне не гоніце, то я сяду ў вунь тое мяккае крэсла i паўгадзінкі падрамлю. Мне паўгадзіны хопіць. Я ведаю сябе, са мною гэта здаралася.

Сеў у крэсла i адразу ж заснуў.

Для праверкі Вадзім паклікаў яго. Не адгукнуўся. Вусаты рагатнуў:

— Гатовы. Правераны сродак.

Мінут праз колькі Вадзім i вусаты паднялі Адама Фадзеевіча, акуратна, ласкава, пад пашкі, вынеслі на двор, пасадзілі ў машыну. Зачынілі катэдж, вароты i махнулі ў горад.

Стары спаў, толькі зрэдку нібы пляваўся.

Задума ў Вадзіма была злая i дурная: паказаць Стрыжэўскага бацьку, няхай паглядзіць, у якім стане бывае яго высокаадукаваны вартаўнік. Апраўдваўся ж перад бацькамі:

«Дзеўкі былі. А наркотык — гэта фантазія п'янага Адася».

«П'янага?»

«Языком не варочаў да нашага прыезду. Ды мы пачаставалі... У басейн у адзенні залез. Дзяўчат лавіў».

«Сачыні што-небудзь больш праўдападобнае», — не паверыў бацька.

Няхай жа пераканаецца. Пакажам гаспадару яго вартаўніка ва ўсёй красе.

Намер меў такі працяг: паказаўшы бацьку, не везці назад на дачу, палажыць каля манумента Мінскугерою, на мяккую траўку. Няхай прачнецца ў ганаровым месцы! Во здзівіцца. Доўга помніць будзе італьянскае віно. Са службы бацька яго выганіць. Няхай піша мемуары.

Ведаў, што бацька ў позні вечар будзе дома: на дачу не паехаў, быў на банкеце, які наладжвала блізкая яму фірма, яе алігарх Сарока. Шафера не стаў затрымліваць, а сам пасля чаркі за руль не садзіўся, трымаўся жалезнага правіла. Таму на дачу не паехаў.

Стрыжэўскага прывезлі ў двор дома, дзе жыў Прытока. Вадзім падняўся ў кватэру. Бацька яшчэ не спаў. Вярнуўся з банкета цёпленькі i, як заўсёды пад чаркай, расказваў маці, што адбывалася ў Сарокі, з кім i пра што ён гаварыў. Пазнаёміўся з літоўцам, з якім варта мець справу, дамовіліся заўтра правесці дзелавую сустрэчу.

— Нешта рана ты сёння, — змрочна сказаў Прытока сыну.

— Я табе прывёз падарунак.

— Які яшчэ падарунак?

— Хадзем — паглядзіш. У машыне ляжыць. Паднімаць цяжка.

— Не тлумі галаву. Бярыся нарэшце за розум. Маці вунь ссохла, чакаючы цябе кожную ноч да раніцы. Дзе ты грошы бярэш?

— Мне даюць крэдыт. A ў машыне — твой хвалены вартаўнік, праведны камуніст. Мы прыехалі з Вітальевічам, а ён не тое што языком не варочаў — у поўнай адключцы быў. I мы вырашылі такога вартаўніка паказаць гаспадару.

Устрывожаны, Прытока, як быў апрануты па-хатняму — у халаце, выйшаў за сынам. Спусціліся на ліфце.

Вусаты адчыніў дзверцы машыны. Загарэлася святло. Стрыжэўскі ляжаў на баку.

Прытока адразу схапіў яго руку, каб праверыць пульс, з палёгкай уздыхнуў: б'ецца. Гнеўна сказаў Вадзіму:

— Ніколі не думаў, што мой сын такі ідыёт. Чым вы яго напаілі?

— Нічым.

— А ты, вусатая гідра, памаўчы. Я цябе ведаю. Ведаю, якія заказы ты выконваеш...

— Ды вы што?!

— А вы не падумалі, што стары чалавек можа памерці? Зараз жа вязіце яго дадому, здайце жонцы. Няхай ратуе. Самі, ідыёты, не засвечвайцеся.

Бацькавы словы спалохалі Вадзіма. Пра трагічны фінал ён не думаў, хацеў сыграць камедыю.

— Дзе ён жыве, бацька?

Прытока помніў адрас, сказаў. Але i прыгразіў:

— Здарыцца горшае — на мае долары не спадзявайся. Сядзеш як міленькі. Будзеш ведаць пачым фунт ліха.

Ліфт у доме Стрыжэўскага не працаваў, i прыйшлося цягнуць пацяжэлае цела на чацвёрты паверх. Задыхался. Пачалі звярамі глядзець адзін на аднаго.

— Звязаўся я з табой, ідыётам. Трэба мне твая сотня. Цягні сам!

— Вітальевіч, мы ж з табой пуд солі з'елі. Не кідай мяне аднаго. Што я буду рабіць?

— Ідзі звані ў кватэру. Скажы, каб забралі свайго бацьку.

Вадзім узрадаваўся. Як яны не дадумаліся да гэтага на першым паверсе!

Вадзім скочыў на паверх, настойліва пазваніў. Не адразу за дзвярамі адгукнуліся — спалі.

— Хто?

— Там ваш бацька ляжыць п'яны. На лесвіцы.

— Які бацька? Чый? Не шукайце дурняў! — жаночы голас змяніў мужчынскі.

— Гэта кватэра Стрыжэўскага? Дык ён жа! Ён.

Вадзім пабег уніз, грукаючы чаравікамі.