Галіна Пракопаўна бачыла ў «вочка», што магчымы рабаўнік пабег ад дзвярэй. Маніць? Не, крокі заглухлі ўнізе. Грукнулі дзверы.
Галіна кінулася да тэлефона, набрала нумар дачы — яго нумар, Адасёў. Маўчыць.
Сын узброіўся кухонным малатком-сякерай, якім сякуць i адбіваюць мяса, i выйшаў на лесвічную пляцоўку. У гэты момант Стрыжэўскі застагнаў. Тады яны з маці кінуліся ўніз.
— Бацька!
Галіна загаласіла прыглушана:
— Адасік, родненькі. Дык ты ж ніколі так не напіваўся? Хто ж цябе напаіў?
— Не трэба, мама. Каб людзі не чулі, не бачылі. Заняслі п'янага ў кватэру.
Але што рабіць? Як памагчы?
— Трэба «хуткую», мама. Выклікалі «хуткую дапамогу».
Галіна толькі тады трохі супакоілася, калі Адам пачаў стагнаць, расплюшчыў вочы, але глядзеў непрытомна.
«Хуткая дапамога» зрабіла ўкол, каб падтрымаць сэрца. Урачы ўсё ж вырашылі забраць «хворага» ў бальніцу.
У бальніцы яму прамылі страўнік. Аднак свядомасць яго ўсё яшчэ была адключана.
A калі на другі дзень, позна, Адам Фадзеевіч прачнуўся ў поўнай свядомасці, да яго падышла ўрач-псіхіятр i спытала:
— Вы што, хацелі скончыць жыццё такім чынам?
— Я? Ды вы што! У мяне ніякай трагедыі, у мяне добрая сям'я. З чаго вы зрабілі такую выснову?
— Лабараторны аналіз паказаў конскую дозу клафеліну.
— Клафеліну? Божа! Яны хацелі мяне атруціць.
— Хто?
— Доўгая гісторыя, — ён паказаў вачамі на суседа па ложку.
— Добра, раскажаце пасля. Следчаму.
На трэці дзень жонка забрала яго з бальніцы.
— Званіў Прытока, пытаўся пра тваё здароўе.
— Пашкадаваў воўк кабылу: пакінуў хвост ды грыву. Хоць не думаю, што паганцы гэтыя труцілі мяне з яго бласлаўлення. Навошта яму?
Галіне ён расказаў сваю «эпапею» яшчэ ў бальніцы. Прытока пазваніў яму ў той жа вечар.
— Як адчуваеш сябе?
— Тваімі малітвамі.
— Слухай, давай забудзем дурны жарт майго сына. Адпачні дзень-два i выходзь на баявы пост. Я табе зарплату дабаўлю.
Стрыжэўскі не думаў пра гэта, а тут яго цюкнула:
— Навошта мне тваіх дваццаць долараў! Я ў цябе мільён вазьму.
Прытока цяжка задыхаў у трубку.
— Як гэта ты возьмеш мільён, якога, дарэчы, у мяне няма?
— Праз суд. За нанясенне шкоды майму здароўю, за маральнае зганьбаванне. Аналіз у «хуткай» паказаў наяўнаець клафеліну, іншай атруты... Не сам жа я глытаў яе.
Дыхание боса зрабілася частым i цяжкім.
— Піць не трэба на рабоце!
— Мая слабасць — не адмовіўся ад запрашэння. Хацеў паразумецца з Вадзімам, хацеў дапамагчы табе паставіць яго на правільны шлях.
— За гэта дзякую... Але... Ты хочаш падаваць у суд?
— Мне не да жартаў. Да таго ж ты ведаеш па рабоце: я слова на вецер ніколі не кідаў.
Доўгае маўчанне.
— Чуеш, Іван, сын Піліпаў?
— Чую. Чую. Ну то ж, паспрабуй судзіцца з Прытокам. Некаторыя судзіліся...
— I што?
— Выйшлі з суда апляваныя.
— Я не выйду так...
— Выйдзеш як міленькі. A калі i выйграеш працэс, радасці не нажывеш.
— Пагражаеш?
— Папярэджваю.
— A ў мяне прыстаўка, i размова наша запісваецца.
— Вунь ты як? З прыёмам мафіі.
— Ды не, з крымінальным вышукам. Каб вывесці сапраўдных мафіёзі на чыстую ваду.
— Давай! Давай! — Прытока зларадна рагатнуў. Размову слухаў увесь «савет у Філях», як Адам называў сваіх: жонку, сына, дачку, зяця, унукаў. Ухвалілі:
— Добра ты яго напалохаў.
— Няхай не спіць, злодзей.
— Думаеце, я проста палохаў? Я ўжо напісаў заяву ў суд. Во! — узяў са століка папку.
Заяву чыталі моўчкі, але ўсе разам — галава да галавы.
Першай «налажыла рэзалюцыю» Галіна Пракопаўна:
— Не трэба!
— Чаму не трэба?
— Не трэба нам яго брудныя грошы.
— Грошы не пахнуць.
— Ты можаш нешта адеудзіць. А ён цябе пасля са свету зжыве.
— Кілера нойме.
— Усяго мы баімся. Таму i працвітаюць прытокі. Дыскусія не была такой доўгай, як пры вырашэнні ісці яму вартаўніком ці не ісці. Тады галасы падзяліліся. Цяпер жа было аднагалоссе:
— Не судзіся, тата. Не прыніжай сябе. Будзь ён пракляты са сваімі мільёнамі!
— Паслухайся дзяцей, Адась.
— Змовіліся вы ці што?
— Як мы маглі змовіцца, не ведаючы, што ты надумаў. Судзяцца яны, багачы, вырываючы, як шакалы, кавалкі адзін у аднаго. Нам сабачы кавалак не трэба! Пражывём!
Адам Фадзеевіч слухаў, здавалася, незадаволена, а потым раптам весела засмяяўся.
— Дзівакі вы, мае родныя: ад мільёна зялёных адмаўляецеся! Сямейную фірму арганізавалі б.
— Не трэба нам фірмы, у нас ёсць больш надзейны калектыў — сям'я. Аснова грамадства, — глыбакадумна сказала Насця.