— Ну, ты лётаеш у аблоках. А ты, зяцёк?
— Я на гэты раз з тымі, хто бліжэй да філосафаў. У ix — уся мудрасць часу.
— Хопіць, філосафы, байкі баяць. Давайце на стол накрываць. Зробім свята. A хіба не свята? — маці адчувала сябе пераможцай.
— A выпіць дасі?
— А табе можна?
— Урачэбнай забароны не было.
— У такім разе вып'еш. Вішнёвай настойкі. Дамо бацьку?
— Дамо! — хорам адказалі i малыя, i дарослыя. Усім стала весела. Як на свята.
Адам Фадзеевіч глядзеў на дзяцей i смяяўся разам з імі, бо ганарыўся імі. Ганарыўся тым, што аднадушна яны адмовіліся ад перспектывы адсудзіць... мільён не мільён, а нейкую суму пэўна.
Такія дзеці — яго бацькоўскае шчасце!
ГУБЕРНАТАР
1...
Дзве «Волгі» імчалі па вузкай шашы, што разразала густы лес. У святле фар гонкія сосны выглядалі фантастычна-казачнымі: густабронзавыя ствалы, серабрыстая, як запарошаная інеем, ігліца галін у недасягальнай вышыні. А там, куды фары не закідвалі снапы святла, вісела цяжкае чорнае пакрывала жнівеньскай ночы. Зоркі можна было ўбачыць, глянуўшы ўбок, у вузкія прагаліны паміж дрэвамі. Пад імі ўнізе, вырываючыся з святла, цемра застывала, бы смала. I здавалася, што ўвесь белы свет счарнеў, скамянеў i назаўсёды пазбавіўся святла i жыцця. У такім суседстве святла i цемры было штосьці іррэальнае, фантастычнае. Гэта i ўзбуджала, i страшыла, i як бы адрывала ад зямнога жыцця.
Такое адчуванне было ў Вікенція Паўлавіча не ўпершыню пры начной яздзе. Але раней гэтае незвычайнае адчуванне забаўляла — якія толькі хімеры не ўявяцца! — i весяліла. Сёння ж чарната на небе i на зямлі бадай палохала. Ён пасміхнуўся з гэтага свайго пачуцця, але далека не так па-дзіцячаму весела i бяздумна, як раней: i ў святле, i ў цемры жыццё ідзе, i яно ў сорак пяць яшчэ даволі светлае, не гледзячы на тое, што навокал шмат што валіцца i рушыцца. Цяпер жа ён ехаў з пачуццём трывогі... За што? За паслязаўтрашні дзень? Ці за вынік свайго жыцця — філасофскі роздум усіх мудрых? Але ж яму рана падводзіць вынікі жыцця. Вельмі рана. Ён можа падвесці вынікі кампаніі — выбарчай. Ды i гэта рана. Вынікі падвядуць без яго паслязаўтра.
Пасля сённяшніх сустрэч, ажно трох за дзень, яму можна асабліва не трывожыцца. Адчуваць сябе пераможцам? О, не! Ён не такі дурань. Ад таго, відаць, i трывожыцца, i ў філасофскую чарнату акунаецца, што дагэтуль не можа зразумець нечаканы ход свайго галоўнага суперніка на выбарах губернатара. О, гэта зубр, перад якім ён, Вікенцій, адчуваў сябе маладым аленем. Былы першы сакратар абкама партыі Пятро Пятровіч Мудроны. Ад но прозвішча чаго варта! Пяць гадоў маўчаў. Вынырнуў. Быў губернатарам i зноў хоча стаць ім. Не дурань. Выбраў момант, калі ў людзей настальгія па тым недалёкім часе, які называлі сацыялістычным, дасягнула свайго апагея.
Мудроны скалаціў магутную каманду — усіх былых падхалімаў сваіх сяброў, двое з якіх, не без яго дапамогі, сталі буйнымі камерсантамі і, безумоўна, фінансавалі яго выбарчую кампанію. Гойсалі па вобласці на пяці машынах, з міліцэйскай міргалкай. Не тое, што ён, бядняк. Каб не Ваня Залоза, ніводнай машыны не меў бы, ездзіў бы на сустрэчы маршрутнымі аўтобусамі. Залаты чалавек Залоза. Быў жа некалі яго начальнікам — першым сакратаром райкама камсамола, дзе ён, Вікенцій, лічыўся трэцяй сошкай — загадчыкам аддзела прапаганды. Аднак жа не палез Іван у губернатары, сам прапанаваў падтрымаць яго, гісторыка, прапагандыста, які на перабудове, прыватызацыі капейкі не нажыў. Зразумеў Залоза, што не сам ён, які дарос да старшыні райвыканкама i трохі мае ад прыватызацыі, а падначалены яго, святы бяссрэбранік, — бездакорная кандыдатура.
Натуральна, што невялікая, але дружная яго каманда, i сам ён засяродзілі ўвесь агонь на старым зубры; астатнія трое кандыдатаў у параўнанні з Мудроным — цяляткі.
Ваня даўно падкінуў ідэю адкрытай дыскусіі — дыялога. Мудроны ўхіліўся. I раптам за тры дні да выбараў згадзіўся. Сам прапанаваў дальні ад цэнтра горрд, дом культуры льнокамбіната.
Учора адбылася ix сустрэча. I натуральна, што малады кандыдат палажыў старога на лапаткі. Залоза памог выцягнуць усе даўнія грахі Мудронага: i што сын падбіў машынай чалавека, i бацька ратаваў яго ад суда, i што траім дзецям даў добрыя кватэры, i што за капейкі па сучасных цэнах прыватызаваў дачу.
Народ гудзеў. Тэлевізіёншчыкі млелі ад драматычнага сюжэту.
Мудроны «перамудрыў», даўшы згоду на дыялог: мабыць, не думаў, што тэлебачанне дасць запіс у той жа дзень, амаль нічога не скараціўшы з таго, што казаў пра яго супернік.