А сёння раніцою ў гасцінічны «люкс» да свайго кандидата ўскочыў Залоза i з дзвярэй закрычаў:
— Ура, Віця! Танцуй!
— Не прайшло ж галасаванне, каб танцаваць.
— Стары корч зняў сваю кандыдатуру! Абвясцілі па радыё.
— Ды ты жартуеш!
Шмат што здзіўляла Вікенція Паўлавіча ў сённяшнім жыцці. Але такога здзіўлення не перажыў за ўсё жыццё. А пазней, пасля вялых стомленых выступленняў у саўгасе i райцэнтры пачала калоць у сэрца незразумелая трывога. Чаму? З-за чаго? Не радасць, а трывога? А тут, у лесе, уколы трывогі пачасціліся.
Будучы губернатар ехаў у другой машыне на заднім сядзенні. Ахоўнік Міхаіл Палавінка спаў, але часта прачынаўся. Залоза сядзеў побач і, мабыць, каб не даць вадзіцелю заснуць, расказваў пра свае, яўна выдуманыя, любоўныя прыгоды.
Шафёр рагатаў. Вікенцій Паўлавіч не любіў такія гісторыі:
— Фантазёр ты, Іван.
— Клянуся, Віця. Хіба я расказваў, калі вярнуўся з курорта? Не расказваў. Дурнем трэба быць, каб расказваць супрацоўнікам. Хтось перадаў бы нашым прыгажуням, а сярод ix знайшлася б такая, што тут жа данесла б маёй Марыне. I аблысеў бы зусім. Яна i так пытае: «Ад чаго ты, Ваня, рана так лысееш?» — i сама адказвае: — «Ад чужых падушак». Вунь Вікенцій Паўлавіч на чужых падушках не спіць — i глядзі, якая ў яго чупрына.
«Здзекуецца, гад», — падумаў Вікенцій, бо чупрына яго таксама моцна парадзела за гады рэформаў. Ды i кампанія па выбарах у губернатары каштавала, можа, не адной пасмы на галаве. Ён адчуваў у сабе сілы, верь^, што можа пераламаць негатыўныя з'явы рыначных адносін. Ён не прынімаў таго рынку, які дзеліць грамадства на багатых i бедных i апошніх робіць яшчэ бяднейшымі, заганяе ў галечу. Ён заставаўся сацыялістам, але ўжо не тым — не марксісцкім. Прачытаў «Капітал»: калі вучыўся, не адужаў. Раскрытыкаваў Маркса, выпрацоўваючы сваю тэорыю. А што? Марксізм — не догма, а напрамак дзеяння. I ён заўсёды, са школьных гадоў, быў перакананы, што не багі гаршкі лепяць. I меў упэўненасць, што i ён здатны зляпіць свой гаршчок. Дайце толькі гліну! Таму ж Івану Залозе нібыта ў жарт прызнаваўся:
— Каб я выказаў хоць дзесятую частку той крытыкі марксізма тады, калі вучыўся ў камсамольскай школе, вылецеў бы адтуль, што корак. Во ў чым была наша бяда — нікому не дазволена было думаць самастойна. Крок улева, крок управа — калі не куля, то тумак. А я ж не вораг марксізму. Перакананым сацыялістам быў заўсёды i застаўся ім. Мне толькі трэба поле для праверкі маёй тэорыі на практыцы.
I відаць, Іван Залоза, былы кіраўнік раёна, старэйшы па гадах, прызнаў у ім тэарэтыка, «новага Карла Маркса» i ўступіў яму пяршынства, пайшоў за ім, каб памагчы яму заваяваць гэтае поле. Вядзі нас, Вікенцій, да светлых вышынь сацыялізма! Камунізм не патрэбны! Твой сацыялізм дае кожнаму прастор шырэйшы, чым пры капіталізме. Капіталізм Іван Залоза адмаўляў ва ўсіх яго іпастасях, хоць у гады развала партыі i разгульнай прыватызацыі не пасаромеўся прыхапіць што-нішто з таго, што дрэнна ляжала. А пры сацыялізме шмат што ляжала безгаспадарча. I тыя, што сядзелі на алімпе, забываліся, што дзяржава — гэта людзі, якія выхоўваліся не толькі ў піянерскіх атрадах, але i бацькамі, што ніяк не маглі пазбавіцца ад перажыткаў праклятага мінулага: грабці да сябе, а не ад сябе.
Тэорыя Вікенція ўлічвае гэтую спадчыну: можаш быць багатым, але не забывайся пра бедных, ствары ім чалавечае жыццё — як у Швецыі.
Залоза пачаў новую вясёлую гісторыю, але тут жа перапыніў яе.
— Юрка! Пасігналь гэтаму ліхачу, а то праскочым паваротку.
— Якую паваротку? — спытаў Вікенцій Паўлавіч.
— Абяцаў жа я ў пачатку падарожжа, што пакажу вам рай на нашай грэшнай зямлі.
— Навошта нам рай?
— Хай! Табе ўжо i рай не трэба! Глядзі, пачуе архангел — загоніць у пекла.
— А ты хочаш быць у раі?
— А хто не хоча добрай чаркі, юшкі i шашлычка?
— Завадзяга ты, Іван.
— Без завадзяг сумна жылося б.
Між тым шафёр паміргаў фарамі i, мабыць, убачыўшы, што пярэдняя машына не збаўляе ход, моцна пасігналіў.
Палавінка прачнуўся, падскочыў — ажно ўдарыўся галавой аб крышку кузава. Насмяшыў.
— Што сталася?
— Глядзі — HJIA на дарозе.
— Губернатара выбралі. Уся вобласць салютуе. А ты спіш. Прачысці горла. Замачваць будзем.
— Замачваць будзем у панядзелак, калі бабкі падаб'ём.
— Без рэпетыцыі? Ты што гэта!
На пярэдняй машыне загарэліся стоп-сігналы. Затармазіла, з'ехала на ўзбочыну, спынілася i прапусціла ix наперад. Паехалі на нізкай хуткасці.
— Круці баранку, Юрка, налева.
Нырнулі пад кашлатыя яліны. Тут, на грунтавой пакручастай лясной дарозе, пераплеценай карэннем дрэў, лес у святле фар выглядаў здзіўляюча, таямніча. Такой карціны, такімі фарбамі, не напісаў яшчэ ніводзін мастак у свеце. Нечакана ельнік скончыўся, i бярозавы гай засвяціўся некранутай белізной, як сарамлівая нявеста.