Убачыўшы, што Сімакоў выконвае сваю працу з вучонай павольнасцю, яму пачалі памагаць i Вікенцій, i Падбярозскі. Тым часам Юрка прынёс з багажніка цяжкую кардонную каробку, а Сцяпан, шафёр другой машыны, — дзве торбы. Вікенцій здзівіўся:
— Цэлае вядро мяса. Навошта столькі!
— Не хвалюйся. З'ямо. Палічы, колькі едакоў! I ўжо галодныя. Калі абедалі? У гадзіну дня. А цяпер адзінаццаць ночы. Дык займіся сталом. Нарэж памідораў, гуркоў.
Вікенцій Паўлавіч папрасіў лесніка паліць яму на рукі i заняўся больш чыстай справай: расстаўляў на брызенце пузатыя чаркі, шклянкі для вады, раскладваў на вялікіх аркушах паперы гуркі, памідоры, перац, чырвоную рыбу. Першыя шампуры ляглі ў гнёзды мангала, пастаўленага на вуголле; апетытны пах юшкі, якая астывала ўжо, забіў востры водар смажанага мяса i цыбулі.
Залоза пацягнуў носам.
— Ну чым вам не рай? У раі такога не пачуеце. Там пахне прэсным, кветачкамі.
— Рай-рай, — згадзіўся Падбярозскі.
— Рай, — пацвердзіў Сімакоў i пажартаваў: — ТольKi цяжка вызначыць — які? Капіталістычны? Ці сацыялістычны?
Засмяяліся.
Ляснік вызначыў:
— Сялянскі. Рыбацкі. Што, пры сацыялізме юшкі не елі? Ці каўбасы? Цяпер — не па кішэні.
— Будуць па кішэні, — паабяцаў Вікенцій Паўлавіч.
На гэтае абяцанне гаваруны з каманды не адгукнуліся, як бы замялі. Не паверылі, што каўбасы будуць па кішэні лесніку, ці што?
Пераключыліся на выбары.
— Я ўсё думаю: што прымусіла старога мерына ўдарыць у аглоблі? — задумліва спытаў Палавінка.
— Правільна будзе — вылузнуць з аглобель, — засмяяўся Залоза. — Бачылі, як у нядбайнага гаспадара, які не сцягнуў гужы, конь вылузваецца з аглабель, i калі гаспадар не трымае лейцы, конь i хамут можа скінуць, ударыцца ў бег пад адной сядзёлкай...
— Мудрыш ты над Мудроным, Іван. Хто конь, хто гаспадар?.. Няма гаспадара. У гэтым наша... што?.. шчасце ці няшчасце?
— Там дагаворымся, што робім мы, што вышэйшая ўлада... — сказаў Вікенцій Паўлавіч.
— З тваёй жа платформы: больш самастойнасці абласцям.
— Эканамічнай.
— Дзе самастойная эканоміка, там i палітыка больш незалежная i ад цэнтра, i ад прэзідэнта.
— А што да Мудронага, то я бачыў, як пасля дыскусіі ён каўтаў нітрагліцэрын. Можа, з інфарктам ужо ляжыць.
— I такі стары атопак лез на такую высокую гару?
— Людзі да старасці дзеці, — заўважыў стары шафер.
— Каб жа дзеці. Уладалюбцы.
— Камандаваць i дзеці любяць.
Шашлычны дух гусцеў. Не адзін ласун Сімакоў праглынуў сліну.
— Гэта залп па мне? — спытаў Вікенцій. — Дык хтохто, а ты, Іван, знаеш, што я не любіў камандаваць.
— Знаю-знаю... Аднак палітыкай сытыя не будзем. Прашу да стала. А такога стала i каралі не мелі. Хіба да цывілізацыі, якая сапсавала i жыццё, i чалавека.
— Палітыкай сыты не будзеш... А не дай нам пагаварыць — змарнеем, — засмяяўся Сімакоў, мякка апусціўшыся на брызент. — Не хадзіў, a ногі баляць.
— Жалезныя ногі трэба, каб насіць такое пуза.
— Не чапай майго пуза, банкір. Гэта табе не мяшок з грашамі.
Рассаджваліея, смеючыся. Хто сеў па-ўсходняму, скрыжаваўшы ногі, хто i на бок заваліўся, з асалодай пацягваючыся: цэлы дзень сядзелі то ў прэзідыумах, то ў машынах.
— Ну, хто віначэрпій?
— Гаспадар.
— А хто тут гаспадар?
— Губернатар — гаспадар.
— Іван, надзяру вушы! Накаркаеш, што мяне пракоцяць.
— Хто цябе пераважыць? Ну, чорт з вамі. Я арганізаваў — я i камандую. Але наліць памагайце — да ўсіх чарак не дацягнуся.
Вікенцій Паўлавіч адкаркаваў пляшку віна «Каберне», наліў у падсунутую да сябе шклянку.
— Вікенцій Паўлавіч, — ажно застагнаў Сімакоў, — зноў ты кісляціну? Ад таго ў цябе i язва была. Хлабысні ты шклянку каньяку. Адразу пачуеш сябе на небе.
— Не заклікай на неба, прафесар. Зямны рай лепш. Во ён.
Іван Залоза наліваў у чаркі каньяк і... пераліваў, хоць застолле i асвятлялі фары машыны.
— Ты што, краёў не бачыш?
Жарт барадаты, аднак усе засмяяліся, прагна аблізваючы вусны.
— Ну, а тост першы твой, Вікенцій. Будзем лічыць, што ты аксакал сярод нас.
— Ну што ж, за працу, якую мы зрабілі...
— I якую зробім.
— За тую, што будзем рабіць, мы яшчэ вып'ем... не адзін раз.
— Ну дык я п'ю за вас усіх. За вашу бескарыслівую дапамогу. Папрацавалі вы...
— Па-сяброўску.
— За сяброў сваіх i п'ю.
— А мы — за цябе.
Падбярозскі выпляснуў трэць шклянкі каньяку ў рот з размаху.
Сімакоў цадзіў праз зубы, смакуючы кожны глыток, стогнучы ад асалоды, уцягваючы носам каньячны водар.