Выбрать главу

— Заразліва ты п'еш, Эдуард. Перанімаю твой вопыт, — засмяяўся Палавінка.

— А каньяк толькі так i п'юць... А вы — што ў халяву выліваеце. Не навучы вас...

Згаладала кінуліся на закусь. Жывапісная rapa памідораў, гуркоў, перцу ў хвіліну знікла.

— Замарылі чарвяка? А цяпер кароткая выбарчая нарада. Давай распішам, хто паслязаўтра куды едзе. Ва ўсіх буйных гарадах у нас павінен быць свой кантроль. Крывель крывіць не будзе. А дзялок Лапіцкі — сам некая! быў старшынёй выбарчай камісіі i вывучыў усе махінацыі...

— За махінацыю — суд.

— Наіўны ты чалавек, асветнік. Мне трэба застацца ў цэнтры, у штабе. Але я наведаюся ў бліжэйшыя равны. Ты куды, Эдуард? Вязі сваіх кантралёраў — лічыльнікаў. На кожным участку — нашы. Яшчэ адзін скачок, i мы на кані.

— Ці пад канём, — пасміхнуўся Вікенцій Паўлавіч.

Ён такі моцна сумняваўся ў сваёй перамозе, пакуль Мудроны не зняў з выбараў сваю кандыдатуру. Загадкавы дэмарш. Але ў яго, маладога кандыдата, з'явілася акрыляючая ўпэўненасць, бо Крывеля i Лапіцкага i ён не ўспрымаў сур'ёзна, ва ўсякім разе, не баяўся. Сёння цэлы дзень адчуваў сябе бадай жа губернатарам. А тут, у гэтым лясным раі, у дэмакратычнай кампаніі — ляснік, вадзіцелі — упэўненасць пачала слабець, i ён, чалавек самакрытычны, у думках пасміхаўся са свайго хлапецкага ўзлёту. Не ўпасці б з вышыні.

Арцём ужо падаваў юшку ў металічных місках, i Biкенцій Паўлавіч падняўся, каб не запэцкаць касцюм; ён, кандыдат, убраўся ў лепшае, што меў, i толькі адзін Залоза дазволіў сабе джынсы, у якіх выходзіў i на трыбуны. Але i Залоза падняўся з юшкай.

I тут з-пад абрыву ляснуў стрэл. Куля свіснула над ix галовамі i мякка ўвайшла ў бліжэйшую елку.

Вікенцій яшчэ не паспеў сцяміць, у чым справа, як Залоза ўмомант шыбнуў сваю міску, выхапіў ягоную, шпурнуў у бок стрэла, потым закрыў здзіўленага кандыдата сабой, абшчапіў, груба паваліў на зямлю i нейкі міг ляжаў на ім. Астатнія таксама прыціснуліся да зямлі, як байцы пад кулямётным агнём. Адзін Міхаіл Палавінка выхапіў з кабуры пад пінжаком пісталет i кінуўся да абрыву.

Там затрашчалі кусты, нешта цяжкае бултыхнулася ў ваду.

Палавінка стрэліў раз, другі, пасля паузы — трэці.

— Аднак, — прастагнаў Сімакоў.

— Аднак, — паўтарыў Падбярозскі.

Залоза, задыханы, быццам пасля бойкі, скаціўся з кандыдата. Вікенцій Паўлавіч, падняўся, звярнуўся да Залозы:

— Дзякуй табе, Іван. Надзейны ты таварыш... Не забуду.

— А ты думаў, усё проста? На вайне, як на вайне, — сказаў Залоза.

За гаспадаром падняліся шафёры. Вярнуўся з цемры ў святло фар Палавінка. Папракнуў:

— Няўжо нікому не хапіла розуму выключыць фары? Добра, што адзіночка. Скаціўся ў ваду i пабег па рэчцы. Не дагоніш у цемры. Каму ты прагаварыўся, ляснік?

— Што рыба маўчаў, таварыш начальнік.

— Разбяромся.

Юрка кінуўся да машыны i выключыў фары. У густой цемры, не бачачы адзін аднаго, насцярожана змоўклі, слухаючы цішыню. Удалечыні за рэчкай фыркнуў конь.

— Аднак. На кані стралец.

— Баль закончаны?! — загадаў ці спытаў Палавінка.

— Скончаны! — рашуча сказаў кандыдат.

— Брызент у машыну! Ляснік, збярэш астатняе. Тлела вуголле кастра, на якім варылася юшка. Пры гэтым святле похапкам сабралі ў першую чаргу пляшкі з пітвом — на гэта не забыліся шафёры. A шашлыкі ў мангале i ў казанку юшку пакінулі.

Калі на вузкай палянцы разварочваліся, Юрка стукнуў Сцяпанаву машыну. Стары шафёр, забыўшыся на ўсё іншае, выскачыў з кабіны, гладзіў пакалечанае крыло, енчыў на ўвесь лес.

Залоза высунуў галаву з машыны, злосна загадаў:

— Не галасі, што баба! Не твая машына — губернатарава.

— Ды я трыццаць гадоў ваджу i — ніводнай аварыі! Што мне скажуць у гаражы? А табе, шчанюк, — да Юркі, — я морду наб'ю. Развярнуцца не ўмееш!

— Садзіся за руль! I не псіхуй!

— He псіхуй, не псіхуй... Легка вам казаць...

Але ў машыне, калі яна яшчэ кавыляла па карэннях лясной дарогі, Залоза весела засмяяўся.

— Шашлыкі не захапілі? Ну i дурні! Такіх шашлыкоў не паспыталі. З дзічыны! Елі вы шашлыкі з дзічыны? Ты, Міхаіл, еў, бо вашы i міліцыя — першыя браканьеры.

Палавінка хмыкнуў.

— Крыўдна не тое, што мы не з'елі. Крыўдна, што тэрарыст можа з'есці.

— Вясёлыя вы людзі, — зусім нявесела сказаў Вікенцій Паўлавіч. — Шашлыкі пашкадавалі.

— Знаеш, пан губернатар, якое залатое правіла, асабліва ў тваім ранзе? У любой сітуацыі заставацца аптымістам. Усё перажывём! I шашлыкі з'ямо, Міхаіл. Праз тры дні, як толькі партрэты Вікенція Паўлавіча з'явяцца ва ўсіх газетах.

— Плюнь праз левае плячо, — сказаў кандыдат.