Выбрать главу

Ад думак такіх ажно стаміўся. Сеў у зручнае, хоць i нямяккае крэсла за вялікі пусты стол. Пакуль ніводнай паперкі: накапленні старой улады прыбралі.

I тут апанавала трывога... Усё тэорыя, тэорыя... Высокія матэрыі. А практычна што? З чаго пачаць? Што рабіць? Дзве гадзіны ўжо ён гаспадар кабінета. I за дзве гадзіны не зазваніў ніводны з чатырох тэлефонных апаратаў. Што гэта — байкот? Ад такой думкі ў пот кінула. A калі так i далей будзе? Ды не. Чаго-чаго, а званкоў хопіць. Жыццё ідзе. А без начальства ў нас працаваць не навучыліся. Хто яшчэ не ведае, што ён заняў вялікі кабінет, хто будзе вывучаць нораў новага губернатара, хто далікатнічае: чалавек наваселле спраўляе, а яму надакучаюць... Трэба i самаму пра сябе даць знаць, праявіць ініцыятыву.

Ранішнім сваім крокам, першым у гэтых сценах, Вікенцій Паўлавіч быў задаволены. Раней, чым зайсці ў свой кабінет, ён ласкава пагаварыў з сакратаркай Матронай Піліпаўнай, сівой ужо жанчынай. Яна глядзела на новага губернатара спалоханымі вачамі i пэўна палічыла сваім абавязкам паведаміць:

— Я маю пенсійны ўзрост.

— А што, вам у космас ляцець? За гэтым сталом, бачу, вы камп'ютэр асвоілі... можна доўга сядзець.

— Я i сяджу чатырнаццаць гадоў... a ўсяго...

— Не бойцеся. Старыя кадры я ў крыўду не дам.

I пайшоў не ў свой кабінет, а да першага намесніка Каржакевіча.

Маладзейшы за яго, адзеты ў новы гарнітур (не помніў: заўсёды сустракаў яго такім элегантным, ці ён так адзеўся для сённяшняга дня?). Сяргей Аўдзеевіч пачціва падняўся i, здалося, пабляднеў. Гэта Вікенція Паўлавіча здзівіла, бо чуў, што ён незалежны, прынцыповы, нікому не баіцца праўду сказаць, хоць часам гэтая незалежнасць перерастала ў ганарыстасць i фанабэрыю, за што яго асуджалі.

Павіталіся за рукі i добрую хвіліну разглядвалі адзін аднаго — вывучалі, хоць i дагэтуль сустракаліся не аднойчы. Але тады Каржакевіч стаяў вышэй, цяпер наадварот.

Намеснік закурыў цыгарэту, прапанаваў пачак начальніку i здзівіўся, што той не курыць.

— I гарэлкі не п'яце?

— Часам — віно.

— Доўга жыць будзеце. А я выпальваю па два пачкі ў дзень. I гарэлку п'ю, — сеўшы не за рабочы стол, а за доўгі — для нарад, напроціў Вікенція Паўлавіча, адразу, без уступу i падрыхтоўкі, выявіў свой прамы характар:

— Дык мне збіраць манаткі?

— Чаму?

— Кожны новы першы — раней, цяпер — прэзідэнт ці губернатар падбірае сваю каманду. Я ў вашай камандзе не быў, я падтрымліваў Пятра, лічыў: стары конь баразны не скрывіць. Возьмеце Залозу?

— Не.

— Не? — Каржакевіч здзівіўся.

— Іван прымае маю прапанову. Але не на ваша месца. Ніжэй. Сам просіцца на кіраўніка справа.

Каржакевіч легка свіснуў i ціхенька засмяяўся.

— Што вас здзіўляе?

— Не, нічога. I ніхто. Усё правільна. Іван Яўменавіч проста знае, што Чувака трэба як можна хутчэй гнаць... вызваляць, прабачце.

— За што?

— Многа накраў. Хопіць. Трэба i іншым нешта пакінуць.

— Здзіўляеце вы мяне. Зналі, што крадзе, i трымалі? Вы колькі кіруеце вобласцю, як Мудры раптам пайшоў у адстаўку?

— Тры месяцы...

— I толькі цяпер раскусілі Чувака?

— Раскусіў даўно. Але таго, хто ўмее красці, нялёгка зняць. Так было, ёсць i будзе. Пакіруеце — пабачыце.

— Так ёсць, але так не будзе!

Намеснік цяжка ўздыхнуў.

— Дай Бог. Дык магу працаваць далей?

— Безумоўна. Калі, канешне, спрацуемся. А цяпер, агледзеўшыся, я прыйду да вас за навукай. Будзеце вучыць?

— О! Гэта новае. Ніводзін першы не вучыўся ў сваіх намеснікаў.

— Вы так думаеце? Гонар не дазваляў прызнацца, а вучыцца вучыліся. Толькі дурань ні ў каго не вучыцца.

Сяргей Аўдзеевіч весела засмяяўся.

— А плакаць не будзеце, калі я буду біць вас лінейкай па руках? Бацька мяне біў. Здорава памагала.

— Толькі ж не вельмі важкую лінейку выбірайце. А то я музыка, глядзіце, якія тонкія пальцы.