Выбрать главу

— Я люблю прадметы важкія, моцныя. Жонка гадоў дзесяць пілуе, што я ніяк не замяню ў спальні шафу з дубовых дошак. А мне шкада. Гадоў сорак назад склеена нашымі лепшымі ў свеце мэблярамі. З пушкі не разаб'еш. Перасунуць з месца на месца — трэба не менш чацвярых добрых малайцоў.

Дзіўна, але менавіта гэтая дробязь — шафа — дала дозу сімпатыі да гэтага стыльна апранутага чалавека. Не мела значэння, што гэта — кансерватызм, ашчаднасць. Ашчадным ён быў i сам, i Маша, i дзяцей выхоўвалі ў беражлівасці. А кансерватызм... У маладосці ваяваў супраць кансерватараў. А цяпер i гэтая рыса стала падабацца ў людзях: такія не ламаюць бяздумна ўсё старое, не рэфармуюць жыццё з наскока.

Зноў спыніўся перад пустымі паліцамі кніжнай шафы. Пастаяў, падумаў, выйшаў у прыёмную.

— Матрона Піліпаўна, там у шафе пустыя полкі. Што вынеслі? Маркса i Леніна?

— Канешне, класікаў, Вікенцій Паўлавіч, — жанчына стоена ўздыхнула.

— I дзе гэтыя кнігі?

— Думаю, у Васіля Антонавіча на складзе. Ён чалавек культурны, такія кнігі не мог выкінуць у макулатуру.

— Пастаўце, калі ласка, ix на месца.

— Зараз жа?

— Не. Пасядзіце ў прыёмнай. Мне хочацца з пэўным парадкам прыняць першага наведвальніка. Зраблю першы крок да... бюракрата.

— Вы бюракратам не станеце.

— Бог яго ведае. Не хачу стаць ім. Але напэўна буду. Нікуды не дзенешся — такое жыццё!

I ён неўзабаве з'явіўся, першы прасіцель. Загучаў голас у невялікім настольным дынаміку — ажно спалохаў:

— Вікенцій Паўлавіч! Да вас просіцца на прыём Барэйка.... Кажа, вы яго ведаеце.

Не прыгадаў чалавека з такім прозвішчам.

Матрона Піліпаўна прынесла паперку: «Барэйка Сцяпан Фаміч, шафёр аўтабазы выканкама».

— Ах, Сцяпан! — i адчуў няёмкасць: два тыдні ездзіў з ім i не даведаўся прозвішча. «Такая мая ўвага да людзей! Да старога чалавека: Сцяпан, Сцяпан. Як i да маладога Юркі. Пасаромейся, губернатар».

Падняўся, сам выйшаў у прыёмную. Павітаўся з шаферам за руку; рука шурпатая, мазолістая, выходзіць, не толькі баранку круціць. Чалавек вельмі збянтэжыўся.

— Заходзьце, заходзьце, Сцяпан Фаміч.

Зайшоў, стаў пасярод кабінета, збянтэжана камячыў фуражку, то чырванеў, то бляднеў.

— Ды вы сядайце.

Не сеў. Махнуў шапкай i — як у ваду кінуўся.

— Таварыш губернатар! За што ж мяне з работы гоняць? Тры гады да пенсіі.

— А за што?

— А я не помню, што я сказаў, калі шчанюк той, няўмека, машыну стукнуў. Ну вылаяўся, відаць. Хоць i гэтай прывычкі не маю.

— I за гэта вас звальняюць? Хто?

— Дырэктар.

— А дырэктару хто сказаў?

— А я падумаў — вы...

— Ды што вы!

Адразу падумаў: «Відаць, Іван, зараза. Яшчэ не заняў пасады, a ўжо камандуе. Але ж i арганізатар. Свой чалавек, надзейны. Грудзьмі заслоніць... i ад кулі, i ад слова. Без такога шчыта з'ядуць. Але як табе паказаць тваё месца? Каб без слоў зразумеў...»

— Ды вы сядайце, Сцяпан Фаміч. I не хвалюйцеся. Будзеце працаваць. Такімі кадрамі не кідаюцца, — i ўміг прыйшло рашэнне, якое здалося бездакорным: — Хочаце мяне вазіць?

— Вас? — шафёр ажно падняўся з крэсла.

— А што? Толькі вам я магу даверыць сваю персону.

Як пазваніць вашаму дырэктару? Як імя яго? — не помніў дырэктаравага тэлефона, толькі дыспетчара.

Прыйшлося падключаць Матрону Піліпаўну. Вікенцій Паўлавіч набраў тэлефон кіраўніка аўтабазы.

— Міхаіл Васільевіч? — i назваў сваё прозвішча. Дырэктар не дачуў ці не паверыў.

— Хто? Хто?

— Ваш новы губернатар, як вы называеце.

— Слухаю, Вікенцій Паўлавіч, — голас уміг змяніў• ся — стаў мядовы.

— Я хачу, каб мяне вазіў Барэйка Сцяпан Фаміч. Дырэктар захлынуўся, ажно дзіўна каўкнуў i цяжка

задыхаў у трубку.

— Ведаю, што вы намерваліся звальняць яго. За што? Не можаце сказаць? A робіце акт беззакония, прабачце, самадурства. За такое ў дэмакратычным грамадстве здымаюць дырэктароў...

— Не я...

— Знаю, што не вы. Хто — ведаю. З ім будзе асобная размова. Паколькі мне зацверджана па штаце два шафёры... Я выбіраю Барэйку i Ліпая. Старога i маладога! Маю права на выбар?

— Слухаю, Вікенцій Паўлавіч. Палажыўшы трубку, спытаў у Сцяпана:

— З Юркам спрацуецеся?

— З Юркам? Задавака. Але хлопец нічога. У вашых руках... • v'i^i^

— Не ў маіх — у вашых. Вы — яго бацька. Барэйка засмяяўся i нечакана незвычайна пахваліў:

— А вы — чалавек.

Сапраўды, незвычайна. Пахвала такая здалася найвышэйшай, ніхто ні разу яшчэ не даваў такой атэстацыі — чалавек!

Успамінаў — i пасміхаўся, думаў: «Так проста быць Чалавекам. I — во парадокс! — так няпроста ім заставацца ў любой сітуацыі. Здолею?»