Выбрать главу

Праз якую гадзіну ледзьве не сарваўся. У кабінет не ўвайшоў — уварваўся кіраўнік справамі выканкама Чувак. Дзверы, глядзі, што нагамі адчыніў, грымнуў імі — шыбы задрыжэлі. Чырвоны, з шалёнымі вачамі, яўна прыняў для смеласці спіртнога. Не павітаўся. Крыкнуў з napora:

— Ну што, новая мятла?! Мяцеш з napora?

Вікенцій Паўлавіч насцярожана падняўся з крэсла.

— Яшчэ не мёў, але буду мясці.

— I Чувака першага — пад нож?

— Чаму пад нож? Дзіўная ў вас тэрміналогія. Дамо вам пасаду.

А сам закіпеў злосцю не на Чувака — нахабніка, а на далікатнага Каржакевіча: ён жа сказаў, што кіраўніка справамі трэба мяняць, бо задужа многа накраў, i, выходзіць, ён жа, далікатны Сяргей Аўдзеевіч, тут жа перадаў Чуваку ix размову.

— Значыцца, вырашана?

— Вырашана.

— Хутка ты вырашаеш, губернатар! Глядзі, паслізнешся. Вызваляеш месца дружку свайму? Дык я табе скажу: прайдзісвет ён, твой Залоза.

Такая ацэнка даўняга сябра яго i цяперашняга вернага памочніка бадай абразіла. А яшчэ непрыемна кранула, што Чувак кажа яму непачцівае «ты», — не хварэў на залішні гонар, але хамства не цярпеў.

Стрымаў сябе i сказаў ветліва:

— Вы з ім працавалі, з Іванам Яўменавічам?

— Не.

— А я працаваў. I не скажу, ніхто не скажа, што ён краў... Былі ў яго слабасці... Але ў каго ix няма?

Чувак сцішыўся, змяніўся з твару: з чырвонага зрабіўся бледным.

Спытаў бадай пачціва:

— Дык мне здаваць справы?

— Каму?

— Як — каму! Вы ж назначылі Залозу.

— Я нікога яшчэ нікуды не назначаў, працуйце.

Чувак хвіліну пастаяў, падумаў.

— Ды не, спадар губернатар. Чакаць, пакуль вы пакажаце мне на дзверы, я не буду. Во заява — па ўласным жаданні, — i дастаў з бакавой кішэні паперу, разгарнуў, палажыў перад губернатарам. Вікенцій Паўлавіч кінуў на яе вокам i сказаў:

— Пачынаеце з крыўды вы дарэмна. А за заяву магу сказаць дзякуй. Мне лягчэй. Я яшчэ не навучыўся звальняць.

— Навучыцеся, — няветліва сказаў Чумак і, не развітваючыся, выйшаў, але дзвярамі больш не грукнуў — зачыніў ціха.

I аднак Вікенцій Паўлавіч адчуў сябе брыдка — як плюнулі на яго. Ён са школьных гадоў баяўся такіх сітуацый, у яго, як казалі хатнія, матчын характар — мяккі, далікатны; Варвара Ціханаўна за ўсё жыццё не пасварылася ні з адной суседкай i дзяцей гэтаму вучыла. Можа, таму ён i не лез на высокія пасады. Які д'ябал падбіў яго палезці так высока? Ці толькі высокая ідэя — боль за развал вялікай краіны, боль за збядненне народа?

«I што ты хочаш? Ашчаслівіць народ? Чым? Выгнаўшы зладзюгу Чувака? Ну, выганю я яшчэ пяць — дзесяць такіх чувакоў... I што? А ix ужо тысячы развялося, як прусакоў. З усіх шчылін лезуць. А я не знаю, якое зелле супраць ix прыдумаць. Ды i што прыдумаеш? Тое, што сачынялася партыяй? Дык за любы зварот да мінулага, няхай ён будзе звышразумны, мне такіх сабак навешаюць, што свае адвернуцца. Той жа Іван... Як ні дзіўна, былы першы сакратар райкама партыі зрабіўся рыначнікам. Ды i я... хіба я супраць рынку? Я — за. Але каб за разумны, цывілізаваны. Дзе прачытаць разумнае пра шведскі сацыялізм, пра кітайскі вопыт? Няўжо Маркс i Ленін так памыляліся? Не, штосьці тут не так. Дактары, акадэмікі, растлумачце! Маўчыце? Ды не, здаецца, i не маўчаць, але перажоўваюць газетныя ісціны. Журналісты фактамі жыцця даказваюць больш, чым тэарэтыкі. А можа, i пачаць з таго, што сабраць вучоных? Столькі галоў! Падагрэць ix, распаліць, сутыкнуць! Няхай паспрачаюцца! А я паслухаю. Нехта ж, ды, думаю, i не адзін скажа разумнае. Трэба ж мець, хоць які ідэалагічны, тэарэтычны падмурак!»

Сеў у крэсла, спытаў па селектары:

— Матрона Піліпаўна, хто ў нас займаецца навукай?

— Якой?

— Усімі навукамі. Універсітэтамі, інстытутамі.

— Быў аддзел, але яго скасавалі. Цяпер усё ў аблана — школы, інстытуты...

— Прабачце. Я не дабраўся яшчэ да штатнага раскладу. Хто загадчык?

— Дык Сімакоў жа, ён з вамі ездзіў.

Ажно ў галаву ўдарыла. Як можна забыцца, што загадчык аблана Эдуард, з якім знаёмы з камсамола? Во гэта заскок дык заскок! Вушы загарэліся ад сораму.

«Думай, Вікенцій! Думай! Раней, чым націснуць кнопку селектара. Любую кнопку. Няўвага да людзей, да ix пасад, характараў — недаравальны грэх для любога кіраўніка. Асабліва для таго, каму далі такое гучнае званне — губернатар».

Рабочы ў спяцоўцы прынёс кнігі. Цэлы мяшок. Цяжкія, што цагліны. Бадай злосна грукнуў мяшок на падлогу, на паркет.

Вікенцій Паўлавіч абурыўся. Абурыла не тое, што так непаважна кінуў кнігі — кнігі! Абурыла, што не павітаўся нават, слова не сказаў. Кінуў: во ваша дабро! I пайшоў. Чым незадаволены? Падумаў, што вяртаецца былая ўлада? А чым яму дрэнна было пры старой уладзе? I што яму дала новая?