Выбрать главу

3...

Паездка ў сталіцу не дала тых вынікаў, на якія спадзяваўся, таму настрой быў не лепшы. Думаў: «Не навучыўся я выбіваць. Іван кажа: гэта талент — умець выбіць. I лічыць, што ён найлепшы выбівала з усіх нашых выбівал. Трэба было ўзяць яго». Ішоў пехатой на працу, што рабіў часта, хоць ахоўнік — упаўнаважаны КДБ Міхаіл Палавінка — пратэставаў супраць гэтага, папярэджваў:

— Вы глядзіце: губернатараў страляюць, як курапатак.

— Не палохай. Я не з баязлівых.

A Іван, самы блізкі чалавек, неяк за кавай папракнуў:

— Танную папулярнасць нажываеш сваімі прагулкамі. А мы дрыжым.

Але Вікенцій Паўлавіч ведаў, што гараджанам падабаецца дэмакратычнасць губернатара: з ім можна i на вуліцы пагаварыць.

Вярнуўся а другой палавіне ночы. Не даспаў. Галава чыгунная. Але звонкае асенняе паветра — уначы падмарозіла — хораша ўзбадзёрыла. Сцяпану загадаў спаць да паўдня. Не будзе стары спаць, Юрка спаў бы. А Сцяпан скардзіцца, што мала работы.

— Мала вы ездзіце.

— Бензін дарагі.

— I сямейныя вашы... жонка, дзеці. Няўжо ім не трэба?

— Няхай не разяўляюць рот сямейныя. Службовая машына не для прыватных паездак.

— Каб жа ўсе так лічылі, — i стары шафёр цяжка ўздыхаў — ці ад таго, што не ўсе такія, ці ад таго, што сумна яму цэлы дзень забіваць у гаражы «казла».

Прайшоў — i ўзбадзёрыўся, як аднавіўся. На ліфце паднімаўся зусім з іншым настроем, чым той, што застаўся ад паездкі. «Чорт з імі, гэтымі сталічнымі бюракратамі!»

Адчыніў дзверы ў прыёмную і... ашаломлена застыў: замест Матроны Піліпаўны на сакратарскім месцы сядзела другая жанчына — маладая, эфектная, з густам падфарбаваная, з моднай прычоскай. Але ашаламіла не сама нечаканая падмена. Ашаламіла, што насустрач, запунцавеўшыся, паднялася даўно знаёмая, яшчэ з камсамола, прыгажуня Аня Апановіч, інспектар райана, сакратар камсамольскай арганізацыі ўсяго выканкама. Не толькі яны, камсамольцы, але некаторыя ўжо i пасівелыя дзядзькі былі закаханы ў яе.

Ён, Вікенцій, разы тры цалаваўся з Аняй, але быў ужо жанаты i дакараў сябе нават за словы, якія аднойчы сказаў ёй: «Шкадую, што рана ажаніўся». Адчуваў сябе вінаватым перад Машай. I пасля таго пазбягаў заставацца з Аняй адзін на адзін, а яна не аднойчы набівалася ў паездкі па раёну. Не ўзяў ні разу — баяўся грэхападзення.

I вось яна ў яго прыёмнай. Якім чынам? Якім... Іванава штукарства. Толькі гэты вялікі камбінатар мог знайсці яму такую сакратарку. «Колькі гадоў я не бачыў яе? Гады чатыры. Не пастарэла. Такая... Аднак, дзе ты, камбінатар, выкапаў яе? Во ўжо праўда: з-пад зямлі можаш дастаць...»

Кароткую хвіліну цягнулася яго трохі збянтэжанае здзіўленне, але гэта дало ёй магчымасць павітацца першай — з ласкавай усмешкай:

— Добрай раніцы, Вікенцій Паўлавіч.

— Добры дзень, Ганна Фядосаўна Апановіч. Так?

— Не забыліся? — яна ціха засмяялася.

Ён наблізіўся, праз стол працягнуў жанчыне руку. Яе рука была гарачая, а яго, з вуліцы, халодная. I цеплыня гэтая пацякла па руцэ ў... куды? у сэрца? I гэта яго спалохала, ён адняў руку.

— Вы падмяняеце ці... на пастаянна?

— A хіба Іван Яўменавіч з вамі не гаварыў? — яна як спалохалася.

— Гаварыў, гаварыў... Але не сказаў, каго знойдзе.

— Мяне знайшоў.

— Нядоўга шукаў.

Ганна засмяялася неяк дзіўна.

— А яны сябруюць з маім мужам. Не раз i не два бралі чарку ў нас на кватэры. Івану мае рыжыкі падабаюцца. Не грыбны быў год, a ў мяне рыжыкі ёсць. Не адмовіцеся пакаштаваць? Толькі без чаркі не той смак...

— Запрасіце яго да мяне.

— Яўменавіча?

— Яго, яго, чорта лысага, — буркнуў Вікенцій i пайшоў у кабінет. А сакратарка глядзела яму ўздагон i вельмі ж загадкава пасміхалася.

Залоза ўскочыў з папкай папер, але ўбачыў, што губернатар нахмураны, што асенні дзень, i не палез вітацца за руку, як звычайна, — зрабіў выгляд, што забыўся на прывітанне.

— Як з'ездзілася?

— Што ты робіш?

— А што?

Вікенцій Паўлавіч бліснуў поглядам на дзверы ў прыёмную.

Іван выбраў лепшую абарону — наступление.

— Ты ж мне даручыў займацца кадрамі апарата. Акрамя тваіх намеснікаў i загадчыкаў упраўленняў i аддзелаў...

— Іван, не круці. Я цябе бачу наскрозь, вялікі камбінатар.

— А што, не падабаецца? — i вельмі здзівіўся. — Аня не падабаецца? Ну, ты даеш, пан губернатар!

Што адказаць такому нахабніку? Паддайся такому...

— Куды ты Матрону падзеў? — спытаў строга, падумаўшы: «Калі зволіў — мала табе не будзе».

— А я перавёў яе да сябе загадваць сектарам. Зарплата вышэйшая. Перад пенсіяй ёй гэта важна.