Выбрать главу

Вікенцій Паўлавіч расслабіў сціснутыя кулакі.

— Хітруган ты, Іван, сын Яўменаў.

— Вікенцій Паўлавіч, дарагі мой чалавек! Толькі дурні не маюць хітрасці. А я не дурань.

— Што не дурань, то гэта праўда. Ну, што там у цябе ў папцы? Новыя камбінацыі? Не ўздумай паказаць мне камбінацыю з трох пальцаў — раскушу...

Залоза весела засмяяўся.

— Ну што ты, Вікенцій. Каб я!.. Ды лепшага памочніка ты да пенсіі не знойдзеш.

— Да пенсіі я застануся без памочнікаў.

— Не дазволім!

— Самаўпэўненасці ў цябе... — i падумаў: «За такі падхалімаж варта даць пстрычку па носе. Не даю. Прывучаюся? Не расслабляйся, Вікенцій!»

— Як твой аукцыён?

— Выдатна.

— Нават выдатна? Не думаў.

— Бо не цэніш маіх здольнасцей.

— I што прадалі?

— Усё, што зацвердзіў губернатар, прыватызавалі. Добра папоўнілі бюджэт. Не будуць урачы галадаць.

— Не люблю я гэтага слова. Народ правільна перайначыў: прыхватызацыя.

— Вялікі ты марксіст, Вікенцій. Маркса, Леніна ў шафу паставіў...

— А ты выкінуў бы, як Чувак? Ты хоць прачытаў «Капітал» у партыйнай школе?

Залоза весела аскаліўся.

— У школе не чыталі. У школе здавалі экзамены. А перад экзаменам мы добра частавалі прафесара.

— У тым i бяда, што мы гультаі i ад гэтага невукі. Цяпер які толькі бруд не выліваюць на Леніна. Сто прафесараў, учарашніх марксістаў расстаўляюць коскі ў ленінскай фразе: «Расстрелять нельзя помиловать». I забываюць, колькі Ленін напісаў. А мы з табой добрага артыкула не сачынілі. I ніхто не ўспамінае, што ў Леніна ёсць i такое выказванне: «Каким будет социализм, этого мы знать не можем». А ты кажаш! — Вікенцій Паўлавіч паглыбіўся ў даўгі спіс, дзе былі пералічаны аб'екты, пакупнікі, сумы, за якія прададзены. Хмыкнуў разы тры. I раптам ажно скалануўся, адкінуўся на спінку крэсла.

— Чувак купіў кандытарскі магазін?! За якія даходы?

— Вікенцій Паўлавіч! На аукцыёне пракурора не садзяць, які пытаў бы: адкуль у цябе грошыкі?

— Але мы з табой знаем, што накраў твой Чувак.

— Чаму ён мой? Канешне, накраў. Але не дакажаш. Правярала кантрольная палата па тваім загадзе. I што выявіла? Смешную дробязь.

— Бо i ў правяральшчыкаў рыла ў пуху.

— Не дакажаш.

Вікенцій Паўлавіч схіліўся над спісам i тут жа зноў адкінуўся:

— Іван! Чартаўшчына нейкая атрымліваецца: Чувакоўскі кандытарскі тайней, чым абутковы... Як гэта атрымалася? Ды ў кандытарскім плошча ў тры разы большая, абсталяванне, па-мойму, там нават італьянская пякарня...

Залоза зрабіў здзіўленыя вочы, схіліўся над сталом, заглядваючы ў спіс.

— Праўда тайней? Не танней. Адна цана.

— Але магазіны розныя.

— Чорт яго знае! Я з малатком не сядзеў. Аукцыён ёсць аукцыён. Загадак на ім не менш, чым у жыцці. Думаеш, мяне не здзіўлялі там i цэны, i конкурс? А чым ты растлумачыш, што за кравецкую майстэрню i пачатковай цаны ніхто не прапанаваў?

— I не прадалі?

— Не прадалі. Знялі з аукцыёна. Я зняў. Скажу шчыра: цябе пабаяўся, ведаючы тваю ўнікліваець.

— Не вельмі ты баішея.

— А ты хацеў, каб баяліся?

— Вось гэтага я не хачу, — i зноў у спіс, чытаў павольна, перад некаторымі аб'ектамі i прозвішчамі паставіў птушачкі, пытальнікі.

— Што ты адзначаеш?

— Трэба ўдакладніць, што за людзі пакупнікі. Мы з табой павінны ведаць сваіх «герояў». Нам з імі ваяваць.

— З імі ці супраць ix?

— Калі зладзюгі, то i супраць.

— Уедлівы ты чалавек, Вікенцій. Але хачу сказаць табе адно: не ваюй супраць «новых». Яны ўжо сіла. Клас. Другой рэвалюцыі не зробіш. Падтрымай ix.

Губернатар уздыхнуў.

— Дажылі мы з табой, што мусім падтрымліваць тых, каго раней пасадзілі б.

— Што зробіш. Не мы рабілі рэвалюцыю.

— Ты называет рэвалюцыяй гэтую прыхватызацыю? Дык я цябе прашу: пры мне не ўжывай гэтага слова «рэвалюцыя» ў такім вось кантэксце. Яго нават самі «новыя» i ix лакеі-прафесары не ўжываюць.

Залоза смяяўся, як з вясёлага анекдота, ён умеў смяяцца — галасіста, заразліва.

— Слухай, Іван. А вось тут Чарняк Ірына Яўменаўна цырульню адхапіла. Не твая сястра?

— Не, не мая.

— А па-мойму, у цябе ёсць сястра Ірына.

— Ёсць. Але яна ў Гродна.

— Яўмен — рэдкае імя.

— Цяпер стала рэдкім. A калі нарадзіўся мой бацька, то было нярэдкае. У бацькі дваюрадны брат — Яўмен... Ты як быццам не верыш мне.

— Ды не. Табе я веру, Іван. Будзе трагедыя — для мяне, — калі я страчу веру ў такога чалавека, як ты. Я не забуду, як ты прыкрыў мяне ад магчымай кулі.

— Дзякуй за добрае слова. Яно даражэй за медаль.