— Што ў цябе яшчэ?
— Помніш, я табе казаў... Многія ўстановы выкарыстоўваюць памяшканні, якія збудаваны за дзяржаўны кошт... за народныя грошы, за партыйныя — за нашы з табой узносы — у карысных мэтах: здаюць у арэнду пад офісы, магазіны. Колькі бяруць арэнды, каму яна ідзе, у чыю кішэню — адзін Бог ведае ды i той, не маючы добрай бухгалтэрыі, відаць, заблытаўся. Арэнда — дзяржаўныя грошы. I галоўнае — жывыя. Ix можна не закладваць у бюджэт, не выносіць на савет.
— Не любіш ты савет, дэмакрат.
— Савет я люблю — калектыўны розум. Ты помніш: без пленума райкама я не прымаў ніводнага рашэння, на бюро выносіў толькі цякучыя. Я не люблю людзей, якія сунуць свой нос куды не трэба. Як той Бажалаў. Думае, калі ён старшыня дэпутацкай камісіі, дык абавязаны заглядваць не толькі ў паперы канцылярыі, але i ў маю галаву.
Вікенцій Паўлавіч цяжка ўздыхнуў.
Бажалаў гэты нядаўна сцёбнуў яго ў газеце, што ён не выконвае свае выбарчыя абяцанні: заклікаў да галоснасці, a ў яго апараце тая ж атмасфера, што i пры партакратах i што кіруе не ён, губернатар, a кіраўнік справамі — былы сакратар райкама Залоза.
— Ты мне лекцыі не чытай. Давай прапановы.
— Прапанова кароткая: гаспадарамі гэтых дамоў павінны стаць мы. A цяперашнія гаспадары павінны стаць арандатарамі — арандаваць патрэбныя ім плошчы ў адміністрацыі губернатара. Я падрыхтаваў распараджэнне. Твой аўтограф — i...
Вікенцій Паўлавіч узяў паперу, глянуў, лёгка свіснуў:
— Дваццаць сем аб'ектаў? Махнуў ты, Іван!
— А што, пэцкацца з-за двух-трох? Чарнілы ў аўтаручцы даражэй будуць, чым мы заробім.
— Не гудзі. Галава баліць. Дай падумаць.
Удумліва паглыбіўся ў спіс дамоў i ix цяперашніх гаспадароў.
— Нагарадзіў ты... Навукова-даследчы цэнтр радыяцыі... Яго закрыеш? Мне галаву знясуць.
— Мы ж нічога не закрываем. Наадварот, ствараем умовы. У цэнтры гэтым паўтара дзесятка супрацоўнікаў — i такое памяшканне! Трэць здаюць у арэнду
дзвюм фірмам, якія да радыяцыі не маюць ніякага дачынення. Кажуць, за арэнду купляюць абсталяванне. Доўга купляюць. A вынікі — дзве дохлыя дысертацыі. Навука называецца!..
— Ну, а вось гэта ўжо не лезе ні ў якія вароты.
— Што?
— Тваё жаданне абрабаваць творчых людзей. Аддзяленні трох творчых Саюзаў — пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў — займаюць двухпавярховы домік. I гэты дом вочы табе мазоліць?
— А ты паглядзі, чым яны там займаюцца — не прасыхаюць цэлы дзень. За што п'юць? Думаеш, за ганарары? Хто ім плаціць ганарары? За арэнду п'юць. Яны ж з дванаццаці пакояў пакінулі сабе чатыры. А плата арэндная — самая нізкая. Якія добранькія! Яўна розніцу атрымліваюць натурай. Спіртавой. Між іншым, арэндуе там фірма, якая займаецца рэалізацыяй малдаўскіх він. >
— Пасівееш з табой.
— А ты не бяры ўсяго да сэрца. У цябе — вунь які штат. Раздзялі на ўсіх. Гэты клопат даручы мне. З мяне даволі твайго кручка на паперы.
— Знаеш, Іван, сын Яўменаў... часам мне здаецца, што ты лічыш мяне за дурня.
Залоза пазмрачнеў i высмаркаўся ў насоўку — як заплакаў:
— Крыўдзіш, Вікенцій Паўлавіч.
— А ты не крыўдуй.
— Я не крыўдую. Але ж...
— Добра. Пакінь мне гэтае распараджэнне. Я падумаю. Параюся з юрыстамі. Хоць чакай... Сюды патрэбна яшчэ тлумачальная запіска — чый дом, што за дом, плошча, якую займаюць гаспадары...
Залоза весела засмяяўся.
— Ну, у цябе без працы не застанешся. Запісачка такая... на дзве старонкі... у дзесяць не ўложышся.
— Мала ў цябе пісараў? Матроне даручы. Яна i замерае, i падлічыць, i на камп'ютэры набярэ, i яна ж юрыст.
— Залішне давяраеш юрыстам. А большых дагматыкаў i блытанікаў, як гэтыя гора-законнікі, я не сустракаў.
— Не настройвай мяне супраць юрыстаў. Можаш паверыць на слова: цану ім я знаю... Ну, паехалі далей.
— А далей я буду цябе здзіўляць.
— А ты часта здзіўляеш. I я ўжо баюся новых дзівос. Але куды ад цябе падзецца? Здзіўляй.
— Мудроны просіць адвесці зямлю пад будаўніцтва двух магазінаў.
— Мудроны? Пятро? Дарагі наш правадыр?
— Ён.
— Якія магазіны ён хоча будаваць?
— Прадуктовыя, якіх не хапае. Нельга адмовіць.
— Адвесці яму зямлю мог мэр, яго прэрагатыва.
— Але адначасова ён просіць вызваліць ад уплаты разавага збора за ўстаноўку гандлёвых кропак. Hi ў якой пастанове гэтага няма. Але ў практыцы ёсць. Губернатарам дадзена такое права, я праверыў.
— Здзівіў ты мяне — што праўда, то праўда. Ай да Пятро Пятровіч! I хто ў яго будзе гандляваць? Сам стане за прылавак?
— У яго зяць i дачка камерцыяй займаюцца, але... у «сабачай будцы».
— Слухай, растлумач ты мне, усёвед. Каго не сустрэну з былых нашых кіраўнікоў — у кожнага то сын, то зяць, то дачка ці жонка займаюцца камерцыяй. Што гэта? Мода? Уменне перабудавацца раней за іншых? Расчараванне ў сацыялізме? Дык нядрэнна ж жыў Мудроны пры сацыялізме.