Вясна пасля суровай зімы, калі ў дваццаціградусны мароз нават такія закаханыя маглі гартаваць свае пачуцці не больш паўгадзіны-гадзіну, прынесла радасць сустрэч да світання. На кватэру Маша мяне не запрасіла ні разу — саромелася. Само сабой я не мог запрасіць яе ў свой катух, дзе нас трое ўдыхалі пах прымусу. I ў кіно не хадзілі, пасля прызналася: саромелася, што бедна апранутая.
Але вясна прынесла i смутак. Маша канчала тэхнікум (у ix тры гады, у нас — чатыры). Куды яе размяркуюць на працу? Можа, у такую далеч, што i не дабярэшся туды? Узрадаваўся, што ў Рэчыцкі раён — недалёка. На выпускны вечар яна не запрасіла: такія цнатлівыя мы былі. Ды, здаецца, мяне не было ўжо ў Гомелі: групу студэнтаў паслалі на практыку ажно ў Данбас, у Канстанцінаўку, на завод, дзе рабілася цэгла для доменных печаў.
Ад ту ль штодня слаў ёй лісты, у вёску Артукі, куды яна паехала, ведаў з дня размеркавання. Маша адказвала не так акуратна, але кожнае яе скупое пісьмо (у выяўленні пачуццяў яна заўсёды была скупая) было для мяне найвялікшай радасцю, я насіў лісты ля сэрца i перачытваў па шмат разоў, нават даходзіў да такой сентыментальнасці, што цалаваў: ад паперы патыхала непаўторным водарам яе вуснаў, рук, валасоў, яе дыханнем.
Між іншым, адыходзячы ў ліпені 1941 года з Артукоў у Церуху з двухтыднёвай Лінай пехатой праз дзве ракі — Дняпро i Сож, праз балоты, міжрэчча — Маша разам з дзіцячым скарбам несла гэтыя пісьмы. Шкада, што пасля яны згубіліся. Як бы хоць адно з ix спатрэбілася ў гэтую шчаслівую i сумную гісторыю — з сумным фіналам.
3...
Вярнуўшыся з Кастрамы (пасля Данбаса мы праходзілі практыку на Волзе на заводзе сілікатнай цэглы), я наманіў бацькам, што тэхнікум пасылае нас у краяведчы паход — працяг практыкі, i, выпрасіўшы ў маці нейкую дзесятку, паехаў да Машы. Бацька быў узлаваны: траціўся такі памочнік у час сенакосу i жніва.
— Ту рак ты, а не турыст, — казаў ён.
«Турак» у бацькі была як лаянка на чалавека няцямнага, нядбайнага, хітрага, які адлыньваў ад фізічнай працы, іншай працы бацька не прызнаваў; нават тое, што рабілі ваенныя інжынеры, будуючы аэрадром, не лічыў за працу: «Прахалоджваюцца начальнічкі!» Калі гасціў у мяне, сталага літаратара, i Маша адарвала мяне ад стала нейкім гаспадарчым даручэннем, а я сказаў, што мне трэба працаваць, бацька хмыкнуў:
— Хіба гэта работа?
— А за што ж мне грошы плацяць?
— За розум.
Такі ён быў, бацька мой Пятро Мінавіч.
У 1954 годзе я паехаў турыстам у Югаславію. Ездзілі 21 дзень — доўга. Югаславія зачаравала мяне — прырода i людзі, хоць да савецкіх некаторыя яшчэ адносіліся з насцярогай. I, аднак, нідзе, хіба толькі пазней у Нью-Йорку, я не перажываў такога смутку — па Машы, па дзецях: шасцігадовай Тані, чатырохгадовым Сашы. Смутак нараджаў успамін, гісторыю нашага кахання, нашага жыцця. I ў адну з бяссонных начэй я сказаў сабе: дык вось жа яна, гатовая аповесць, бадай, самая праўдзівая з усяго, што я напісаў. Нічога не трэба выдумляць, шукаць сюжэтныя хады, кампазіцыйныя рашэнні. Усё падказвала ўласная біяграфія. Прыехаў дадому i, можа, за якія два-тры месяцы «выдыхнуў» «Непаўторную вясну».
Але, усё было так, як напісалася. I лепш ніводзін перыяд сваёй біяграфіі я не напішу i зараз, у сталыя гады, пазнаўшы (ці забыўшы ўжо?) усе тайны творчасці. Так я ляжаў на ўзбочыне дарогі ля чыгуначнага пераезда на выездзе з Рэчыцы — чакаў машыны. Не дачакаўся. Колькі ў 1939 годзе хадзіла машын па палявых дарогах? I пайшоў пехатой — «усяго» 30 вёрст, зняўшы свае парусінавыя чаравікі, каб зусім не разваліліся. Перад Артукамі памыў у канаве ногі, абуўся i — вось я, Маша, твой жаніх, як мяне ахрысцілі ў вёсцы. Маша, хоць i адказала на мае пісьмо «прыязджай», — моцна збянтэжылася, пасля прызналася, што, угледзеўшы мяне, схавалася ў садзе i доўга вырашала, што рабіць.
Гаспадыня, удава, маці дваіх дзяцей, сустрэла мяне непрыветліва.
— А хто ты ёй?
Разгублены, я недарэчна зманіў:
— Брат.
Мана мая яўна не спадабалася Ані, i, можа, праз гэта яна выяўляла сваю непрыязнасць ва ўсе дні майго гасцявання. Колькі часу я гасціў? Тыдзень, пэўна, а можа, i больш. Жылі бедна, i для гаспадыні лішні ядок быў у наклад. Помню, у той першы вечар частавалі мяне конаўкай малака з акрайцам чэрствага касцістага хлеба. Але хіба не так я вячэраў дома, у бацькоў?
He ласункі мне патрэбны былі. Маша! Перакананне, што яна кахае мяне па-ранейшаму. Амбулаторыя, дзе фельчарыца была поўнай гаспадыняй, размяшчалася ў суседняй хаце раскулачаных. I мы праводзілі час там. Мы цалаваліся. Але пра большае я i падумаць не адважваўся — такая цнатлівасць жыла ў нас, васемнаццацігадовых.