Выбрать главу

Сняданне было тым нядоўгім часам, калі яны заставался адзін на адзін, i Вікенцій Паўлавіч расказваў жонцы пра свае справы; разумеў, што гэта хораша ix звязвае. Так ужо павялося дваццаць тры гады назад, — з дня вяселля — яны давяралі адно аднаму свае службовыя клопаты. Абедаў сумесных было нямнога, нават у выхадныя дні, вячэры — часцей, ды на вячэрах заўсёды прысутнічала дачка, чатырнаццацігадовая стракатуха Таня. Слухалі яе, між іншым, з цікавасцю: Таня ўмела расказваць пра школьныя прыгоды займальна, забаўна, з гумарам.

Раніцою i дачка, i сын рана беглі ў школу, універсітэт. Губернатар ледзьве не штодня затрымліваўся ў кабінеце да позняга вечара. А на работу ніколі не з'яўляўся раней дзевяці гадзін раніцы.

Вікенцій Паўлавіч разумеў: калі ён хоць раз прыйдзе раней, гэта прымусіць змяніць свой рэжым многіх людзей: намеснікаў, сакратарку, ахоўніка, шафёра. А гэтага ён не мог дазволіць, рабіў усё з аглядкай на нормы маралі, этыкет; крый Божа, не даць сабе, як кажуць, забурэць, стаць уладаром: што хачу, тое i варачу. Застацца чалавекам! З яго бяруць прыклад. Хоць той жа Іван не прызнае яго нормаў i часам нават кпіць з яго.

Ён адказваў жартам, але часам i трывожыўся: Іван падмінае пад сябе ўсіх, нават намеснікаў губернатара i яго прымушае часам ісці на змову са сваім сумленнем. Бываюць сітуацыі, калі без Івана разабрацца немагчыма, a ў таго вопыт першага сакратара райкама, у яго, як здаецца часам, нарыхтаваны адказы на ўсе пытанні складанага жыцця.

Марыя Іванаўна сядзела насупраць, праз стол, i глядзела на мужа неяк нязвыкла, яму здавалася пільней, чым звычайна, але па-ранейшаму ўлюбёна, што яго заўсёды кранала: без малога чвэрць стагоддзя разам i — такая закаханасць! Напісаў бы сучасны пісьменнік — не паверылі б: тургенеўская гераіня.

— Ну як твой Іван? Камандуе?

— О, Іван! Іван — геній! Геній па вядзенні спраў.

— Не перабольшваеш яго здольнасцей?

— Іванавы таленты перабольшыць немагчыма. Я кажу табе:геній!

Марыя Іванаўна засмяялася.

— Не забывай, што я неўрапатолаг, а значыцца, трохі псіхолаг. Твая ўлюбёнасць у людзей — чэхаўская. Але, бывала, што яна i падводзіла цябе.

— Бывала.

— Добра, што ты самакрытычны.

— Ад цябе набраўся. У маладосці я быў ганарысты, самалюбівы.

— Ці не гэта прымусіла цябе выбірацца з такой непрыкметнай пасады ў тузы? Мяне страх апанаваў, калі я пачула вынікі выбараў. Жах! Мой Віця — губернатар. Да кампаніі я з гумарам адносілася: няхай пацешыцца...

— Невысокай ты думкі пра свайго Богам дадзенага...

— Ды не. Думкі я высокай. Але на такой вышыні i ў сне цябе не бачыла... Але ты еш. Ты мала ясі. Пахудзеў. Ці добра вас там кормяць у вашай сталоўцы?

— Не бойся, губернатар з голаду не памрэ. Праўда, я рэдка іду ў залу начальства, а падсаджваюся да каго-небудзь з супрацоўнікаў у агульнай зале...

— I пра цябе ходзяць легенды.

— Легенды — гэта ўзнагарода. Горш, калі пачнуць расказваць анекдоты.

— Людзям не забароніш. Усё могуць сачыніць.

— А як твая новая сакратарка?

Такі нечаканы жончын пераход трохі здзівіў i насцярожыў. «Ужо пусцілі плётку? Не было ж ніякіх падстаў».

— Ты ж яе ведаеш.

— Ды як ведаю. Яна — у райвыканкаме, я — у бальніцы. Ды ў тым пятнаццацітысячным гарадку бадай усе ведалі адзін аднаго, інтэлігенты — напэўна. Асабліва мы, урачы. Але Ганна Фядосаўна пацыенткай маёй не была. Нервы ў яе ў парадку. Наколькі яна маладзейшая за мяне?

Ён ведаў дакладна год нараджэння сакратаркі, але чамусьці не сказаў, хоць пасля дакараў сябе за гэтую... баязлівасць ці што? Дзіўна!

— Яе старэйшая дачка равесніца нашай Тані.

— Мужа яе я помню лепш. Яго радыкуліт мучыў. Калі наведвала дома, пазнаёмілася i з жонкай. А так... дзе сустрэцца замужнім? У магазіне. На рынку. На танцы вы нас не вадзілі. л

— Мы з табой хадзілі...

— Хадзілі. I ты раўнаваў мяне да маладых хлопцаў.

— Яшчэ б! А раптам адбіў бы каторы...

— Ад цябе ніхто не адбіў бы.

— Так кахала?

— Так кахала...

— Я табе хачу сказаць: мне падабаецца твой выгляд у апошнія дні. Ты паружавела... Папрыгажэла. Не баліць?

Марыя Іванаўна неяк крыва пасміхнулася:

— I ты так доўга насіў такі камплімент? Не баліць. I аналізы лепшыя, хоць кроў яшчэ не ў норме.

Месяцы чатыры назад яна перанесла нялёгкую аперацыю — выразалі матку. Як ён перадрыжэў тады: a калі рак? Не ўяўляў свайго жыцця без яе. На шчасце, фібрыёма была дабраякасная. Можа, ад радасці i пачаў удзельнічаць у выбарах, бо тады, упэўнены чамусьці ў сваёй перамозе, падумаў: «Паднясу Машы падарунак».

— Сёння табе будзе сюрпрыз, — спыніла Маша яго ўспаміны.