Выбрать главу

— Які?

— Толя сказаў, што прывядзе паказаць сваю дзяўчыну.

— Ён што, жаніцца збіраецца?

— Усё можа быць. На апошнім курсе хлопец...

— Вушы яму яшчэ трэба надзёрці.

— А Божа! Які ты кансерватар. Сам ажаніўся ў дваццаць. A Толіку — дваццаць адзін...

— Прыраўняла.

Марыя весела засмяялася.

— Ну i ну! Табе можна, яму — нельга? Няхай жэніцца. Ты толькі не пазніся. I дай мне грошай. Трэба падрыхтавацца. Дзяўчына будзе ў доме...

— А што, ад маёй зарплаты не засталося?..

— Дарагі мой губернатар! Ты не бываеш у магазінах.

— Бываю.

— Але не купляеш. I не ўлічваеш, што ў цябе такія дзеці. Толя i так адзеты горш за іншых студэнтаў. Мне сорамна.

— Затое Таньку ты адзяваеш што прынцэсу.

— Таня ўмее ўзяць асадай. A Толіку ўсё роўна, што на ім. Што, ты надзенеш дзіравыя джынсы? А гэта, кажа, модна.

— Каб ты не цягалася па магазінах, я прышлю прадукты. Дыктуй, што трэба.

— Ты сам паедзеш у магазін? — Марыя Іванаўна бадай жа спалохалася.

— Сам не паеду. Не пусцяць. Ты ж знаеш, як мяне ахоўваюць. Цароў так не ахоўвалі.

— Усё правільна. Ахоўваць цябе трэба, ты так ваюеш з мафіяй. Не рабі такіх жорсткіх заяў. Слухаю па радыё, i... сэрца замірае. Бяда мая, што я ў ахову тваю не вельмі веру.

— Дарэмна. Палавінка надзейны. Да таго ж ён пад кантролем у Івана.

— Ох, Іван!..

— Чаму ўздыхаеш? Івану цаны няма.

— Цаны няма — гэта праўда.

— У магазін я не пайду, не бойся, даручу Івану, — намерваўся даручыць пакупку прадуктаў Ганне Фядосаўне, але не хапіла рашучасці сказаць пра гэта Машы, таму i пераключыўся на Івана.

— A Іван твой возьме са склада сталоўкі, i пісакі «Народнага сейма» заўтра напішуць, адкуль губернатар бярэ прадукты.

— Усяго ты баішся. Я папярэджу. I дам грошы.

— Ёсць яны ў цябе? Дык дай мне.

— Вазьму аванс. У касе заўсёды грошы ёсць. Слухай, a жаніх наш хоць сказаў, што за дзяўчына?

— Студэнтка.

— Вычарпальная характарыстыка, — засмяяўся Вікенцій Паўлавіч. — Дык чакай Сцяпана з прадуктамі.

На пачатку сваёй дзейнасці губернатар хадзіў на працу i з працы пехатой, як не настойвалі на паездках Залоза i начальнік аховы Міхаіл Палавінка. Не ўгаварылі. Але здарылася надзвычайная падзея: позна ўвечары, калі ён сядзеў за сталом, шыбу ў яго кабінеце прабіла куля. Стрэлу не чуў, зброя яўна была з глушыцелем. Але адкуль? Насупраць Дома Саветаў — абласная пракуратура. Ён жартаваў: ці не з кабінета пракурора? Але іншыя не жартавалі. Стрэл гэты распісалі не толькі абласныя, але i цэнтральныя газеты. З Камітэта дзяржбяспекі прыйшла ва ўпраўленне доўгая інструкцыя — як ахоўваць высокіх дзяржаўных чыноў. Ён кпіў з яе, прачытаўшы, але для начальніка аховы інструкцыя — закон. Прымусілі яго ездзіць i на працу, i з працы.

Сёння пасля размовы з жонкай, ад думак пра сына, які напэўна ж абвесціць, што хоча ажаніцца, настрой яго чамусьці ўзняўся да гуллівасці, да гарэзлівасці.

«Мерседэс-600» стаяў каля самага ганку. У доме ўсе дзеючыя пад'езды былі са двара, але губернатарскі адчынілі з вуліцы, паставілі новыя дзверы, паклалі мармуровыя ўсходцы; ён нават не агледзеўся, калі гэта зрабілі, i пасля яму засталося толькі паківаць Івану пальцам. Ды з таго, што з гускі вада.

Палавінка выскачыў з машыны, аббег вакол яе, адчыніў дзверку; ездзілі па-заходняму: гаспадар на заднім сядзенні, ахоўнік — побач з шаферам. Але Вікенцій Паўлавіч не сеў у машыну.

— Давай, Міхаіл, прагуляемся. Глядзі, якая раніца! Сонца. Першы марозец. А то развучымся хадзіць.

— Ох, падставіце вы мяне, Вікенцій Паўлавіч.

— Не бойся. Без мяне цябе з пасады не зволяць.

— А машыну куды?

— Няхай едзе ў гараж.

— А можа, лепш, каб ехала за намі?

— Без гумара ты чалавек, Палавінка. Хочаш трапіць у анекдот? Ды i мяне падстаўляеш. Уяўляеш, што скажуць людзі... Ідзе губернатар, а машына — следам з хуткасцю пешахода. Мудроны так гуляў?

— Хутка вы пераедзеце ў кватэру Мудронага, у доме абкама... I нам будзе лягчэй...

— Я пераеду? — здзівіўся губернатар.

— А што, Іван Яўменавіч не сказаў? Не выдавайце мяне.

— I ты баішся Івана? Страшней за зайца звера няма?

— Не кажыце.

— Дык Іван мяне без мяне ажаніў?

Гэты сюрпрыз ашаламіў. Ён кіпеў гневам. Ажно пачаў цяжка дыхаць.

— Вы, відаць, прастуджаны, што ў вас адышка? — спытаў Палавінка.

— З вамі, з чарцямі не прастуду, a інфаркт нажывеш. Hi прагуляцца, ні падыхаць спакойна.

— Я тут ні пры чым. Я — палавінка, — заўсёдны жарт ахоўніка, які смяшыў звычайна i вымушаў пажангліраваць словамі. Але цяпер было не да жартаў.